6 траўня 2024, панядзелак, 14:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Лукашэнка не давярае беларускім сілавікам

12
Наталля Радзіна: Лукашэнка не давярае беларускім сілавікам

Чаго напраўду баяцца дыктатар і ягонае асяроддзе?

Еўрапейскі парламент у сваёй рэзалюцыі прызнаў Лукашэнку суўдзельнікам злачынстваў, учыненых РФ ва Украіне. У тым ліку — дэпартацыі дзяцей.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна на Radio NV расказала аб практычных наступствах пастановы еўрапарламентарыяў.

Наталля Радзіна мяркуе, што віна Лукашэнкі ў ваенных злачынствах цалкам даведзеная:

- Лукашэнка— суўдзельнік вайны ва Украіне не толькі ў дэпартацыі дзяцей. Ён абсалютна таксама, як і Пуцін, павінен несці адказнасць за ўдзел у гэтай вайне.

Праз тое, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўвайшлі расейскія войскі, якія чынілі забойствы ды іншыя страшэнныя злачынствы ў Бучы, Ірпені, Барадзянцы. Больш за тое, з тэрыторыі Беларусі па ўкраінскіх местах было выпушчана мінімум 700 ракет, а напраўду іх можа быць яшчэ больш. Ад гэтых ракет загінула вялізная колькасць людзей, за гэта Лукашэнка павінен несці адказнасць.

А таксама за тое, што сотні тысяч расейскіх жаўнераў прайшлі навучанне за час вайны на беларускіх палігонах.

Беларуская журналістка звярнула ўвагу, што Лукашэнка вінаваты не толькі ў агрэсіі супраць Украіны, але і ў злачынствах супраць уласнага народа:

- Магу падаць статыстыку праваабаронцаў: калі ў 2021-м годзе за месяц адбывалася пад сотню палітычна матываваных арыштаў у Беларусі, то ўжо ў 2023-м — 700. На працягу трох гадоў рэпрэсіі выраслі ў сем разоў.

Мы не можам сёння назваць дакладную колькасць палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў турмах, бо маніторынг рэпрэсій унутры краіны немагчымы дзеля адсутнасці на волі праваабаронцаў і незалежных журналістаў.

Колькасць палітычных вязняў сёння можа складаць да 10 тысяч чалавек. Толькі за апошні год мы даведаліся пра загубу ў турмах блізу шасці чалавек. Напраўду ў зняволенні магла загінуць значна большая колькасць вязняў сумлення. З людзей здзекуюцца, іх катуюць. Жыццё кожнага палітвязня знаходзіцца ў небяспецы. Вельмі важна, што Еўрапейскі парламент звярнуў на гэта ўвагу.

На жаль, ад пачатку вайны ва Украіне лёс беларускіх палітвязняў пайшоў у цень. Цяпер вельмі важна, што нарэшце пра іх пачалі гучна казаць у ЕЗ.

Наталля Радзіна расказала, што выступаючы ў Еўрапарламенце заклікала да смелых дзеянняў. Сярод іншых - поўнасцю спыніць гандаль з рэжымам Лукашэнкі і спыніць транзіт тавараў праз тэрыторыю Беларусі:

- У вельмі кароткія тэрміны будуць вызваленыя палітвязні з беларускіх турмаў і нават канчаткова выведзеныя расейскія войскі, уключаючы ПВК «Вагнер», які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Будзе выведзеная і расейская вайсковая тэхніка, і мінімізуюцца пагрозы, якія пастаянна зыходзяць з Беларусі на адрас Украіны і краін NАТO.

Цяпер жа мы бачым, што эканамічныя санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі нераўнамерна і непрапарцыйна з тымі, якія ўводзяцца супраць РФ. Іх усё ж значна менш у дачыненні да Беларусі, і гэта, дарэчы, дазваляе той жа самай Расеі абыходзіць санкцыі Захаду праз тэрыторыю Беларусі.

