Зяленскі патэлефанаваў прэзідэнту Польшчы Дуду
6- 9.01.2024, 21:48
- 3,938
Абмеркавалі мяжу, падтрымку Украіны і ўдзел у ЕЗ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзідэнту Польшчы Анджэю Дуду за падтрымку Украіны на шляху да ўступлення ў ЕЗ і NATO і падкрэсліў, што паміж польскім і ўкраінскім народамі «не павінна быць межаў». Пра гэта ён сказаў у аўторак, 9 студзеня, падчас тэлефоннай размовы з польскім прэзідэнтам.
«Наша агульная мяжа мусіць быць сапраўднай еўрапейскай мяжой. Мяжой адзінства», – сказаў Зяленскі.
Прэзідэнты абмеркавалі пытанні фінансавання Украіны з боку ЕЗ і палітычную падтрымку, а таксама магчымыя пастановы будучага саміту NATO.
Зяленскі падзякаваў Польшчы за пастанову даслаць прадстаўніка на сустрэчу ў Давосе датычна формулы міру і ўзняў пытанне пра далучэнне Польшчы да супольнай дэкларацыі Групы сямі датычна гарантыяў бяспекі для Украіны.
Таксама бакі абмеркавалі расейскія масаваныя атакі і неабходнасць узмацнення ўкраінскай СПА.