7 траўня 2024, aўторак, 5:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палкоўнік УСУ: За дзень гэтай зброяй можна абяскровіць усю лагістыку расейцаў на Поўдні

4
Палкоўнік УСУ: За дзень гэтай зброяй можна абяскровіць усю лагістыку расейцаў на Поўдні
Пятро Чэрнік

Як ATACMS могуць пераламаць ход вайны ва Украіне.

Расейскія прапагандысты асцерагаюцца перадачы Украіне амэрыканскіх балістычных ракет ATACMS.

"Для буйных расейскіх вайсковых караблёў у Чорным моры не будзе ніводнага месца, дзе б яны маглі схавацца", — паскардзіўся эксперт Міхаіл Хадаронак у эфіры расейскай прапагандысцкай праграмы "60 хвілін".

Ці абгрунтаваныя асцярогі расейцаў? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з украінскім вайсковым аналітыкам, палкоўнікам запасу Узброеных сіл Украіны Пятром Чэрнікам.

- Калі гаварыць пра сістэмы ATACMS, то гэта зброя, якая можа змяніць хаду вайны. Пытанне толькі ў колькасці. Калі дадуць некалькі дзясяткаў — гэта, вядома, вельмі добра. Мы нешта знішчым, да нейкіх аб'ектаў "дастанем", але хаду вайны не пераломім. Скажу, што амэрыканцы на складах маюць 4000 такіх ракет.

Таму патрэбны менавіта ATACMS. Па-першае, гэта балістычная ракета хуткасцю 5400 кіламэтраў за гадзіну, яе практычна немагчыма збіць. Радыус — да 300 кіламэтраў. Яна некалькі хвілін знаходзіцца ў паветры, расейцы не маюць сродкаў для змагання з ёй.

Па-другое, гэтыя ракеты перасягаюць і SCALP, і Storm Shadow, і Taurus, якія выпускаюцца з дапамогай самалётаў ды інтэграваныя ў савецкія Су-24. Су-24 — цяжкая і старая машына, якую трэба абслужыць, паставіць у яе ракету, пілоты маюць сесці ў кабіну, узняцца ў паветра, выйсці на мяжу старту, ажыццявіць старт і вярнуцца. Гэта займае шмат часу. Акрамя таго, на гэтыя машыны ўвесь час палююць. Вораг часта б'е па нашых аэрадромах. Самалёты мы ратуем, але іх трэба ўвесь час узнімаць у паветра.

ATACMS выпускаюцца з дапамогай HіMARS і M270 MLRS. Яны працуюць уначы, вораг іх не можа заўважыць, тубус перанабіваецца 15-20 хвілін. За паўдня можна насыпаць некалькі дзясяткаў, а то і сотняў ракет. Чаму? Украіна — другая ў свеце пасля ЗША ў колькасці HіMARS і M270 MLRS. У нас стае гэтых сістэм.

За дзень работы такімі ракетамі можа абяскровіць лагістыку расейцаў аж да Марыюпаля і Бердзянска. Ці можна гэтымі ракетамі патэнцыйна дастаць да Крымскага моста? Можна. Ад Керчы да Гуляйполя — крыху больш за 260 кіламэтраў, ракета б'е да 300 кіламэтраў. Гэта магчыма, але ёсць нюанс: як шмат іх дадуць. Калі першая партыя будзе 30 ракет — гэта будзе вялікі крок наперад.

- Вы кажаце, што ракеты SCALP і Storm Shadow выкарыстоўваюцца сёння з дапамогай савецкіх знішчальнікаў. Што зменіцца, калі іх інтэгруюць з F-16?

- Зменіцца дакладнасць, манэўранасць. Мы разумеем, што Су-24 і F-16 непараўнальныя сваімі паказчыкамі. Але для таго, каб пераламаць хаду вайны, важная колькасць, колькасць і яшчэ раз колькасць. Ракет SCALP і Storm Shadow выраблена толькі некалькі тысяч, калі маем некалькі сотняў гэтых ракет, гэта вельмі добра. Аднак я ў гэтым пытанні скептык і думаю, што УСУ мае некалькі дзясяткаў. Нямеччына дэкларуе, што мае толькі некалькі сотняў ракет Taurus, калі дадуць траціну — ужо добра.

Падкрэслю, такая колькасць ракет — проста супэр. Прыляцела ў штаб Чарнаморскага флоту ў Севастопалі, знішчылі ў сухім доку вялікі дэсантны карабель, які немагчыма аднавіць, знішчаная падводная лодка класу «Варшавянка» — гэта 300 мільёнаў даляраў, але каб быў сапраўдны эфект — мае быць колькасць.