Я вам падам апошнюю статыстыку. У першым паўгоддзі 2023 года дадатнае сальда гандлёвага балансу ЕЗ і Беларусі склала €3,2 мільярда. Асноўныя бенефіцыяры: Польшча (€985 млн), Нямеччына (€798 млн), Літва (€787 млн).

Ці баіцца Лукашэнка і ягонае асяроддзе ордэра ад Міжнароднага крымінальнага суда? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што актыўныя дзеянні могуць прымусіць рэагаваць на злачынствы Лукашэнкі не толькі краіны Захаду:

- Ці баіцца Лукашэнка? Я не магу аналізаваць псіхапатаў. Гэта немагчыма. Але я ведаю дакладна, што тое рацыянальнае, што ў ім засталося і, напэўна, гэтага рацыянальнага яшчэ больш сярод ягонага асяроддзя, баіцца эканамічных санкцый і сапраўды смелых дзеянняў.

Калі я кажу, што неабходна спыняць гандаль з рэжымам Лукашэнкі і спыняць транзіт, - гэта акурат тыя рэальныя дзеянні, якіх яны баяцца.

Уявіце, што праз тэрыторыю Беларусі (транзітнай краіны) спыніцца транспартаванне тавараў з РФ, Кітая, іншых краін Усходу. Як на гэта адрэагуюць лідары таго ж Кітая і Расеі? Думаю, што ў гэтай сітуацыі нават яны будуць заклікаць Лукашэнку вызваліць вязняў сумлення з турмаў. Гэтага яны рэальна баяцца, менавіта гэта неабходна абавязкова рабіць.

Наталля Радзіна кажа, што Захад не выкарыстоўваў яшчэ многія інструменты ціску на беларускі рэжым:

— Ёсць яшчэ Міжнародная арганізацыя працы (МАП), якая нядаўна на сваёй сесіі прыняла пастанову прымяніць у дачыненні да Беларусі 33-і артыкул свайго Статута.

Яна мае на ўвазе акурат эмбарга на гандаль з Беларуссю. Цяпер справа за нацыянальнымі ўрадамі (чальцамі МАП з'яўляецца блізу 180-ці дзяржаў) прымяніць гэты артыкул і спыніць гандаль з рэжымам Лукашэнкі.

Вядома ж, нам трэба, каб ЕЗ і ЗША больш уключаліся ў гэты працэс, каб запрацаваў гэты 33-ы артыкул.

Ці можа Лукашэнка здрадзіць Пуціну і змяніць бок? Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org выказала меркаванне, што ў беларускага дыктатара не засталося поля для манеўру:

- Гэты чалавек, відаць, не ўяўляе свайго жыцця без улады. Ён будзе няспынна ісці ў «пекла», не задумваючыся ні пра што. Ён ужо абраў бок. 1,5 гады ідзе вайна супраць Украіны, а Лукашэнка ў ёй актыўна ўдзельнічае.

У кожным сваім выступе ён падтрымлівае Пуціна. Ніякіх сігналаў з ягонага боку, што ён можа нейкім чынам выйсці з гэтай вайны, што ў краіне могуць адбыцца змены, няма. Мы бачым, што ўнутры краіны рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца. На тэрыторыі Беларусі знайшлі прытулак бандыты з тэрарыстычнай арганізацыі «Вагнер», завезеныя расейскія ядзерныя ракеты. Гучаць пагрозы не толькі на адрас Украіны, але і ўсяго свету.

Не разумею, як у гэтай сітуацыі Лукашэнка раптам паспрабуе балансаваць. Па-мойму, гэта немагчыма. Ён будзе ісці да свайго поўнага знішчэння, якое, я ўпэўнена, адбудзецца.

Нягледзячы на тое, што Расея актыўна раззбройвае Беларусь, вывозячы на фронт набоі і зброю, рэжым Лукашэнкі, паводле слоў Наталлі Радзінай, працягвае несці пагрозу для ўсяго рэгіёну:

- У канцы верасня ў Беларусі будуць праходзіць поўнамаштабныя вайсковыя вучэнні. Нядаўна прыязджалі вайсковыя аташэ з 14-ці краін Афрыкі, у краіне застаецца ПВК «Вагнер». Цяжка сказаць, што будзе адбывацца далей. Думаю, што Беларусь будзе заставацца патэнцыйна небяспечнай для Украіны і краін Захаду, пакуль кіруе дыктатар Лукашэнка.

