3 траўня 2024, Пятніца, 17:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Фрыдман: «Белгародскі сцэнар» пазбавіць Лукашэнку галоўнага козыра

7
Аляксандр Фрыдман: «Белгародскі сцэнар» пазбавіць Лукашэнку галоўнага козыра
АЛЯКСАНДР ФРЫДМАН

У Расеі гэтага баяцца.

Лукашэнка заявіў, што Кахоўскую ГЭС узарвалі ўкраінцы, што кладзецца ў канву расейскай прапаганды. Таксама ён паўтарыў спрэчную інфармацыю расейскага Мінабароны аб стратах УСУ. Як Лукашэнка ператварыўся ў расейскага прапагандыста? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з палітолагам і гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.

- Лукашэнка даўно ўжо на хвалі расейскай прапаганды. Я думаю, тут сітуацыя можа быць больш складанай. Першае пытанне, якое ў гэтай сувязі можна задаць, ці верыць ён у тое, што кажа. Я дапускаю, што верыць, што да гэтых высноў Лукашэнка прыйшоў пад уплывам тых крыніц, якія мае. Мы ж не ведаем, якую інфармацыю ў выніку кладуць на ягоны стол. Цалкам можна ўявіць, што даклад ад Міністэрства абароны або аналітычная нататка ад КДБ, якія яму дасылаюць, менавіта гэтыя наратывы і змяшчаюць. Такой гісторыі я б не выключаў.

Таксама важны і кантэкст. Лукашэнка мае асаблівую цягу паўтараць расейскія прапагандысцкія наратывы, ён іх паўтарае практычна ва ўсіх сітуацыях і асабліва стараецца ў прысутнасці расейскіх афіцыйных асоб. Такая сітуацыя і была з Патрушавым, адным з архітэктараў вайны супраць Украіны, чалавекам, які ўжо праславіўся распаўсюджваннем адыёзных фальшывак аб ядзерным воблаку над заходняй Еўропай або аб падрыве Украінай Кахоўскай ГЭС. Ён, дарэчы, і ў Менску паўтарыў, што ўзарвалі ўкраінцы. Гэта Лукашэнкам было сказана і для расейскай аўдыторыі.

У такіх сітуацыях Лукашэнка імкнецца заўсёды паказаць, што ён галоўны хаўруснік, што ён адзіны хаўруснік. Ён падкрэсліваў гэта шмат разоў, спрабуючы павысіць сваё значэнне для Расеі. Лукашэнка гэта ўсё ахвотна паўтарае, але я не выключаў бы варыянту, што ён, магчыма, у гэта і верыць.

Я б вось яшчэ на што звярнуў увагу: калі Лукашэнка закрануў тэму ўкраінскіх страт, то ў яго вельмі дзіўная лічба прагучала, больш за дзве тысячы. Чаму дзіўная - яна не адпавядае афіцыйнай інфармацыі Міністэрства абароны Расеі. Калі я не памыляюся, лічба, якую яны абвясцілі, была відавочна не дзве тысячы, а бліжэйшая да чатырох. Гэта значна адрозніваецца ад таго, што назваў Лукашэнка.

Таму ўзнікае пытанне: а што гэта за дзве тысячы, адкуль яны ўзяліся, калі ў Расеі яны нідзе не фігуравалі? І чаму ён не паўтарыў тое, што абвясціў Шайгу? Чаму беларуская дзяржаўная прапаганда гэта ўсё тыражуе, цытуе і нават не спрабуе для сябе адказаць на пытанне, што гэта за лічба дзве тысячы, адкуль ён яе ўзяў?

Лукашэнка звычайна такія рэчы прамаўляе, калі адрываецца ад паперкі і ў яго пачынаецца так званая імправізацыя. Гэта якраз і быў той выпадак. Таму так, ён частка расейскага прапагандысцкага апарата, яго выкарыстоўваюць у поўнай меры, але ён адпрацоўвае і сваю ўласную праграму. Лукашэнка ўжо мае пэўны набор з тэзісаў, які сфармаваўся, і ён іх у той або іншай сітуацыі паўтарае. Нешта ідзе на першае месца, нешта ідзе на другое, але прынцыпова нічога не мяняецца, нічога такога новага ад Лукашэнкі мы не пачулі.

- Ён выдае гэтыя наборы з уласнай ініцыятывы? Ці пра гэта просіць Крэмль?

