7 траўня 2024, aўторак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Свет глядзеў на нас, вылупіўшы вочы

10
Вольга Нікалайчык: Свет глядзеў на нас, вылупіўшы вочы
Вольга Нікалайчык

9 жніўня быў сапраўдны «дзень Х».

Грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Нікалайчык - сапраўдная легенда беларускіх пратэстаў. Мала які мітынг у Менску з пачатку 90-х абыходзіўся без яе ўдзелу.

Як пачыналася беларуская рэвалюцыя? Хто быў сапраўдным лідарам пратэстаў? На што сёння спадзяецца смелая беларуска?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з Вольгай Нікалайчык.

«У мяне быў шок. Бо я чакала вялікага тэрміну»

- Падчас пачатку так званай перадвыбарнай кампаніі ў 2020 годзе мы з Паўлам Севярынцам стаялі з мегафонам і, мякка кажучы, вельмі жорстка крытыкавалі дыктатуру і ўзурпатара Лукашэнку. Мы не перабіралі, рыторыка была вельмі цвёрдая.

У гэты час стаялі вялізныя чэргі ад Камароўскага рынку да ЦУМа і далей. Гэта вельмі напужала сілавікоў, і рэжым, і самога дыктатара.

Нас з Севярынцам «запакавалі» і змясцілі ў карцары, якія падзяляла сценка. Амаль месяц я там знаходзілася.

Калі казаць аб умовах - адключылі халодную і гарачую ваду. Я была ў лёгкіх штанах і жаночым пінжаку. Уначы ў той час было 9 градусаў, а накрыцца не было чым. Голая шконка з дрэва і жалеза. Выратавала толькі бутэлька ад газіроўкі, якая замяняла мне падушку.

Не было ні перадач, ні сустрэч. Вывелі мяне на шпацыр толькі адзін раз, за некалькі дзён да вызвалення, калі ў мяне падскочыў ціск. Не давалі нават грэбня.

Я захварэла на каранавірус. Узнімаўся ціск, у галаве былі шумы. Два дні быў такі стан, што мне падавалася, што я знаходжуся ў нейкім бункеры ў Румыніі, а людзі мяне шукаюць. Ад недасыпання пачаліся галюцынацыі.

Нічога не магу сказаць, лекары паставіліся да мяне максімальна адказна. Я нават дзівілася, што ім дазвалялі ўначы падыходзіць да акенца і даваць мне таблеткі.

У мяне і ногі ацяклі, як у слана. Бо цэлы дзень ты сядзіш, шконку толькі на ноч апускаюць. Ты знаходзішся на лаўцы, прыкручанай да падлогі. Гэта не такая лаўка, на якой мы сядзім у бабуляў-дзядуляў у вёсцы, а вельмі вузкая. За дзень сядзення на ёй у цябе проста застаецца чорны квадрат на целе. У цябе няма нічога, толькі маленькі столік, як у аўтобусе ці самалёце. Ёсць яшчэ рукамыйнік і так званы «штуршок». А вады няма, я брала іх турэмную баланду, каб мыць прыбіральню.

Затым мяне выпусцілі, хаця думала, што мяне ўжо вязуць на «Валадарку» і заведзеная крымінальная справа. А тут «вертухай» раптам кажа: «Нікалайчык, бяры свае рэчы і выходзь». У мяне быў шок. Бо я думала, што буду сядзець вялікі тэрмін.

«9 жніўня быў сапраўдны «дзень Х»

Калі мяне выпусцілі, нас сустракала шмат людзей. Самае першае, што мне сказалі: «Ты не ўяўляеш, што зараз адбываецца». Адны мае знаёмыя расказалі, што напісалі мне сорак паштовак. А мне выдалі толькі шэсць лістоў, хаця нам з Паўлам адправілі блізу дзвюх тысяч. Толькі ўявіце, якімі скрынямі ад нас хаваюць лісты, калі толькі за месяц іх было дзве тысячы. Менавіта дзякуючы гэтай салідарнасці, дзякуючы націску людзей, нас выпусцілі.

На наступны дзень у мяне дома пачаўся ператрус. У мяне ўвесь гэты час жыў адзін актывіст, на якога пасля завялі крымінальную справу. Літаральна перад ператрусам мы паспелі вывезці ўсю тэхніку, ноўтбукі тэлефоны. Праз гадзіну заявілася банда «мусароў». Яны не пакінулі жывога месца ад дома. Тапталіся па маіх асабістых рэчах: дысках, фатаграфіях мамы, бабулі, старых кружэлках.