F-16, дарэчы, можа мець у камплектацыі ракеты AGM-88 HARM. Яна можа працаваць на адлегласці да 1000 кіламэтраў. Гэтых ракет, дарэчы, таксама вельмі шмат — больш за 5000. Зноў жа, пытанне толькі ў колькасці, якую перададуць УСУ. Колькі іх будзе — адказу на гэтае пытанне я не маю.

- Якая дакладная колькасць ракет ATACMS трэба для пералому хады вайны ва Украіне?

- У межах 1000. З дапамогай тысячы ракет мы можам некалькі дзён трымаць паўднёвы плацдарм без якой-небудзь лагістыкі.

- Апошнім часам рэгулярна прылятае ў аб'екты ў акупаваным Крыме. Што здарылася з хвалёнай расейскай СПА, якая ў Крыме, з іхніх слоў, лепшая за маскоўскую?

- У Крыме сістэма СПА не лепшая, а шчыльнейшая. Так будзе больш правільна сказаць. Іх больш. Але выходзіць, што іхняя СПА не вытрымлівае канкурэнцыі з лепшай заходняй зброяй. Гэта вельмі добрая навіна, бо расейцы дагэтуль застаюцца другімі ў свеце вытворцамі сістэм СПА.

Сістэма С-400 (асабліва "Трыюмф") на сусветных рынках каштуе ў межах $1,2 мільярда за дывізіён (дывізіён – 4-6 стартавых установак і добры дзясятак дадатковых машын). Малайзія, Інданэзія, Егіпет, Турцыя купіла адзін дывізіён, Індыя — яны цяпер падумаюць, ці будуць купляць такую прадукцыю, бо яна ўжо неканкурэнтаздольная. А гэта ўдар па партманеце РФ, а ўдар па партманеце — удар па ўсім вайскова-прамысловым комплексе. Гэта цудоўна, але гэта працэс доўгатэрміновы. Эфект ужо ёсць — Егіпет адмовіўся купляць Су-35, Індыя выйшла з распрацоўкі Су-57. Аднак гэта не тыдні і не месяцы, а гады.

- Ці зможа расейская СПА ўправіцца з ATACMS?

- Пакуль што не было пацверджаных выпадкаў збівання нават Storm Shadow і SCALP. Добры дзясятак ужо скарыстаны, і няма пацвярджэнняў, што нейкія ракеты былі збітыя. Калі б расейскія сістэмы СПА збілі ракету – яе б абавязкова паказалі.

Хуткасць Storm Shadow і Taurus – 1000 кіламэтраў на гадзіну, іх патэнцыйна можна збіваць. Той жа самы "Трыюмф" дэкларуе магчымасць збіваць цэлі ў межах хуткасці 3000-4000 кіламэтраў за гадзіну. А ATACMS – гэта 5400 кіламэтраў на гадзіну. Гэта ракеты, якія хутчэйшыя за Storm Shadow і Taurus у пяць разоў.

Не ўяўляю, чым яны будуць збіваць ATACMS, раз яны не могуць даць рады Storm Shadow.

- Ці выйдзе закрыць гэтымі ракетамі акваторыю Чорнага мора?

- Толькі часткова. ATACMS – гэта 300 кіламэтраў. Крым з поўдня на поўнач — гэта 250 кіламэтраў. Бяром умоўны пункт за 20 кіламэтраў ад фронту, бо трэба думаць аб бяспецы машыны, на нуль такую тэхніку ніхто не будзе выводзіць. Глыбіня акупацыі — ад 70 да 150 кіламэтраў, самы блізкі пункт, дзе знаходзяцца УСУ, — Вярбовае і Рабоціна. Але разумеем, што тамака ніхто РСЗА ставіць не будзе.

Найлепшы пункт — Гуляйполе, крыху ніжэйшы за Запарожжа. Бяром ад яе радыус 300 кіламэтраў. Гэта большая частка Крымскага паўвострава, можна дастаць да Керчы. Калі браць акваторыю Чорнага мора, то 300 кіламэтраў ад умоўнай Адэсы. Але ўся акваторыя не перакрываецца, яны маюць цяжкія фрэгаты, да прыкладу — "Адмірал Макараў", патрульныя караблі "Васілій Быкаў" і "Каракурт", якія могуць заходзіць углыб Чорнага мора, а ракета "Калібр" можа ляцець на 2500 кіламетраў. З такога пункту мы іх не дастаём.

Але калі з'яўляецца F-16, які можа з ваколіц Адэсы залятаць на 500-600-700 кіламэтраў, а далёкасць ракеты —- 1000, то можна пазмагацца і за цэлі, якія б'юць з глыбіні Чорнага мора.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках