Аварыя на Светлагорскім ЦКК: Загінулі тры чалавекі
16- 7.06.2023, 20:17
- 34,416
Яшчэ чацвёра супрацоўнікаў пацярпелі.
Падчас пошукава-выратавальных працаў на месцы аварыі знойдзеныя парэшткі, як мяркуецца, траіх чалавек, паведамляюць «Светлагорскія Навіны» са спасылкай на кіраўніка светлагорскага РАНС Андрэя Высоцкага.
Разбор завалаў і пошукавыя працы прадаўжаюцца.
Сёння днём выбух адбыўся на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску.
Як расказалі «Радыё Свабода» крыніцы, «выбух быў такі, нібы бомба ўпала», яго было чуваць у суседняй з заводам вёсцы Якімава Слабада.
Старшыня Светлагорскага райвыканкама Зміцер Шабетнік даў каментар пра здарэнне мясцоваму выданню.
Паводле ягоных словаў, з 2 чэрвеня завод беленай цэлюлозы Светлагорскага ЦКК знаходзіўся на афіцыйным прыпынку. Пры правядзенні прафілактычных і рамонтных працаў у цэху выпарвання шкіпінару пры прамыванні цеплаабменніка адбыўся выбух.
На прадпрыемстве працуе камісія для высвятлення прычынаў таго, што адбылося. «Пагрозы для жыцця і здароўя насельніцтва няма», – сказаў чыноўнік.
У прэс-службе Міністэрства аховы здароўя заявілі пра чатырох пацярпелых. У іх дыягнаставаныя павярхоўныя раны галавы і апёкі рук. Яны атрымалі дапамогу на месцы.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле арт. 302 КК РБ (парушэнне правілаў вытворча-тэхнічнай дысцыпліны, правілаў бяспекі на выбухованебяспечных прадпрыемствах або ў выбухованебяспечных цэхах або правілаў бяспекі выбухованебяспечных працаў).
У 2020 годзе на ЦКК у выніку выбуху на чане ракітавай алівы загінуў чалавек – 40-гадовы зваршчык Аляксандр Русіновіч.