- Нейкія прынцыповыя элементы гэтага набору з Крамлём узгодненыя. Цалкам відавочна, што калі Лукашэнка паўтарае рэгулярна нейкія тэзісы, значыць, Крэмль з гэтым згодны, ніхто не паспрабаваў яму настукаць па галаве і сказаць: "Ты вось гэта больш не паўтарай, гэта больш не рабі". Лукашэнка ж добра ведае і Пуціна, і Патрушава, і астатнюю суполку, разумее, як яны думаюць. Яны ж абменьваюцца адзін з адным інфармацыяй, напэўна, шмат размоў праходзіць на Радзе Бяспекі, дзе яны гавораць зусім па-іншаму.

Лукашэнка ведае, што яны хочуць пачуць. Так, яму дадзеная пэўная самадзейнасць у тым сэнсе, што ён жа не б'е сябе ў грудзі і не паўтарае ўсё рыхт у рыхт. Яму можна гаварыць, што ён такі спецыфічны змагар за мір, што ён заўсёды хацеў, каб вайны не было, што вайну трэба спыніць усякім чынам. Такая пафасная «міралюбная рыторыка», абсалютна пустая, якая за сабой нічога не мае, вось гэта Лукашэнка можа гаварыць. Але як пабудаваныя ягоныя прамовы? Ідзе спачатку нешта ў гэтым кірунку, а потым адразу ж пачынаецца, што ён з Расеяй да канца і гэтак далей. То бок, пэўная самастойнасць ёсць, але яны чуюць тое, што ім хочацца пачуць, што Лукашэнка верны хаўруснік, што на ўсё ахвочы. Гэта для іх самае галоўнае. А пра нейкія гіпатэтычныя ўмовы — усё гэта ён можа развіваць. Для іх ніякай вастрыні ў гэтым няма. Ну, вось такую пазіцыю мае, няхай гаворыць.

Што, напэўна, узгоднена і дзе ад сябе быць не можа ў прынцыпе, дык гэта ядзерныя пытанні. Лукашэнку прынцыпова дазволена выказвацца на ядзерную тэму так, як ён выказваецца. Калі б ім гэта не падабалася і было не трэба, яму б далі зразумець, што на гэтую тэму гаварыць не варта. Я не ведаю, ці ўзгоднена гэта з Крамлём, але прынамсі ўхвалена, Расея не бачыць у гэтым праблемы.

- На пачатку года мы бачылі ваяжы Лукашэнкі ў Іран і Кітай, якія маглі адбывацца на просьбу Крамля, тэрыторыя Беларусі выкарыстоўвалася для абстрэлу Украіны, але цяпер няма ні абстрэлаў, дый роля «сувязнога» таксама не прыжылася. Лукашэнка ўвогуле патрэбны яшчэ Крамлю або становіцца дакукай?

- Я не думаю, што ён быў сувязным першапачаткова. Лукашэнка не тая фігура, якую можна выкарыстоўваць у якасці сувязнога звяна. Вы ж павінны гэтаму чалавеку давяраць, Вы ж не пашляце таго, каму Вы ў прынцыпе не давяраеце і хто сябе зарэкамендаваў як даволі складаны партнёр.

Акрамя таго, ён жа зусім неідэйны. Так, Лукашэнка сам сказаў: "Мы ў адной лодцы апынуліся, давайце разам выкарасквацца". Але ж ён не быў тым, хто з разбегу скокнуў у гэтую лодку, так склаліся абставіны. Ён абраў гэты шлях, тут пытанняў увогуле ніякіх няма, але гэта не тая сітуацыя, у якой ён хацеў бы апынуцца. Калі б ён хацеў большага, калі б ён з Расеяй ахвочы быў, як ён падкрэслівае, сапраўды ісці да канца, то даўно ўзровень супрацоўніцтва мог бы быць зусім іншы. Лукашэнка мог бы выяўляць ініцыятыву, ён мог бы прапаноўваць беларускае войска, ён мог бы сам прапаноўваць беларускую тэрыторыю ды іншае. Але ён гэтага не робіць. Лукашэнка разумее, што гэта можа пагражаць непрыемнымі наступствамі.

