27 лiпеня 2024, Субота, 2:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арцемій Троіцкі: Беларусы хочуць вынесці Лукашэнку наперад нагамі

17
Арцемій Троіцкі: Беларусы хочуць вынесці Лукашэнку наперад нагамі
Арцемій Троіцкі

Беларусь была за крок ад перамогі.

З самага пачатку пратэстаў у Беларусі расейскі пісьменнік, музычны крытык і журналіст Арцемій Троіцкі быў на баку беларусаў, якія выступілі за сумленныя выбары, супраць агрэсіі рэжыму Лукашэнкі.

Яшчэ ў 2014-м ён моцна крытыкаваў расейскія ўлады за анэксію Крыма — і перабраўся жыць у Эстонію. У 2023 годзе яго, як і шмат якіх дзеячаў культуры, што выступілі супраць расейскай агрэсіі, унеслі ў спіс іншаземных агентаў. Што, зрэшты, ніяк не паўплывала на пазіцыю журналіста, які далей называе рэчы сваімі імёнамі.

«Салідарнасць» спытала Арцемія Троіцкага пра беларускую рэвалюцыю, музычных прыстасаванцах і трошкі пра будучыню.

Размову мы пачалі з лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Беларускаму праваабаронцу споўніўся 61 год, і гэта трэці дзень нараджэння (а калі ўлічваць мінулае зняволенне, то ўжо шосты), які ён сустракае ў няволі.

Заснавальніка праваабарончага цэнтру “Вясна” прысудзілі да 10 гадоў нібыта за “кантрабанду” і “фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак” – ясна, што ні ў адным пункце Алесь Бяляцкі віну не прызнаў. І для яго, як для мільёнаў беларусаў, старонка 2020-га не перагорнутая.

- Я не знаёмы асабіста з Алесем Бяляцкім, але перакананы, што пасадзіць нобэлеўскага лаўрэата ў турму — гэта ганьба. Роўна, як і ўвогуле трымаць у катоўнях палітычных зняволеных.

- Аднак, на жаль, іх колькасць не памяншаецца. І вельмі сымбалічна, што дзяржава, якая выхваляецца «міралюбнасцю», трымае ў зняволенні лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру…

- Так, пагаджуся з Вамі, вельмі паказальны момант.

- У Беларусі пасля 2020-га грамадства раскалолася, а пасля пачатку вайны гэты раскол яшчэ больш паглыбіўся. Беларускія рокеры, увогуле амаль усе знакавыя творчыя асобы, што вельмі важна і прыемна ўсведамляць, сталі на бок дэмакратыі, чалавечнасці, проста здаровага сэнсу.

На Ваш погляд, чаму не здарылася такой аднадушнасці ў асяроддзі расейскіх музыкаў?

- Гэта цікавае пытанне, і я яго ўжо задаваў. Думаю, тут рэч, па-першае, у тым, што ў Беларусі значна большая частка насельніцтва не падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.

То бок, калі наконт Расеі можна казаць пра тое, што 15-20% супраць Пуціна, супраць інтэрвенцыі ва Украіну і ўвогуле супраць усяго гэтага рэжыму, то ў Беларусі адсотак тых, хто хацеў бы вынесці Лукашэнку нагамі наперад, значна большы. На мой погляд, больш за палову насельніцтва ўжо дакладна, а мабыць, адсоткаў 80-90.

У гэтым сэнсе ў Беларусі (прынамсі, як мне ўяўляецца, на дакладныя лічбы спасылацца не магу, дый усе сацыялагічныя апытанні ў гэтай сфэры цяпер малапераканаўчыя) апазіцыя рэжыму значна большая і маналітная, чым у Расеі.

Адпаведна, гэта датычыцца і артыстаў, і ў тым ліку рок-музыкаў. Я якраз вельмі рады, што беларускія рокеры, адрозна ад шмат якіх расейскіх, засталіся вернымі ідэалогіі гэтага музычнага жанру, якая заўсёды была антыдзяржаўнай, антываеннай і міралюбнай.

Тут беларусы — малайцы. Што да расейскіх музыкаў, мяне суцяшае тое, што ўсе найлепшыя музыкі, вядома, апынуліся на правільным баку барыкад. А здраднікамі ідэалаў уласнага юнацтва сталі зббольшага артысты другарадныя і бяздарныя.

- А быў хтосьці, хто здзівіў вас сваёй пазіцыяй?

- Не, не было.

— Вы вельмі цёпла адгукаліся пра беларускі арт-пратэст, рабілі некалькі радыёперадач пра арт-супраціў. Ці сочыце цяпер за беларускай музыкай?

- Апошнім часам нешта нічога новага не чуў, так што свежага, што закранула б, назваць не змагу.

- У 2020-м беларусам здавалася, што вось-вось рэжым будзе пераможаны і дыктатура скончыцца. У 2022-м шмат хто таксама думаў: напад Расеі на Украіну – гэта вар'яцтва, такога не можа і не мае быць, і вядома, гэта хутка скончыцца. Аднак ужо восень 2023-га, а вайна працягваецца, і рэжымы трымаюць уладу.

На Ваш погляд, падзеі былі неўнікнёныя? І ці можа канец надысці хутка?

- Я мяркую, што гэта магло скончыцца нашмат раней і нашмат весялей.

Але, на жаль, ні ў Беларусі, якая, мне здаецца, была літаральна за крок ад перамогі, — ні, пагатоў, у Расеі, — у пратэстоўцаў, вольналюбных і смелых грамадзян, не выстарчыла цвёрдасці ісці да канца. У гэтым асноўная праблема. Хоць "шчасце было такое блізкае, такое магчымае".

- У адной са сваіх публікацый Вы параўноўвалі беларускі рэжым з асінкай, а расейскі — з баабабам. Як Вы мяркуеце, яму яшчэ доўга гніць, перш чым абрынуцца (а з ім і беларускаму, які ўчапіўся ў «старэйшага брата»)?

- Думаць, што гэта скончыцца народным паўстаннем — акурат малаімаверна. З майго пункту гледжання, самы імаверны сцэнар для Расеі — гэта нейкі дзяржаўны пераварот або закулісная інтрыга, якая скончыцца выдаленнем Пуціна.

І думаю, што гэта адбудзецца даволі скора — бо ўсе людзі з больш-менш наяўным клёкам разумеюць, што Пуцін вядзе Расею да поўнай катастрофы.

- Калі ў тым або іншым выглядзе кропка будзе пастаўленая — Вы хацелі б вярнуцца ў Расею?

- Усё залежыць ад таго, якой будзе Расея. Думаю, што ў кожным выпадку пасля Пуціна яна будзе лепшай, чым цяпер, — сумна ўсміхаецца Арцемій Троіцкі. - Прынамсі, тады я змагу Расею рэгулярна наведваць, і мне б гэтага, несумненна, хацелася. Наконт таго, каб перасяляцца туды навекі — гэта наўрад.

- А ў дэмакратычную Беларусь — прыедзеце?

- З вялікім задавальненнем у Беларусь прыеду, там жыве мая цешча. І мая жонка — грамадзянка Рэспублікі Беларусі, яна вельмі сумуе па сваёй радзіме. Так што, думаю, прыедзем, і дастаткова скора.

- Дарэчы, Вашу жонку закранула нядаўняя гісторыя з забаронай выдачы беларускіх пашпартоў за мяжой?

- Мы размаўлялі з ёй на гэтую тэму, але, увогуле, ніякага драматызму ў нашай канкрэтнай сітуацыі няма.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках