6 траўня 2024, панядзелак, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Беларусаў чакаюць выязныя візы?

32
Палітолаг: Беларусаў чакаюць выязныя візы?

Палітолаг мяркуе, што пачаць могуць з моладзі да 30 гадоў.

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка пацвердзіў, што ў Беларусі будуць адпрацоўваць і платнікі, а для бюджэтнікаў тэрмін адпрацоўкі павялічаць да пяці гадоў.

Чаму рэжым узяўся за студэнтаў? З такім пытаннем сайт Charter97.org звярнуўся да палітолага Дзмітрыя Балкунца:

- Гэта звязана з працэсам адтоку маладых спецыялістаў з Беларусі, студэнтаў і выпускнікоў школ. Адток мае аб'ектыўныя прычыны, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі, а таксама тым, што моладзь не звязвае будучыню з Беларуссю ў цяперашняй сітуацыі, агулам негатыўна ставіцца да рэжыму Лукашэнкі.

Тут трэба адзначыць і катастрафічнае падзенне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў ВНУ. Апошні аўтарытэтны рэйтынг Times паказаў, што БДУ (адзіная беларуская ВНУ ў гэтым рэйтынгу) знаходзіцца на больш чым 1200-ым месцы ў пераліку ўніверсітэтаў свету. Гэта сведчыць аб тым, што ў галіне адукацыі адбываецца моцная прасадка.

Таму ўлады робяць чарговую спробу, далёка не першую, для таго, каб неяк стрымаць моладзь драконаўскімі мерамі. Гэтыя метады вяртаюць Беларусь у перыяд прыгоннага права, якое было распаўсюджанае і ў савецкі перыяд. У тыя гады была сістэма размеркавання, характэрная для планавай эканомікі: паступала замова, рыхтавалі спецыялістаў, якія ведалі, што 40-50 гадоў правядуць у такім месцы. Гэта значыць нарадзіўся, адвучыўся, а далей кантракт і - усё. Нават маглі адразу вызначыць, дзе будуць хаваць.

Вось Лукашэнка і надумаў выкарыстоўваць такую ж мадэль, жывучы ў савецкай парадыгме. Гэта абсалютна ўтапічная гісторыя, якая прывядзе да таго, што ў людзей будзе адсутнічаць стымул, не будуць гарэць вочы.

Калі хтосьці хоча, то можа працаваць паводле такой схемы, але абавязваць - гэта няправільна.

- Як бы не хацелася лукашыстам, а моладзь у Беларусі ўжо не савецкая. Як будуць рэагаваць студэнты на гэтыя новаўвядзенні?

- Моладзь, вядома, памянялася, але вось улада ў Беларусі не мяняецца ўжо 30 гадоў. Не толькі Лукашэнка, а і людзі, якія знаходзяцца побач з ім, — з глыбокага СССР. Зразумела, што моладзь успрыме адпрацоўку негатыўна, будзе выкарыстоўваць кожную спробу для таго, каб з'ехаць.

Я ўвогуле мяркую, што Лукашэнка можа пайсці яшчэ на больш жорсткія меры. Ён можа ўвесці ў Беларусі візы на выезд з краіны, у тым ліку - для моладзі да 30 гадоў.

Мы бачылі ягоныя апошнія пастановы аб дакументах. Яны сведчаць аб тым, што ў яго няма ніякіх тармазоў. Лукашэнка прымае ўсялякія захады, якія ўважае за патрэбныя.

Улады будуць старацца і далей рабіць намаганні, накіраваныя на стрымліванне адтоку асабліва рэдкіх або вельмі запатрабаваных спецыялістаў: медыкаў, педагогаў, будаўнікоў і гэтак далей.

- Якую параду вы б далі выпускнікам школ і студэнтам?

— Я б моладзі, якая разважае цяпер, куды паступаць пасля школы, параіў бы прыгледзецца і знайсці для сябе нейкія зручныя варыянты навучання ва ўніверсітэтах за мяжой. Тым больш, што шмат у якіх краінах можна адукацыю атрымаць абсалютна бясплатна, а бытавыя выдаткі будуць такімі ж, як і ў Беларусі.

Што да студэнтаў, то калі ёсць магчымасць, то проста цяпер, падчас вучобы, шукаць стажыроўкі ва ўніверсітэтах па ўсім свеце. Бо калі чалавек на нечым спецыялізуецца, то было б нядрэнна, калі б ён атрымаў магчымасць павучыцца ў іншай краіне. Падкрэслю, што не ведаю, наколькі зараз гэта рэалістычна.

Плюс, пры першай магчымасці, паспрабаваць нейкім чынам пазбегнуць прымусовага занурэння ва ўсю гэтую дзейнасць, якую яны там праводзяць. Але ў той жа час, калі ўжо так атрымалася, то выкарыстоўваць гэты досвед для свайго прафесійнага росту.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках