У баях пад Белгарадам ліквідаваны камандзір палка УС РФ
5- 7.06.2023, 16:10
- 15,694
Таксама паранены камандзір батальёна.
Расейскае войска панесла вялікія страты ў баях за Новую Тавалжанку, што ў Белгародскай вобласці. У баях супраць расейскіх добраахвотнікаў быў ліквідаваны камандзір 1009-га мотастралковага палка УС РФ Уладзімір Кузняцоў пад пазыўным «Улан».
Інфармацыя аб развітанні з высокапастаўленым вайскоўцам з'явілася ў расейскіх пабліках. Гэтыя паведамленні выявіў блогер Necro Mancer.
«Нам паведамілі пра гібель камандзіра мотастралковага 1009-га палка, які ваяваў пад пазыўным «Улан»… Вялікія страты панеслі 8-я і 9-я роты палка. Паводле апошніх звестак, 8-я рота патрапіла ў аблогу…Таксама паранены камандзір 3-га батальёна 1009 палка з пазыўным «Вандроўца», - паведамілі расейцы.
Вядома, што загінулы камандзір палка - гэта палкоўнік УС РФ Уладзімір Кузняцоў з горада Істры, што ў Маскоўскай вобласці. Развітанне з ім адбудзецца заўтра, 8 чэрвеня.
Параненага камбата пакуль апазнаць не ўдалося.
Адзначым, што расейскія апалчэнцы, якія ваююць супраць пуцінскага рэжыму, у апошні час рэгулярна здзяйсняюць рэйды ў Белгародскую вобласць. Яны карыстаюцца тым, што расейскае войска, якое захраснула ў вайне супраць Украіны, практычна не кантралюе ўласныя межы. Цяпер баявыя дзеянні перакінуліся на тэрыторыю Расеі. Масква перакідвае туды войска ў спробе стабілізаваць сітуацыю.