А што да сваёй ролі як хаўрусніка, так, ён яе падкрэслівае на словах вельмі актыўна. Але гэта такі тыповы для Лукашэнкі продаж паветра ў тым сэнсе, што ён будзе прысягаць Крамлю ў каханні, што ён хаўруснік і што ўсё зробіць. Але мэта гэтага ўсяго — каб яго не чапалі, каб сапраўды яго не прыціснулі і не сказалі: "А вось давайце адправім беларускае войска, а давайце біць з тэрыторыі Беларусі, каб адкрыць дадатковы фронт".

Яны гэтага не робяць не праз тое, што Лукашэнка супраціўляецца. Ён, вядома ж, супраціўляецца, яму гэта не падабаецца, ён гэтаму супрацьстаіць. Але калі б Расея ўжо хацела гэта зрабіць, яны б гэта зрабілі. У гэтым выпадку яны сапраўды баяцца паўтарэння «Белгародскага сцэнару», які на сённяшні дзень відавочны.

Калі з тэрыторыі Беларусі будзе нанесены ўдар па тэрыторыі Украіны, будзе удар у адказ з украінскай стараны. Не выключанае з'яўленне нейкіх дыверсійных груп на тэрыторыі Беларусі. А, магчыма, полк Каліноўскага могуць зняць і адправіць бліжэй да беларуска-украінскай мяжы. Адпаведна, гэта можа стварыць для Лукашэнкі дадатковыя непрыемныя моманты.

Але і Расея ў гэтым не зацікаўленая. Яны, я думаю, разумеюць, што сітуацыя з Лукашэнкам не настолькі стабільная, як гэта можа здавацца збоку. Расея ведае, якія настроі ў Беларусі, яны ведаюць, што дух пратэстаў цалкам не вычхаўся. І яны, напэўна, разумеюць, што беларускае войска - гэта не зусім такая простая гісторыя ў тым сэнсе, што яно зладзіць годны супраціў. Таму яны вельмі не хацелі б, каб Беларусь ператварылася ў Белгародскую вобласць, бо пасля гэтага ў Беларусі магчымая турбулентнасць.

У Расеі турбулентнасці не адбылося. Белгародская вобласць з'яўляецца арэнай баявых дзеянняў, расейскае грамадства ў сацыяльных сетках нешта выказвае, нешта там гаворыцца, нешта пішуць блогеры, але ў цэлым шокавага стану ў Расеі не назіраецца. Я думаю, што большасць далей жыве сваім жыццём, не надта зважаючы на тое, што адбываецца ў Белгарадзе.

Беларусь - кампактная краіна, тут усё інакш ідзе. Калі такое пачнецца на тэрыторыі Беларусі, то Лукашэнка страціць свой галоўны козыр на гэты момант. А козыр ягоны, які ён увесь час падкрэслівае, што «так, мы нібы з Расеяй, але вайны ж на нашай тэрыторыі няма, мы ў ёй не ўдзельнічаем». У той момант, калі Лукашэнка апынецца ў вайне, па-сапраўднаму ў вайне, калі вайна прыйдзе ў Беларусь не на экранах тэлевізараў, а ў рэчаіснасці, настроі ў насельніцтва могуць вельмі хутка змяніцца. Нейкае закісанне магчымае нават у беларускай наменклатуры. Гэта таксама нельга выключаць, і гэта Лукашэнку зусім не на карысць.

- Мы бачым, што ў непрыемны для сябе момант Крэмль дастаў з рукава карту падрыву Кахоўскай ГЭС. Як Крэмль можа выкарыстоўваць Лукашэнку ў вайне?

- Калі паглядзець на гісторыю з Кахоўскай ГЭС, там жа магчымыя варыянты. Я таксама сыходжу з таго, што гэта, безумоўна, расейская акцыя. Але расейская акцыя можа быць розная — гэта можа быць мэтанакіраваная гісторыя, а можа быць гісторыя нядбальства, дылетантызму і непрафесійнасці.

Расейцы, якія гэта рабілі, маглі проста не ацаніць маштабы, гэта абсалютна магчыма. Не трэба перабольшваць узровень ведаў, планавання і іншага сярод расейскіх афіцэраў. За час вайны яны паказалі, на што здольныя, у тым ліку і ў дачыненні да рознага кшталту тэхнагенных катастроф. Дастаткова прыгадаць, як яны блукалі па Чарнобыльскай зоне, як яны там акопваліся, як наплявалі на ўсе радыяцыйныя захады бяспекі. Таму такі варыянт таксама нельга выключаць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках