Пашпарт заканчваецца, а ў Беларусь нельга: што рабіць
3- 7.09.2023, 11:14
- 7,222
Варыянты для беларусаў, у якіх ёсць ДНЖ і ў якіх яго няма.
7 верасня набыў моц Указ № 278, які пазбавіў беларусаў магчымасці атрымліваць або падаўжаць пашпарты за мяжой. Для людзей, якім вяртацца ў Беларусь небяспечна, застаецца няшмат варыянтаў.
Тэлеграм-канал Dzik Pic расказвае, што цяпер рабіць беларусам у розных сітуацыях.
Калі пашпарт скончыўся, але ёсць ДНЖ - атрымліваем польскі праязны дакумент замежніка
Самы відавочны варыянт для беларусаў, у якіх ужо ёсць ДНЖ, але няма пашпарта ці ён пратэрмінаваны - гэта польскі праязны дакумент.
Ён замяняе пашпарт замежніка для паездак за мяжу і назад у выпадках, калі пашпарты няма, а атрымліваць новы немагчыма. Так што фактычна гэта – замежны пашпарт тэрмінам на 1 год.
Цяпер яго можна атрымаць бясплатна і з любым відам ДНЖ, уключаючы Блюкард і карту часоага побыту па рабоце або JDG (аналаг ІП). Раней гэта было магчыма толькі з гуманітарным ВНЖ і з пастаянным дазволам на жыхарства.
Пакуль тэрмін спрошчанай выдачы - да 31 снежня 2023 года (а далей яго павінны падоўжыць).
Магчыма, праз нядаўнюю змену правілаў выдачы на практыцы з ім бываюць праблемы. Напрыклад, насуперак абяцанням, народжанае ў Польшчы дзіця па-ранейшаму не можа атрымаць такі праязны дакумент. Зрэшты, нават у дарослых з пратэрмінаваным пашпартам з гэтым бываюць праблемы. Асабліва, калі вы жывяце ў «марудлівым» Уроцлаве.
Пашпарт скончыўся, але няма ДНЖ - міжнародная абарона
Многія беларусы апынуліся ў закладніках сітуацыі. Іх пашпарт яшчэ дзейнічае, але яны ўжо год чакаюць пастановы аб працоўным ДНЖ. А той могуць выдаць на кароткі тэрмін, падчас якога давядзецца разглядаць мільён пытанняў з легалізацыяй.
Тыя, хто не паспявае, апынуцца ў нявыкрутцы: з пратэрмінаваным пашпартам нельга падацца на візу/ДНЖ, а без ДНЖ нельга атрымаць польскі праязны дакумент. У такім выпадку варыянт застацца толькі адзін - міжнародная абарона.
Міжнародная абарона бывае двух тыпаў - статус уцекача і статус дадатковай абароны.
Вам лепш будзе прыкласці довады пераследу/небяспекі пераследу ў Беларусі (парадак, пастанова ў справе, медыцынская даведка аб пабоях і г.д.). Зрэшты, статут дадатковай абароны даюць і без гэтага.
Не блытайце гуманітарны ДНЖ/візу з міжнароднай абаронай ці палітычным уцякацтвам, гэта розныя статуты.
Галоўныя плюсы - яна дае права знаходзіцца ў краіне, калі ўсе астатнія варыянты легалізацыі немагчымыя, а яшчэ ў статусе міжнароднай аховы можна весці ІП (у адрозненне ад гуманітарнай візы/ДНЖ).
Падаюцца на міжнародную ахову ў сярэднім толькі 3 адсоткі беларусаў.
Разгляд заявы паводе закону займае да 6 месяцаў, але на практыцы бывае па-рознаму. Ваш пашпарт увесь гэты час захоўваецца ва Управе спраў замежнікаў.
На працягу шасці месяцаў нельга працаваць, калі ў вас не было дазволу на працу падчас падачы на абарону.
Пашпарт яшчэ дзейнічае - падача на візу або ДНЖ
У Польшчы больш немагчыма атрымаць паўторную візу РВН/гуманітарную, а таксама візу Humanitarna z oznaczeniem Poland.Business.Harbour. Але атрымаць візу РВН усё яшчэ магчыма ў Малдове, Балгарыі і Грузіі.
Але пры падачы на гадавую візу пашпарт павінен дзейнічаць мінімум 1 год і 3 месяцы, на два гады - 2 гады і 3 месяцы.
Калі ў вас ужо ёсць адна з такіх віз - да заканчэння візы можна паспець падацца на адпаведны ДНЖ. Пры гэтым пашпарт павінен быць сапраўдны на момант падачы дакументаў, нават калі ён у працэсе скончыцца.
Тут таксама не без праблем: забраць карту побыту з пратэрмінаваным пашпартам не атрымаецца. Для гэтага трэба іьці ў беларускае консульства па poświadczeniem tożsamości. Або чакаць змены польскіх законаў.