Яны былі вельмі злыя, бо ад кампутараў застаўся толькі след на падлозе - квадраты, вакол якіх быў пыл.

Пасля мы пачалі дзейнічаць: выходзіць на акцыі, рабіць стрымы, фатаграфіі.

9 жніўня быў сапраўдны «дзень Х». З адным з актывістаў мы пайшлі ў цэнтр, дзе ўсё адбывалася. Мы былі каля стэлы, у самай гушчы пратэстаў. Я апранулася, як кажуць, як у турму. А затым толькі зразумела, што сапраўды тамака магла апынуцца. Бо мы былі на пратэстах да моманту разгону.

Мы проста не ведалі, куды нам пайсці. Была зачыстка, як у ваенны час: з сабакамі, стрэльбамі, гумовымі кулямі і святлошумавымі гранатамі. Людзі разбягаліся ў розныя бакі, але ўсё перацята.

Я сказала майму сябру: «Давай проста схаваемся пад нейкімі кустамі». Бо перад нашымі вачамі сотні сілавікоў закідвалі беларусаў у аўтазакі.

Нам пашанцавала, што я добра ведаю гэты раён. Ішлі дварамі, праз дзіцячыя садкі. Людзі, якія ўпершыню ўдзельнічалі ў акцыях, беглі пад святлом ліхтароў, калонамі. Гэта была памылка, бо іх адразу групамі і забіралі.

Мы выйшлі да дома, дзе быў адкрыты пад'езд, там і схаваліся. Прасядзелі ў сутарэнні да пяці раніцы. Інтэрнэт працаваў, але стаялі крыкі, грукат, аўтаматныя чэргі, брэх сабак.

А шостай раніцы мой таварыш спісаўся з мамай. Яна вывезла нас на аўто. Мы ехалі на заднім сядзенні, а зверху на нас паклалі сабаку. Бо па ўсім горадзе спынялі і правяралі аўто, нягледзячы на тое, што была ўжо раніца, людзі ішлі на працу.

Увечары па мяне заехалі і мы зноў накіраваліся на акцыі пратэсту. І на гэты раз былі абстрэлы. Мы вывозілі людзей на аўто. Атрымалася выратаваць маладую пару. Я паспела толькі адчыніць дзверы аўто і крыкнуць: «Хто-небудзь, скачыце хутчэй». Жанчына з мужам заскочылі, а нам удалося выехаць пад выбухамі гранат.

«На вуліцы выйшла самая прыгожая нацыя Еўропы»

Скажу, што мы вельмі добрае падрыхтаваліся. Былі і бел-чырвона-белыя сцягі, і плакаты. Людзі былі гатовыя, нягледзячы на тое, што нашыя лідары — Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі — ужо сядзелі.

Як быццам мы паглядзелі на сябе ў люстэрка і спыталі: ці беларус я? Ці я нейкая істота, якую чакае канцлагер. І выйшла на вуліцы самая прыгожая нацыя Еўропы, якая знайшла ў шафах белае і чырвонае адзенне для сябе, сваіх мужоў, дзяцей, а затым пайшла па вуліцах. Было адчуванне наймацнейшага адраджэння, як быццам божае святло пралілося на нашу краіну. Адчуванне палёту, як быццам я была ў космасе. Шчасце, якое можна параўнаць з нараджэннем дзіцяці. Менавіта таму я ўпэўнена, што мы пераможам, бо з такім народам саступіць немагчыма. Я не магу назваць жнівень 2020-га эйфарыяй, гэта быў выбар.

Многія людзі былі падыходзілі, пазнавалі мяне, дзякавалі і казалі: «Божа, прабачце нам, што мы не гаворым па-беларуску, мы толькі пачалі яе вывучаць». «Прабачце, што не выходзілі на пратэсты». Я казала: «Вы не мне дзякуйце, а сябе, што справіліся са сваімі страхамі, прачнуліся і мы ўсе разам выйшлі».

Мяркую, што ўсё адбылося так, як павінна было адбыцца. Калі аналізаваць, то ніякіх памылак, я думаю, не было. Быў моцны Пуцін. Паглядзіце, што здарылася ў Казахстане. Адразу ўвялі АДКБ. Наша войска на той момант было абсалютна непадрыхтаванае. Яны б не перайшлі на бок народа, не кажучы ўжо пра «мусарню», дзе сапраўдная банда ў пагонах. Гэта сёння з 35 тысяч войска - 25 на баку Украіны і народа.

Свет глядзеў на нас, вылупіўшы вочы: і Захад, і Усход, і Амерыка, і Ізраіль. Ніхто не чакаў. Але гэта акурат паказала Пуціну, што Беларусь не з ім. Пуцін жа думаў, што Беларусь у ягонай кішэні, што ўсё спакойна. А тут ён убачыў, што беларусы - не яго кішэнныя жаўнеры, не ягонае гарматнае мяса. Што ўсе гэтыя гарматы павернуцца супраць дыктатараў у свой час.

Пуцін узгадаў, што мы нават не Кіеўская Русь, якая стаяла ля вытокаў Расеі, а мы ВКЛ, у нас Астрожскі, Каліноўскі. У нас любові не было ніколі, мы не ўвайшлі ў склад Расеі з распасцёртымі абдымкамі.

«Мне давялося памяняць дзевяць кватэр»

Затым пачаўся ціск. Былі моманты, калі мне тэлефанавалі і казалі: «Вольга, не з'яўляйся дома ні ў якім разе. Цябе чакаюць у чорных балаклавах з аўтаматамі на белым легкавым аўто». Я памяняла дзевяць кватэр. Блізу месяца зусім не выходзіла на сувязь, схавала ноўтбук, каб не забралі. У мяне быў звычайны кнопкавы тэлефон, які ўключала-выключала для сувязі з блізкімі і з важнымі для мяне сябрамі.

Я была невыязная праз нявыплачаныя штрафы. Адна праваабаронца дапамагла мне знайсці арганізацыю, якая сабрала грошы на выплату.

Паспрабавала выехаць ва Украіну з сабачкам. На мяжы мяне развярнулі памежнікі, бо пасля выплаты штрафаў прыстаў нават не падумаў памяняць запіс, што я разлічылася. Мне паставілі штамп «невыязная».

Затым я патэлефанавала прыставу з чужога тэлефона і сказала: «Калі вы зараз не зробіце, каб я была выязная, проста буду звяртацца ў міжнародныя інстанцыі». Ён быў напалоханы пасля 9 жніўня, і ўсё зрабіў вельмі хутка.

Я да апошняга не хацела пакідаць краіну. Усе нечага чакалі і спадзяваліся. Я хадзіла і на дваровыя акцыі, і на сутарэнныя, і чытала вершы ў некаторых парках. Даводзілася маскавацца, мяняць адзенне, сядзець з выключаным святлом у кватэры, бо вельмі часта да мяне прыязджалі сілавікі.

Пасля 9 траўня 2021 года я ўзяла квіток да Белграда, бо ў Чарнагорыі былі беларусы, у якіх можна было спыніцца на некаторы час. Візы ў іншыя краіны было зрабіць складана, таму выбрала гэтую краіну. І вось я з двума сабачкамі, якіх паспела прышчапіць і зрабіць усё патрэбныя дакументы, з цёткай, якая везла мой ноўтбук, з трыма шэлегамі ў кішэні, якія мне сабралі.

Стаім у чарзе на самалёт, мяне праводзяць мае людзі, а мяне апошнюю трымаюць і трымаюць. А я апранулася як у турму, а не як на курорт. Гляджу, што пахне порахам. І тут падыходзіць сербка і кажа правяральшчыкам: «У чым справа? Мы не можам больш чакаць». Увесь аўтобус стаіць, 10 хвілін ужо прайшло, а я адна ўсё стаю.

Я не ведаю, што кантралёрка шукала ў кампутары, я не ведаю, каго яна чакала. Думаю, што мне проста далі паляцець.

І мы апошнія ўцяклі з гэтымі сабачкамі праз аэрапорт, заскочылі ў аўтобус, селі ў самалёт. І я толькі пасля таго, як зачынілі дзверы і ад'ехаў трап, набрала блізкіх мне людзей і сказала, што, відаць, мне пашанцавала, я буду на волі. Гэта быў добры момант, бо я думала, што трапляцца ў кіпцюры і рабіць такія падарункі не варта.

«Такое харчаванне нам, беларускім актывістам, не снілася»

У Чарнагорыі я правяла год. Каля паўгода я рабіла візу. Ведаеце, доўгі заставалася ў Чарнагорыі і чакала, што памруць гэтыя вырадкі - Пуцін і Лукашэнка.

Затым я паехала ў Еўропу з візай, а калі пачалася вайна ва Украіне, зразумела, што час ужо ўладкоўвацца на нейкую працу, мне няма чым плаціць за пражыванне. Так я і падалася ў лагер уцекачоў у Брусэлі.

Цэнтр уцекачоў падобны да савецкага летняга лагера: вагончыкі, у іх пражываеш. У мяне 9-метровы пакоі 4 чалавекі. Адна жанчына з Бурундзі, дзве - з Самалі. Ужо больш за год разам у адным гэтым пакоі. Вельмі цяжка, калі шчыра, але мы сябруем, у нас пакой бесканфліктны.

Вядома, ты можаш выходзіць днём, адсутнічаць. Цяпер я ў маіх «лагерных сяброў» з Грузіі, якія атрымалі станоўчую пастанову аб уцякацтве, ім далі дом. Я на выходныя да іх прыязджаю, а зараз прыехала інтэрв'ю рабіць, бо ў лагеры перарываецца інтэрнэт.

Сілкаванне трохразовае, кава. У лагеры ў асноўным мусульмане, таму і харчаванне адпаведнае, часам бэльгійская кухня. Але такое харчаванне нам, беларускім актывістам, якія доўгі час жылі ў голадзе, не снілася.

Атрымаўшы дакументы, я не планую тут затрымлівацца, бо хачу вяртацца, бо бачу перспектывы для сваёй краіны, бачу перспектывы сваёй нацыі, свайго народа. Я проста тут, як кажуць, змушана адпачываю.

Гэта добры досвед, я вучу мовы, гляджу, як жывуць людзі. Бэльгійцы вельмі падобныя да беларусаў, толькі ў іх тэмперамент больш падобны да ўкраінскага.

Бэльгійская пара ўзяла маіх сабачак. Я да іх езджу, калі ў мяне ёсць час. Вельмі ўдзячная, бо з сабакамі ў лагеры нельга.

«Калі трэба – буду варыць боршч для «каліноўцаў»

Я ўпэўнена, што мы пераможам. Ведаеце, гэта моладзь можа ўпадаць у роспач, могуць рабіць памылкі. Але гэта і гераічныя памылкі, якія ствараюць нашу гісторыю. А мне ўжо 54 гады, і я ведаю, што вызваленне - гэта непазбежнасць. Бо Беларусь праходзіла і праз больш страшныя часы, але захавалася.

І ў старажытныя часы, і сёння ў нас ёсць усё, што павінна быць у годнай еўрапейскай нацыі. Беларусь - гэта Еўропа. Мы не дайшлі ў Еўропу, не сышлі з Еўропы. Гэта і ёсць Еўропа, геаграфічная і ментальная.

Новыя падручнікі і новыя часы ўжо хутка. Мы ведаем гэта дзякуючы Эстоніі, Літве. Нават Малдова сёння ажыла. І ў Грузіі былі добрыя часы, пакуль Іванішвілі не прыйшоў.

Нам трэба зноў дачакацца моманту, калі мы здолеем перамагчы. Не трэба адзін аднаму зараз перашкаджаць. Не трэба хацець адно ад аднаго больш, чым мы можам даць.

Цяпер у Брусэлі мы будзем шыць «сцягі вяртання». Усе нашыя сцягі «мусарня» забрала. У мяне застаўся толькі адзін, баявы, які быў са мной пад кулямі.

Мы мусім вярнуцца пад нашымі сцягамі, стаяць з імі на мяжы. І каб нам дапамаглі нашыя хлопцы, якія ва Украіне, каб увесь свет нам дапамог. Бо і па еўрапейцаў прыйдуць, і да Бэльгіі дойдуць варвары і оркі, калі не дапамагаць і заплюшчыць вочы, адпачываць у камфорце. Гэта ўжо дайшло да ўсіх.

Таму я не проста веру, веру я ў Бога, а тут я проста ведаю, што скончыцца гэтая цемра, што адправяцца ў пекла Пуцін і Лукашэнка. Ёсць надзея, што ў іх стане розуму адпусціць людзей і аддаць уладу мірна. Проста не будзе іншага шляху. Будзе прапанова, ад якой нельга адмовіцца. Можа быць і не мірна. І калі будзе не мірна на маёй зямлі, то што я магу са сваёй хворай спінай? Магу боршч варыць для вайскоўцаў, але з акопа я ўжо са зброяй не выскачу.

На нашых вачах будзе разбурацца і Расея, і Кітай будзе мяняцца. Гэта відавочна. Ці хопіць у гэтых тэрарыстаў рэшткаў розуму спыніцца ці не - вось у чым пытанне. А за Беларуссю не заржавее. Беларусь ужо ментальна, маральна назапашвае сілы і рыхтуецца да новага жыцця. Да такога жыцця, якім жыве Еўропа: Эстонія, Латвія, Польшча.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках