5 траўня 2024, Нядзеля, 17:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску затрымалі жонку палітычнага вязня Вячаслава Лазарава

8
У Віцебску затрымалі жонку палітычнага вязня Вячаслава Лазарава
ТАЦЦЯНА ПЫЦЬКО

Ейную аднагадовую дачку адправілі ў дзіцячую лякарню.

Затрыманне Таццяны Пыцько адбылося ўвечары 6 чэрвеня, і жанчына дагэтуль знаходзіцца пад вартай. Дачку, якой днямі споўніўся год і адзін месяц, накіравалі ў дзіцячы шпіталь — так робіцца ў тых выпадках, калі ў дзіцяці няма побач блізкіх сваякоў або апекуноў, паведамляе БАЖ.

Праваабаронцы маюць падставы меркаваць, што затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Але пакуль немагчыма сказаць, ці затрыманая Таццяна Пыцько ў той жа справе, якая тычыцца ейнага мужа.

Відэаператара-фрылансера Вячаслава Лазарава абвінавачваюць паводле арт.361-4 Крымінальнага кодэкса («спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з незалежным СМІ, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Ужо 4 месяцы яго трымаюць у віцебскім следчым ізалятары.

Сябры адзначаюць, што ёсць праблемы з перапіскай: доўгі час ад Вячаслава няма ніякіх звестак. Таму невядома, на якім этапе знаходзіцца расследаванне ягонай справы і ці скора яна трапіць у суд. Маці мела адзінае спатканне з ім - неўзабаве пасля затрымання. Больш спатканняў ёй не даюць.

Вячаслаў Лазараў не мае адваката. Цяпер гэта звыклая сітуацыя для ўсёй Беларусі: абаронцы асцерагаюцца займацца справамі "палітычных", каб не страціць працу.

У распараджэнні следства знаходзіцца арганізацыйная тэхніка Вячаслава Лазарава. У дзень затрымання 9 лютага на месцы ягонай рэгістрацыі міліцыянты зрабілі ператрус: забралі мабільныя тэлефоны, відэакамеру ды іншую апаратуру.

Таксама ператрус карнікі правялі на месцы жыхарства ягонай жонкі Таццяны Пыцько, якая жыла асобна. З кватэры Таццяны забралі кампутар і два тэлефоны. Ёсць імавернасць, што следчыя знайшлі там нешта такое, што прынялі за падазронае.

У 2018 і ў 2019 годзе Вячаслава Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч.2 арт.22.9 КоАП за "незаконны выраб прадукцыі СМІ". Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава затрымлівалі за фатаграфаванне «аўтазакаў», але тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без складання пратакола. Таццяну Пыцько таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: у 2020 годзе яе аштрафавалі за ўдзел у "несанкцыянаваных акцыях".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках