УСУ пайшлі ў наступ адразу на трох дзялянках і прарвалі расейскую абарону
2- 9.06.2023, 7:58
- 30,794
Украінскае войска дабілася поспехаў на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей.
Сілы абароны Украіны правялі серыю контрнаступальных аперацый сама меней на трох дзялянках фронту ў рамках шырэйшых дзеянняў, што разгортваліся з 4 чэрвеня. Украіна, мабыць, увяла ў дзеянне толькі частку вялікага рэзэрву сіл.
Да такіх высноў прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Таксама ўкраінскія абаронцы здзейснілі абмежаваную значную атаку ў заходняй частцы Запарожскай вобласці.
Аналітыкі ISW спасылаюцца на словы афіцыйных украінскіх асоб, якія паведамілі, што УСУ перайшлі ад абароны да наступу на Бахмуцкім кірунку і дасягаюць прасоўвання ад 200 м да 2 км на флангах места.
Адзначаецца, што 4 чэрвеня падраздзяленні УСУ дамагліся тактычных поспехаў падчас контратак на захадзе Данецкай вобласці - на мяжы з Запарожскай.
"Акрамя таго, украінскія войскі здзейснілі атаку на захадзе Запарожскай вобласці ўночы з 7 на 8 чэрвеня", – кажуць у ISW.
Амэрыканскія спецыялісты назвалі гэтую атаку "істотнай". Паводле іхніх звестак, акупантам давялося абараняцца ад яе "дактрынальным чынам". Позна ўначы 7 чэрвеня расейскія крыніцы пачалі скардзіцца, што часткі ўкраінскіх брыгад, «надоечы абсталяваных заходнім узбраеннем», пачалі атаку на паўднёвы захад ад Арэхава на Запарожжа.
Некалькі ваенных блогераў РФ сцвярджалі, што УСУ наступалі ўздоўж лініі Малая Токмачка - Полагі з мэтай прарваць расейскую абаронную лінію паміж Рабаціным і Вербавым (абодва паселішчы размешчаныя прыкладна за 15 км на паўднёвы ўсход ад Арэхава).
Прапагандысты прызналі, што ўкраінскія ваяры прарвалі першую лінію абароны расейцаў на гэтым кірунку. Яе ўтрымлівалі часціны 291-га і 70-га мотастралковых палкоў (42-я мотастралковая дывізія 58-й агульнавайсковай арміі паўднёвай вайсковай акругі) і 22-га і 45-га асобных гвардзейскіх палкоў УС РФ. Таксама там былі брыгады спецыяльнага прызначэння расейскага ГРУ.
«Даступныя геалакацыйныя кадры сведчаць аб тым, што абмежаваныя ўкраінскія сілы перайшлі трасу N08 Полагі - Васкрасенка», - гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны.
«Украінскія атакі на заходнім Запарожжы 8 чэрвеня не адлюстроўваюць поўны аб'ём ўкраінскіх магчымасцяў у цяперашнім контрнаступе. Да таго ж сілы расейскай паўднёвай вайсковай акругі, разгорнутыя ў гэтай канкрэтнай мясціне, імаверна, з'яўляюцца больш якаснай групоўкай, чым расейскае войска ў іншых частках тэатра баявых дзеянняў, і іхнія абаронныя паказчыкі наўрад будуць адлюстроўваць абаронныя магчымасці расейскіх груповак у іншых месцах фронту», - падагульнілі ў ISW.