8 лiстапада 2024, Пятніца, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваць паводле права глебы

3
Арыштаваць паводле права глебы

Мы не станем "дапушчальнымі стратамі".

Украінку, якая жыве ў Беларусі, 4 студзеня затрымлівае ГУБАЗіК. Яе змушаюць на відэа, якое карнікі ў той жа дзень размесцяць на сваіх тэлеграм-каналах, сказаць, што яна "падтрымлівала ўкраінскіх неанацыстаў". Украінку. Грамадзянку краіны, якая ўжо амаль два гады адчайна супраціўляецца атакам шматлікага варожага войска. Мне давялося паглядзець гэтае відэа, бо інакш, са слоў калег, усё адно ніяк не верылася. Паглядзела. Успомніла.

18 снежня да пяці гадоў пазбаўлення волі прысудзілі Чэслава Канановіча - за 10 данатаў палку Каліноўскага, які ваюе за Украіну. Агульная сума данатаў - 1200 рублёў, 340 еўраў.

22 снежня палітычнаму вязню магілёўцу Аляксандру Кулікаву, прысуджанаму да трох гадоў пазбаўлення волі за каментары, дадалі яшчэ паўтара гады - за планы далучыцца да палка Каліноўскага і ваяваць за свабоду Украіны.

22 лістапада Аляксандр Бараноўскі, таксама магілёвец, быў прысуджаны за дапамогу палку Каліноўскага да пяці гадоў пазбаўлення волі. 1 снежня такі ж прысуд атрымаў Аляксандр Ганчароў, а 17 кастрычніка за тое ж самае берасцейскага праграміста Аляксандра Райчанку прысудзілі да шасці гадоў турмы.

17 жніўня ў Гомелі да трох гадоў прысудзілі прадпрымальніка Юрыя Ташкінава. Юрый быў рэзідэнтам гомельскага тэхнапарку, распрацаваў мабільны дадатак для онлайн-пошуку выканаўцаў работ у розных сферах. А пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну пачаў выказвацца супраць вайны і публікаваць справаздачы аб гуманітарнай дапамозе Чарнігаўшчыне. Вынік - тры гады і, вядома, даданне ў спіс тэрарыстаў.

Рамана Рафеенку, асуджанага за ўдзел у мірных маршах, на «пакаянным» відэа прымусілі размаўляць у кепцы з гербам Украіны. Яраслава Саковіча, які жыў ва Украіне і вярнуўся ў Беларусь, катавалі, дамагаючыся прызнання ў тым, што ваяваў у УСУ.

Алену Дзмітрыеву, якая жыве ў Берасці, арыштавалі на мяжы пасля паездкі ў Польшчу на закупы толькі таму, што ў пашпарце месцам нараджэння была запісаная Украіна. Гэтага было дастаткова, каб памежнікі выклікалі нейкіх людзей у цывільным, якія забралі ў Алены тэлефон і нешта нядобранадзейнае там знайшлі. Потым яе судзілі паводле «карагоднай справы», але нагодай для паглыбленай праверкі стаў просты запіс у пашпарце ў графе «месца нараджэння».

Кацярыну Бруханаву, грамадзянку Украіны, арыштавалі па такой жа схеме. Дзяўчына вучылася ў Кітаі і працавала ў Беларусі перакладчыцай з кітайскай мовы, а гэта ў наш час у Беларусі амаль жалезнае алібі. Але пашпарт Украіны пры вяртанні з тых жа польскіх "закупаў" стаў дастатковай падставай для вывучэння пад мікраскопам яе тэлефона, у якім знайшлі відэа расейскай вайсковай тэхнікі. Два з паловай гады, спіс экстрэмістаў - увогуле, як і трэба было чакаць. Але калі б не пашпарт Украіны - магчыма, і не палезлі б на мяжы ў яе тэлефон, як і ў тэлефон Алены Дзмітрыевай, у якой і пашпарт прыдатны, беларускі, толькі месца нараджэння «няправільнае».

Беларусы, якія яшчэ ездзяць аўтобусамі праз мяжу, расказваюць, што кожны раз кіроўца перад праходжаннем мяжы кажа: «Украінцы ў аўтобусе ёсць? Тады яшчэ пару гадзін адразу дадавайце да мяжы, іх усіх дапытваць будуць». А некаторых - яшчэ і арыштоўваць паводле права глебы. Са звестак «Вясны», за мінулы год 33 чалавекі былі прысуджаныя да турэмных тэрмінаў толькі за падтрымку Украіны (напраўду, напэўна, нашмат больш). Пра адміністрацыйныя арышты за фатаграфіі ў тэлефоне з даўніх адпачынкаў у Адэсе і казаць не даводзіцца, іх сотні. І на гэтым фоне ў самой Украіне стаўленне да беларускага рэжыму чамусьці паступова цяплее. З кожным новым прысудам усё часцей гучаць ва Украіне сцвярджэнні, што Лукашэнку трэба аддаць належнае, бо ён не дазволіў уцягнуць Беларусь у вайну. Што ён практычна малайчына, навучыўся па-майстэрску пятляць і не паддавацца патрабаванням Крамля. Што ўдзел Беларусі як плацдарму для расейскіх узброеных сілаў у апошні час зменшыўся. Што Лукашэнку ўдалося прадухіліць уварванне расейскіх войскаў з беларускай тэрыторыі. Яшчэ крыху, яшчэ некалькі прысудаў за падтрымку Украіны - і яго, відавочна, зноў назавуць міратворцам. А загінулых за свабоду Украіны беларусаў і асуджаных за яе падтрымку - дапушчальным стратамі.

І што ж нам рабіць зараз? Ды тое ж, што і раней, - дапамагаць палітвязням, дапамагаць Украіне і пляваць з высокай званіцы на афіцыйныя выказванні з кожнага боку. Бо менавіта грамадзяне, а не афіцыйныя асобы, і ёсць носьбіты праўды і спагады, якія дапамагаюць і салідарныя, адважныя і мудрыя. Якія змагаюцца і ўрэшце перамагаюць.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках