ЗША ўвялі санкцыі супраць Расейскай акадэміі навук
4- 3.08.2023, 21:54
- 7,014
Пад абмежаванні патрапілі тры інстытуты РАН.
ЗША ўключылі ў санкцыйны спіс структуры Расейскай акадэміі навук. Пад абмежаванні патрапілі Інстытут агульнай фізікі імя А.М.Прохарава РАН, Казанскі навуковы цэнтр РАН і Інстытут фізікі цвёрдага цела імя Ю.А. Асіп'яна РАН, гаворыцца ў паведамленні Управы кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) ЗША.
Апошні ўжо быў пад санкцыямі - аб увядзенні абмежаванняў супраць яго паведамлялася ў верасні мінулага года. ЗША сцвярджалі, што Інстытут парушаў амэрыканскі рэжым экспартнага кантролю.
Супраць Казанскага навуковага цэнтра РАН таксама ўжо былі абмежаванні ў ліпені гэтага года. Разам з ім у чорны спіс амерыканскага Мінфіна ўключылі Казанскі парахавы завод.
Акрамя даследчых устаноў санкцыі закранулі расейскія кантэйнерныя судны Sasco Angara і Paramushir, якія належаць "Сахалінскаму марскому параходству" (SASCO). Кампанія забяспечвае лагістычную падтрымку расейскіх праектаў у галіне энэргетыкі.
Таксама пад абмежаваннямі трапіў 59-гадовы бізнэсовец Анатоль Смолін. Мінфін ЗША мяркуе, што ён звязаны з расейска-ўкраінскай прыватнай вайсковай кампаніяй «Вега» (Vega Strategic Services). Расследавальнікі з Conflict Intelligence адзначалі, што з 2018 года гэтая ПВК працавала ў Сірыі ў інтарэсах Башара Асада з ведама Расеі. Што да Смоліна, паводле звестак журналістаў, ён быў яе дырэктарам, і ў розныя гады працаваў у КДБ СССР і ў МУС Украіны.
Апроч гэтага ЗША выключылі з санкцыйнага спісу яхту Addiction пад сцягам Мальты. Са звестак ведамства, яе ўладальнікам з'яўляецца заснавальнік Yota Сяргей Адоньеў, які патрапіў у блок-ліст у студзені гэтага года.
Таксама з-пад санкцый быў выведзены трэнер скакавых коней Саціш Сімар з ААЭ.