Для чаго прыязджалі тыя ж афрыканскія вайсковыя аташэ? Дзеля таго, каб, паводле афіцыйнай інфармацыі, інтэнсіфікаваць вайсковае супрацоўніцтва. Якім чынам? Мы ведаем, што раней у гэтыя краіны з Беларусі ішло дастаткова шмат зброі. Прадавалася і беларуская савецкая зброя, і расейская зброя праз Беларусь у гэтыя краіны. Магчыма, зараз яна будзе ўжо пастаўляцца назад для той жа Расеі ці Беларусі.

Навабранцы з расейскага войска таксама ў кожны момант могуць вярнуцца на тэрыторыю Беларусі для навучання на палігонах, калі там будзе праведзены новы набор тэрміновай службы ў войска. Усё гэта магчыма. Я б тут не расслаблялася і не думала, што Беларусь ужо не нясе нейкай небяспекі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org мяркуе, што Лукашэнка перастаў давяраць беларускім сілавікам, таму спрабуе падпарадкаваць сабе «вагнераўцаў», якія засталіся ў Беларусі:

- «Вагнераўцы» працягваюць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Мы не можам назваць іх дакладную колькасць. У пачатку іх было да 10 тысяч чалавек, пазней частка з іх выехала ў краіны Афрыкі, у Расею (нехта ў адпачынак, а нехта ўклаў дамову з Мінабароны РФ і вярнуўся ваяваць ва Украіну), а частка засталася на тэрыторыі Беларусі. Яны размяшчаюцца не толькі ў Магілёўскай вобласці ў пасёлку Цэль, а і на розных вайсковых палігонах Беларусі. Некаторыя байцы ўжо ўкладаюць кантракты з Мінабароны Беларусі. Аднак гэтая тэрарыстычная арганізацыя застаецца ў дастаткова вялікай колькасці на тэрыторыі Беларусі. Што будзе з імі далей - невядома.

Ходзяць розныя чуткі, што яны перападпарадкоўваюцца зараз непасрэдна Лукашэнку. Гэта будзе нібыта ўжо ягоная ўласная ПВК «Вагнера». Не ведаю, як ён зможа яе фінансаваць самастойна, ёсць розныя схемы. Думаю, што гэта кажа, што Лукашэнка сёння не давярае беларускаму войску, сілавікам. Жадае мець побач з сабой вось такіх апрычнікаў. Відаць, ён думае, што яны могуць нейкім чынам захаваць ягонае жыццё.

Ці атрымаецца Пуціну сфармаваць новую «вось зла», у якую ўвойдуць Беларусь, Паўночная Карэя і іншыя дыктатуры? Наталля Радзіна мяркуе, што кіраўнік Крамля не здольны на такую задачу:

- Можа быць ён спрабуе мабілізаваць гэтых маргіналаў, але гэта даволі смешна выглядае. Нават узяць ягоную сустрэчу з Кім Чэн Ынам ва Уладзівастоку — гэта ж суцэльная ганьба і прыніжэнне таго ж Пуціна, які вельмі доўга чакаў паўночнакарэйскага дыктатара і прыехаў да яго ва Уладзівасток, каб пабачыцца.

Напраўду, як было прыніжэнне Пуціна Прыгожыным падчас «маршу справядлівасьці» на Маскву, таксама Пуціна прынізіў і Кім Чэн Ын, да якога ён папоўз на каленях прасіць зброю. Якія альянсы можа ствараць чалавек, які ўвогуле баіцца выехаць з тэрыторыі сваёй краіны, таму што яго можа здаць кожны так званы хаўруснік?

Ён ужо не ездзіць нават у Казахстан і Арменію. Пуцін баіцца кудысьці прыехаць, бо яго ў кожны момант могуць арыштаваць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках