8 лiстапада 2024, Пятніца, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палёты вылучэнца ў сне і наяве

2
Палёты вылучэнца ў сне і наяве

Наступіла нейкая асаблівая цішыня.

Навагоднія святы абудзілі пустыя надзеі. І падалося нават, што з гэтага часу ўсё пойдзе на лад. Але пасля візіту ў Крэмль штатнага Дзеда Мароза і двух тыдняў яшчэ не прайшло, як прыляцела раптам жудасная навіна.

Недзе над Азоўскім морам украінская СПА дзяўбанула раптоўна расейскі самалёт. Не які-небудзь першы-лепшы, сабраны спехам з таго, што яшчэ заставалася ў запасе ад ранейшых часоў. А той самы, усёвідушчы, пад завязку начынены электронікай. Проста змахнулі яго з небасхілу, нібы пылінку. Прабілі жудасны пралом ва ўсёй сістэме ВКС.

Словам, перапыніў свой палёт А-50, самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення. Гонар былога расейскага авіяпраму. Такіх усяго было ў войсках не больш за дзесяць.

Ды што там казаць - праваронілі, празявалі, не збераглі. Аб экіпажы і ўсіх, хто быў на борце гэтага паветранага судна, ведалі толькі тыя, каму належыць. Кожны з іх - унікальны спецыяліст. На паскораных курсах такіх не падрыхтуеш. Мала адной бяды, дык следам па тым жа курсе пайшоў Іл-22 - паветраны камандны пункт. І таксама атрымаў сваё. Запытаў аэрадром у Анапе падрыхтаваць яму аварыйную пасадку. Пажарных, машыны хуткай дапамогі. Ваенкары потым выклалі ў сеціве здымкі зрашэчанага асколкамі хваста гэтага борта, які дацягнуў да пасадачнай паласы. Наўрад ці пасля такіх пашкоджанняў яго змогуць вярнуць у шыхт.

І найвышэйшая рэакцыя на гэтыя незаменныя страты была адпаведнай. Кажуць, быццам крамлёўскі кіраўнік гарлапаніў, тупаў нагамі і абяцаў вінаватых згнаіць або наогул развеяць. Так усё і было, ці гэта толькі уяўныя выдумкі ўяўных інсайдэраў, не скажа ніхто. Табу. Дзяржаўная таямніца. Пасля катастрофы ўсё засакрэчана.

А чаго паслугачы чакалі? Раздачы маёнткаў і ордэнаў? Гэта ж дадумацца трэба было - так падставіць правадыра і вылучэнца на новы тэрмін. У яго зараз самы адказны перыяд. Апошнія два месяцы перад выбарамі. Той самы момант, калі трэба засяродзіцца перад вызначальным рыўком да мэты. Пункт адліку ў гэтай перадвыбарнай гонцы быў абраны на рэдкасць удала. Чукотка, край кантынента. Менавіта аб гэтых месцах марылі ў сваіх электаральных роздумах ці ледзь не ўсе савецкія правадыры. Але ніхто наведацца туды не адважваўся. Гіблыя месцы. Баяліся туды патрапіць і там і застацца.

А вось ён наважыўся. І ўсё прайшло на здзіўленне ўдала. Былі шчырыя размовы. Народ у месцах гэтак аддаленых апынуўся на здзіўленне “скрепный”. Спрабаваў казаць аб самым надзённым і набалелым. Ну як тут можна было не адказаць шчыра, нічога не хаваючы? Прыйшлося нават расказаць, што падчас рэдкіх сустрэч з аднакласнікамі і іншымі аднакурснікамі тыя проста яго не пазнаюць. І пытаюцца бесцырымонна: ты гэта ці не ты? Але ж тут уся справа ў той меры адказнасці, якую ўскладае на сябе чалавек, які дасягнуў такіх вышынь. І ў даверы глыбіннага народа, вядома.

Чукоцкія жыхары былі проста ўзрушаны такой нечаканай шчырасцю кандыдата ў правадыры. І спрэс забыліся ўсе тыя пытанні, з якімі яны ішлі на гэтую лёсавызначальную сустрэчу. Наступіла нейкая асаблівая цішыня. І па тундры нібы праслізнуў нават невыразны цень нейкага там Васільіча. Але злая завея паспяшалася замесці яго босыя сляды. Каб не бянтэжыць суправаваджальных.

Добрая атрымалася сустрэча з народам. З усімі, хто пакуль яшчэ не сышоў у горы следам за нейкім тамака іх Алітэтам, а цярпліва выслухоўваў вялізныя адказы прыезджага правадыра на незададзеныя яму пытанні. Было цёпла, лёгка і радасна. Мясцовая настаўніца спрабавала вучыць яго чукоцкай мове. Нехта парываўся пакатаць госця на балотаходзе. А Берынгаў праліў страшыў вялізнай прасторай і беспрасветнай імглой. І навяваў, вядома, дзяржаўныя думы.

Пакуль доўжылася гэтая чукоцкая рэлаксацыя і выспявалі новыя грандыёзныя планы, прыйшлі апошнія навіны ад яго перадвыбарнай каманды. Відавочна, паплечнікі хацелі яго парадаваць. І на ўсялякі выпадак нагадаць аб сваіх заслугах. У падтрымку найвышэйшага вылучэнца сабрана ўжо два з паловай мільёны подпісаў. Як было тут не здзівіцца. І гэта па ўсёй краіне?

Мала, страшэнна мала! Яны што тамака, яшчэ так і не зразумелі, хто вылучаецца? Ягоны шлях да новага тэрміну ва ўладзе павінен быць бліскучым і бездакорным. І калі знік раптам кудысьці і растварыўся ў масоўцы маршал, які павінен увесь час пастаўляць да двара пераможныя рэляцыі, калі гараць і падаюць над азоўскім хлебам дарагія самалёты, а па тылавых гарадах лопаюцца трубы і батарэі цэнтральнага апалу, дык вазьміце на сябе хоць бы электаральную падтрымку. Каб усё было як у тундры. Дзе спакой і вечнасць. І жыццё без змен. Будзе бязмерна шкада, калі нават бяспройгрышныя выбары не дадуць падстаў даказаць усяму свету, што ён тут адзіны і незаменны.

А зрэшты, пра што шкадаваць? Яшчэ не ўсё страчана. І далёка не ўсе самалёты збіты. І калі так катастрафічна не шанцуе на фронце, то напэўна пашанцуе на выбарах, да якіх ужо рукой падаць. Усё там пралічана, усё схоплена. І калі на фронце так маркотна і бязрадасна, а ў тыле галеча і нешанцаванне, то на сакавіцкіх выбарах абавязкова здарыцца нешта радаснае і нават феерычнае. Там яго чакае ашаламляльная перамога. Калі толькі разлікі дакладныя і паслугачы не хлусяць.

Гэтыя - не хлусяць?..

Уладзімір Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках