6 траўня 2024, панядзелак, 23:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аркадзь Мошэс: Лукашэнка выкапаў сабе яму, сам у яе скуліўся і вылезці не можа

26
Аркадзь Мошэс: Лукашэнка выкапаў сабе яму, сам у яе скуліўся і вылезці не можа
Аркадзь Мошэс

Беларусь мае еўрапейскую перспектыву.

На гэтым тыдні адбылася звадка паміж Азербайджанам і РФ. Баку асудзіў расейскія псэўдавыбары на акупаванай тэрыторыі Украіны. МЗС Расеі нэрвова адказала вуснамі Марыі Захаравай. Чаму Крэмль так закранула заяву Баку, іншыя ж краіны таксама не прызналі гэтыя псэўдавыбары?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org пагаварыў з дырэктарам даследчай праграмы Расеі, Усходняга суседства ЕЗ і Еўразіі ў Фінскім інстытуце міжнародных стасункаў Аркадзем Мошэсам:

— Для мяне гэта дастаткова складанае і невідавочнае пытанне. Можна дапусціць, што, па-першае, Масква грунтуецца на тым, што Азербайджан сам не з'яўляецца ўзорам дэмакратыі і таму, здаецца, меў бы ўнікаць такіх ацэнак. Па-другое, Масква выбрала болей старану Азербайджана ў супрацьстаянні з Арменіяй, таму ад Баку ў Крамлі такіх дакладных фармулёвак не чакалі. Думалі, што неяк гэта ўсё пройдзе ціхачом і былі пакрыўджаны тым, што Азербайджан наважыў заняць такую пазіцыю, нягледзячы на тое, што Баку проста не можа не выступаць з пазіцый падтрымкі тэрытарыяльнай цэласнасці, пагатоў калі гаворка ідзе пра постсавецкія дзяржавы. .

- З пачатку вайны ва Украіне шмат якія былыя краіны СССР сталі сабе больш дазваляць у публічных стасунках з Расеяй. Можна згадаць і заявы прэзідэнта Казахстана Такаева, і кіраўніка Таджыкістана Рахмона. Чаму гэта адбываецца? Гэтыя краіны спісалі Расею з рахункаў?

- Не думаю, што яны спісалі Расею з рахункаў. Але з пачаткам вайны стала ясна, з аднаго боку, што расейскія вайскоўцы ды іншыя рэсурсы не такія ўжо бясконцыя. Не выпадкова так шырока разышоўся жарт, што «другое войска ў свеце выявілася другім войскам ва Украіне, а пасля путчу Прыгожына ўжо і другім у Расеі». Увогуле ўбачылі, што рэсурсу для ціску сёння няма.

А з іншага боку, суседзі Расеі захваляваліся, што калі Масква пераможа ва Украіне, то не вельмі ясна, хто будзе наступным. Хто ведае, што можа прыйсці ў «гарачыя галовы» у Крамлі што да будучыні іншых постсавецкіх дзяржаваў? Бо ўсе яны атрымалі дзяржаўнасць падобным чынам — у выніку раскідання СССР. Шмат хто з іх мае негарантаваныя межы. Дарэчы, межы з Украінай былі Расеяй неаднаразова прызнаныя, але ніякай ролі пры прыняцці пастановы аб "спецаперацыі" гэта не адыграла. Лідэры постсавецкіх краінаў зразумелі, што ў нейкіх гістарычных варунках яны могуць стаць наступным аб'ектам той або іншай маскоўскай палітыкі.

Напрыклад, Малдова, якая вельмі асцярожна праводзіла палітыку балансавання. Яе ўрады, якія змянялі адзін аднаго, то абвяшчалі еўрапейскі выбар, але тут жа пасылалі дэлегацыю ў Маскву, то дэкларавалі іх стратэгічны выбар на карысць Масквы, але тут жа ўступалі ў сур'ёзныя перамовы з Брусэлем. Дык вось у 2022 годзе Малдова, якая дагэтуль нібы «сядзела на плоце», вызначылася ў плане інтэграцыі ў Еўропу, атрымала статус кандыдата на ўступ у ЕЗ і з дапамогай апошняга за апошні год зрабіла дастаткова шмат для таго, каб панізіць сваю залежнасць ад Масквы.

