«Небяспечнае ўсплёскам інфляцыі і значным узмацненнем жорсткасці манетарнай палітыкі»
- 21.09.2023, 19:35
- 5,176

Эканаміст - аб імкненні лукашыстаў выканаць план па росце ВУП.
Ці наўрад улады здолеюць давесці рост эканомікі да запланаваных 3,8% за гэты год. Аднак спроба нагнаць рост для выканання плана можа прывесці да негатыўных наступстваў для эканомікі ў будучыні. Пра гэта падчас брыфінгу распавёў навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык, паведамляе «Зеркало».
Спроба нагнаць ВУП да планаванага ўзроўню можа выйсці бокам
- Наконт выхаду на рост ВУП на 3,8% - у мяне такой упэўненасці няма. Мяркую, што рост будзе блізу 3%, можа быць, крыху вышэйшы, з улікам таго, што рост расейскай эканомікі застаецца больш высокім, чым раней чакалася, — і гэта надае дастаткова моцную падтрымку беларускай прамысловасці. Акрамя таго, манетарнае стымуляванне (магчыма, і фіскальнае) пакуль захоўваецца, - паведаміў эканаміст Анатоль Харытончык.
На яго ацэнкі, пабочным эфектам імкнення стымуляваць рост эканомікі, каб па выніках года дасягнуць устаноўленай планкі 3,8 адсотка, стане назапашванне дысбалансаў. Яны, у сваю чаргу, могуць выліцца ў паскарэнне інфляцыі.
- Той рост, які ёсць сёлета, часткова з'яўляецца натуральным. Так як летась эканоміка моцна ўпала, сфармаваўся адмоўны разрыў выпуску, гэта значыць, у нас была прастора для аднаўлення. І гэта нармальна, што пасля спаду мы раслі хутчэй. Але часткова гэты рост з'яўляецца залішнім і дасягнуты за кошт звышнамаганняў па стымуляванні ўнутранага попыту, - каментуе эканаміст і дадае: - Пакуль наяўныя дысбалансы не крытычныя, але праблема ў тым, што яны ўвесь час назапашваюцца. Калі будзе працягвацца празмерна мяккая манетарная палітыка, татальны цэнавы кантроль, то ўсё больш складана будзе стрымліваць іх перацяканне ў рэальнасць. Гэта небяспечна і ўсплёскам інфляцыі і неабходнасцю значнага ўзмацнення жорсткасці манетарнай палітыкі. Калі гэта будзе, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё гэта гісторыя другой паловы 2024 і 2025 гадоў.
Эканаміст распавёў, што ў жніўні рост ВУП запаволіўся да 4,3% пасля 7,6% у ліпені. У асноўным гэта запаволенне было звязанае з больш нізкім ураджаем збожжа ў гэтым годзе ў параўнанні з мінулым. Агулам, паводле ацэнкі эксперта, аб'ём ВУП цяпер вышэйшы за ўзровень, які эканоміка здольная генераваць, найбольш эфектыўна выкарыстоўваючы існыя фактары вытворчасці.
- Рост ВУП у жніўні шмат у чым быў звязаны з нарошчваннем інвестыцый у асноўны капітал і падтрыманнем высокага ўзроўню спажывецкага попыту, - адзначае эканаміст.
Кошты, не схільныя да рэгулявання, працягваюць актыўна расці
Анатоль Харытончык адзначыў захаванне высокага і нават крыху залішняга ўзроўню ўнутранага попыту. Каб яго задавальняць, прадпрыемствам неабходна задзейнічаць працоўныя рэсурсы і капітал звыш іх найбольш эфектыўнага ўзроўню.
- Звычайна гэта вядзе да паскарэння росту коштаў. У Беларусі ж пакуль гэтага не назіраецца. Калі мы паглядзім на інфляцыю, то ў жніўні яна ў нас замарудзілася. Гэта звязанае з захаваннем слабой дынамікі яе базавага кампанента, у той час як не базавая інфляцыя заставалася падвышанай - шмат у чым праз падаражанне (з ухіленнем сезоннасці) садавіна-гароднінай прадукцыі і эфекту падвышэння коштаў тытунёвых вырабаў.
Удакладнім, што базавая інфляцыя разлічваецца без уліку сезоннага зніжэння ці павышэння коштаў.
Эканаміст адзначае, што рост коштаў нехарчовых тавараў захоўваецца на ўзроўні нуля - гэта «экстрэмальна нізкі ўзровень для Беларусі». На думку эканаміста, гэта стала вынікам палітыкі татальнага коштавага кантролю. У той жа час інфляцыя ў нерэгуляваных паслугах застаецца блізу 10 адсоткаў. Гэта звязана з тым, што бок прапановы не паспявае за моцным ростам попыту, выкліканага ў тым ліку ростам заробкаў, кажа Анатоль Харытончык.
Пры паслабленні коштавага кантролю кошту нехарчовых тавараў таксама могуць значна ўзрасці, прагназуе эксперт.
У замежным гандлі сітуацыя мяняецца
У жніўні быў рост экспарту тавараў, зазначае эксперт. На гэта ўказвае дынаміка ў апрацоўчай прамысловасці. Размеркаванне росту экспарту па абласцях указвае на магчымае нарошчванне выпуску калійных угнаенняў і прадуктаў нафтаперапрацоўкі. «Але нельга выключаць, што машынабудаўнічыя прадпрыемствы працягваюць атрымліваць прыкметную падтрымку з боку попыту ў Расеі, у тым ліку з боку вайскова-прамысловага комплексу», – падкрэслівае аналітык.
Тым не менш, калі глядзець на сітуацыю ў замежным гандлі цалкам, там бачна, што баланс замежнага гандлю таварамі і паслугамі перайшоў да дэфіцыту.
- І ў чэрвені, і ў ліпені быў дэфіцыт замежнага гандлю. Ён быў звязаны як з павелічэннем дэфіцыту ў сегменце тавараў, так і са скарачэннем прафіцыту ў гандлі паслугамі. Калі ў таварах гэта шмат у чым звязана з апераджальным нарошчваннем імпарту тавараў ва ўмовах стымулявання ўнутранага попыту, то скарачэнне прафіцыту гандлю паслугамі тлумачыцца працяглай стагнацыяй у транспартнай галіне і ў IT-сферы, - тлумачыць Анатоль Харытончык.
- Тут варта адзначыць, што ў гэтым годзе актыўна аднаўлялася прамысловасць. Мы бачылі аднаўленне аптовага гандлю. Але гэта не прывяло да аднаўлення грузаабарачэння. Імаверна, гэта звязана са стратай транзіту, але таксама можа азначаць, што ўсё большую ролю ў грузаперавозках пачынаюць адыгрываць, магчыма, расейскія кампаніі, можа, РЧ, - такое меркаванне выказвае эксперт.