Грузія расколатая. Урад спрабуе скарыстацца сітуацыяй для атрымання эканамічных — і не толькі — выгад, а грамадская думка гэтаму перашкаджае, бо застаецца празаходняй.

У Арменіі адбываецца радыкальны паварот. Заявы Пашыняна за апошнія некалькі тыдняў паказалі, што ўсё вельмі сур'ёзна. Калі прэм'ер-міністр Арменіі дазваляе сабе заявы кшталту "мы памыліліся, цалкам абапіраючыся на Расею", гэта адыгрывае вялікую ролю.

Вы згадалі Казахстан. Такаеў балансуе, і гэта пасля падзей студзеня 2022-га года, дзе без дапамогі АДКБ (асабліва РФ) сітуацыя магла б скласціся і па-іншаму. У Цэнтральнай Азіі толькі Кіргізстан у вялікай ступені застаецца ў прарасейскім рэчышчы.

Беларусь — абсалютна асобны выпадак. Лукашэнка выкапаў сабе яму, сам у яе скуліўся і вылезці не можа. Цяпер ён можа колькі хоча кусаць локці і дзякаваць толькі самому сабе.

Выснова: усе краіны постсавецкай прасторы зразумелі, што сітуацыя кардынальна змянілася. У іхніх інтарэсах —- як мінімум балансаваць.

- Якія працэсы на постсавецкай прасторы можа распачаць яшчэ большае аслабленне РФ?

- Болей не распачне, а паскорыць. Бо ўсе гэтыя працэсы ішлі. Мы з калегамі дастаткова шмат пісалі на гэтую тэму. Пад маёй сурэдакцыяй кніга выйшла амаль пяць гадоў таму “Што засталося ад СССР?”, дзе мы дэталёва прааналізавалі мазаіку постсавецкай прасторы.

Канстытуцыйныя і палітычна-тыпалагічныя падваліны краін адрозніваюцца цалкам. Ні вайсковыя, ні эканамічныя сувязі на гэтай прасторы больш не дамінуюць адназначна. Можна аб'ядноўваць іх у групы і глядзець узаемныя сімпатыі, але так або інакш фактычна постсавецкая прастора далей раскідалася, а Расея ў гэтым плане плыла супраць вады.

Цяпер гэтыя працэсы не пачатыя нанова, яны проста вельмі паскорыліся. У той жа Цэнтральнай Азіі РФ доўгі час успрымалася як краіна, якая будзе перашкаджаць крытычнаму росту ўплыву Кітая ў рэгіёне. Высветлілася ж, што Расея сама стала настолькі залежаць ад Кітая, што больш не можа выконваць функцыю яго стрымлівання.

Вельмі шмат чаго давялося людзям пераацаніць. Страта эканамічнага ўплыву ў наяўнасці. Уплыў у галіне "мяккай сілы" таксама падае, бо аб'яднаўчай ідэі Расея — чаму з ёй лепш — больш не мае. Расейская мова так або інакш траціцца на значнай частцы гэтай прасторы. Шмат якія краіны жывуць сваім жыццём, даўно ўсталявалі стасункі са сваімі суседзямі і больш далёкімі краінамі.

Паўтаруся, працэс паскараецца, ён не распачаты ў апошнія месяцы.

- Кіраўніца Еўракамісіі Урзула фон дэр Ляен заявіла, што ЕЗ мае адамкнуць дзверы для Малдовы і Украіны. Наколькі Вы ўважаеце за магчымае новае пашырэнне ЕЗ на ўсход?

- Магчыма, але, думаю, цяпер гэтага не адбудзецца. Нават размовы пра 2030 год вядуцца пакуль вельмі няўпэўнена. Але важна адзначыць, што на Захадзе змянілася стаўленне да постсавецкай прасторы. Больш на ментальнай карце класічнага заходняга палітыка, бюракрата, дыпламата няма "маналіту", нейкай "чорнай скрыні", якая звалася "постсавецкай прасторай мінус краіны Балтыі", дзе Расея ўсё "цэментавала", за ўсё адказвала і магла ўсталяваць там што хацела . З прычыны гэтага Захад практычна заўсёды праводзіў палітыку «Russia first» — Расея заўсёды была на першым месцы. Перад тым, як нешта зрабіць, заўсёды думалі, як адрэагуе Расея, што скажа на гэта. Вось гэтага болей няма.

Наданне Украіне і Малдове кандыдацкага статусу, цалкам імавернае пад канец гэтага года наданне такога ж статусу Грузіі, а таксама будучы старт уласна перамоў аб сяброўстве з Малдовай і Украінай — гэта ўжо наступства сур'ёзнага канцэптуальнага пераасэнсавання. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку — людзі выдатна разумеюць, што калі ідзе вайна, то павялічвацца цяжка. Не немагчыма, бо адрозна ад, скажам, NATO, ЕЗ прыняў у свой склад Кіпр. Гэта значыць, юрыдычна прэцэдэнт прыняцця краіны, у якой існуе ўнутраны канфлікт і не ўрэгуляваныя межы, у ЕЗ існуе. Гэта важнае, але не галоўнае.

Думаю, што сяброўства спатрэбіцца заслужыць, ЕЗ будзе глядзець на тое, якіх поспехаў дасягнуць унутраныя рэформы. І патрабаванняў у пытаннях рэформаў будзе шмат. Я мяркую, што нейкага прывілеяванага шляху ў ЕЗ ні ў Малдовы, ні ў Украіны не будзе.

Вы, напэўна, заўважылі, наколькі ў апошнія тры месяцы ўзмацніліся размовы аб неабходнасці барацьбы з карупцыяй ва Украіне. На працягу першага года вайны гэта неяк выносілася за дужкі, а цяпер — не. Бо еўрапейцы пачынаюць сур'ёзна і практычна думаць аб тым, як ажыццяўляць гэтае павелічэнне. Адразу ўзнікаюць канкрэтныя пытанні.

Павелічэнне магчымае. Ці будзе яно ў 2030-м годзе — гаварыць бессэнсоўна, але цалкам дакладна. што яно немагчымае без выканання краінамі «кандыдацкага мінімуму».

- Ці можа Беларусь у перспектыве разлічваць на ўключэнне ў гэты спіс краін на павелічэнне?

- Абсалютна адназначна, што можа. Больш за тое, я заўсёды з прыкрасцю заяўляў аб тым, што жаданне пайсці гэтым шляхам трэба было заявіць даўно. Дрэнна, што гэта не было зроблена тры гады таму пасярод пратэстаў. Гэта палітычная памылка, мы разумеем, чаму яна здарылася, але гэта вельмі сур'ёзна аслабіла разуменне на Захадзе неабходнасці салідарызавацца з той часткай насельніцтва Беларусі, якая выказвала праеўрапейскія ідэі.

Тое, што гэтых лозунгаў у 2020 годзе не было, нашкодзіла справе беларускай апазіцыі. Але лепей позна, чым ніколі. Цяпер шмат залежыць ад таго, што напраўду прапануе ЕЗ Беларусі. Калі б я раіў Брусэлю, то адназначна паспрабаваў бы дамагчыся ад еўрапейцаў дакладнага абазначэння таго, што Беларусь мае шанц на ўступ у ЕЗ, калі яна правядзе неабходныя палітычныя і эканамічныя рэформы.

Безумоўна, гэта мае на ўвазе змену рэжыму, але гэтае пасланне мае быць накіраванае не на афіцыйны Менск, а на насельніцтва Беларусі. Частка з якога, безумоўна, пагодзіцца з ім. Не абавязкова, што пагодзіцца адразу большасць, але вось гэтая прапанова мае быць дакладна выказаная: «Хлопцы, калі вы хочаце стаць часткай Еўропы, то маеце шанец. Напрыклад, ёсць магчымасць для вашых дзяцей вучыцца бясплатна ў еўрапейскіх універсітэтах, бязвізавы рэжым, адкрытыя межы». Цяпер нават гэтых трох элементаў досыць.

Увогуле, мяркую, што шанец ёсць і перспектыва ёсць, бо Беларусь з прычыны сваёй кампактнасці і ўсё яшчэ меншай карумпаванасці ў параўнанні з пэўнымі іншымі постсавецкімі дзяржавамі, безумоўна здольная здагнаць, а то і перагнаць іншых кандыдатаў. Але неабходнай умовай для гэтага з'яўляецца змена рэжыму.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках