27 лiпеня 2024, Субота, 3:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Пуцін рыхтуе раскіданне Расеі

16
Як Пуцін рыхтуе раскіданне Расеі

І хто прыбярэ Лукашэнку?

Ці ўступіць беларускае войска ў вайну? Як «цудоўны мэнэджар» Пуцін раскідвае Расею. Чаму Украіна не дабілася вайсковага поспеху? Як атакі хусітаў уплываюць на вайну ва Украіне? Хто можа рыхтаваць змову супраць Лукашэнкі?

Пра гэта і не толькі каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка расказаў у каментары для праграмы «Вынікі тыдня» на YouTube-канале «Маланка».

Сайт Charter97.org падрыхтаваў стэнаграму размовы.

- Мы не будзем з вамі сёння ў гэтай кароткай размове закранаць тэму палітвязняў, бо мы падрабязна пра гэта пагаварылі (і пра Аляксея Навальнага, і пра беларускіх вязняў сумлення) у інтэрв'ю, якое выйдзе на наступным тыдні.

Я б хацеў частку пытанняў, якія ў мяне былі падрыхтаваныя да яго, але не паспеў іх задаць, прагаварыць зараз. Давайце, магчыма, мы пачнём з гэтай дзіўнай гісторыі з нейкімі дыверсантамі. Аж контртэрарыстычную аперацыю Лукашэнка абвясціў у Лельчыцкім раёне. Вам гэтая гісторыя што нагадвае? Я вось паглядзеў відэа з гэтымі людзьмі, якіх яны за дыверсантаў выдаюць, іхнія фатаграфіі. На маю думку, гэта людзі, якія альбо проста мяжу нелегальна перайшлі, альбо кантрабандысты звычайныя, якіх яны затрымалі і надумалі вось гэтую карту разыграць.

- Кажуць, што іх было трое.

- Так. Два ўкраінцы і адзін беларус.

- Так. Але напраўду – дзясяткі тысяч. Мы бачылі гэтыя пакаянныя відэа, і гэта ўсё былі "экстрэмісты". А для мяне слова "экстрэміст" - гэта дыверсант. “Экстрэмісты”, “тэрарысты” - працягваецца шэраг ворагаў рэжыму Лукашэнкі, і ён бясконцы.

І мы ведаем, што ў “экстрэмісцкіх фармаваннях” — дзясяткі тысяч беларусаў, але ўсё адно людзі цікавяцца “экстрэмізмам”. Мне падаецца, што гэтая праява такой істэрыі рэжыму, бо напраўду “экстрэмістаў” — мільёны. “Экстрэмісты” - гэта тыя, хто нязгодны з уладай. І не абавязкова паводле палітычных артыкулаў. Мы ведаем, гэта і сядзельцы паводле 328 артыкула.

Мы назіраем чарговага “пацука ў водаправодзе”. Такіх кампаній было шмат, “прарыў украінскага джыпа” мы памятаем (мы яго так і не ўбачылі). Але, на жаль, лёс "дыверсантаў" сумны, калі гэта не падстаўныя людзі.

Нечага новага я не бачу. Ведаю, што ў Беларусі дзейнічалі і сапраўдныя ўкраінскія дыверсанты, гэта вядома. І мы ведаем, што на расейскай тэрыторыі выбухаюць дроны, якія, хутчэй за ўсё, ляцелі праз Беларусь і ніхто іх не спыніў. Лукашэнка менавіта гэтага і баіцца.

- Так. Тут можна ўспомніць і самалёт А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах, які таксама падчас дыверсіі быў пашкоджаны. Сёння з Аляксеем Ганчарэнкам мы размаўлялі пра гэта. Ён быў у першай частцы нашага стрыму, народны дэпутат Украіны. Мы размаўлялі пра Аўдзееўку, якую давялося Узброеным сілам Украіны пакінуць. Я вас у такім кантэксце ў сувязі з гэтым спытаю. Вы казалі ў адным са сваіх інтэрв'ю год таму, што сітуацыя ў Беларусі шмат у чым залежыць ад таго, што адбываецца на фронце. Ад поспехаў або няўдач УСУ. Атрымліваецца, што калі гэтая вайна зацягнецца, калі яна на шмат гадоў, то ў Беларусі нічога мяняцца не будзе?

- Не ведаю. Апошнім часам я для сябе вызначыўся, разважаў, размаўляў з рознымі людзьмі, мусіць, я не веру ў прамую вайсковую перамогу Украіны, але і Расея не ваюе толькі з Украінай. Яна ўступіла ў бітву з усім цывілізаваным светам.

Нахабства ёй надае толькі нейтральная падтрымка Кітая, Паўночнай Карэі, Ірана, але гэта канкрэтныя тысячы, дзясяткі тысяч набояў, «Шахеды». З іншага боку - гэта бітва эканомік. У свой час Савецкі Cаюз, які быў другой эканомікай свету (зноў жа, у значнай ступені дзякуючы вытворчасці танкаў, атамных бомбаў і гэтак далей), распаўся ў выніку дзейнасці польскай "Салідарнасці" і вайны ў Афганістане. А сёння расейская эканоміка паводле ўнутранага валавага прадукту ў абсалютных цэнах - гэта 11-я эканоміка свету, паводле дэмаграфіі - не трэцяя, як Савецкі Саюз, а толькі дзявятая краіна. І чым даўжэй будзе ісці вайна ва Украіне, тым на большую колькасць кавалкаў распадзецца Расея. Тады, можа быць, расейскае войска будзе уцякаць, а ўкраінцы будуць наносіць больш сур'ёзныя ўдары. Мне падаецца, што ключавой будзе эканамічная параза Расеі. І калі яны будуць прасіць дапамагчы “ножкамі Буша”, іншым харчаваннем, магчыма змова супраць Пуціна, дзе алігархі будуць прасіць: “З гэтых 300 мільярдаў замарожаных грошай вы нам нешта вярніце, а мы разгледзім пытанні”. Але, безумоўна, украінцы плацяць каласальную цану жыццём тысяч людзей, разбітымі лёсамі, тэрыторыямі, эканомікай, усім. Але Украіна сёння не адна, і яна пераможа ў выніку агульнай барацьбы. Самае галоўнае - ва Украіны ёсць шмат добрых супольнікаў.

- Супольнікі добрыя. Але хацелася б, каб яны хутчэй прымалі дапамогу, абмінаючы ўвесь гэты бюракратычны апарат, які існуе ў еўрапейскіх краінах, ды і не толькі ў іх. А давайце разгледзім такую сітуацыю. Дапусцім, што мы па-ранейшаму жывём у сітуацыі вайны, але здараецца нейкі форс-мажор з Лукашэнкам, усе мы смяротныя. Якія тут варыянты магчымыя?

- Вайны наогул магло не быць, калі б кіраўніцтва Украіны падтрымала паўстанне беларускага народу ў 2020 годзе. Таму што Украіна імкнецца ў Еўрапейскі звяз ужо даўно, гэты пункт ёсць у Канстытуцыі, яна з'яўляецца асацыяваным чальцом з Еўрапейскім звязам, але ў 2021 годзе, у 2020-м быў рэкордны гандаль з рэжымам Лукашэнкі. І калі б тады былі прынятыя стратэгічныя пастановы, то вайны магло б не быць для Украіны наогул, сітуацыя была б зусім іншай.

Я нядаўна размаўляў з адным сваім сябрам, украінцам, які разбіраецца ў пытаннях бяспекі. Ён сказаў: "Гэта наша галоўная стратэгічная памылка, што мы не дапамаглі беларусам у 2020 годзе". І вось тут сітуацыя смерці Лукашэнкі не з'яўляецца ключавой, бо гэта як на зоне: змена гаспадара, змена начальніка ў калоніі, у турме…

- ... можа пагоршыць умовы ўтрымання зняволеных.

— Яна прывядзе, напэўна, да нейкага браджэння розуму, але беларусы зноў праявяць актыўнасць, калі ўбачаць сэнс сваёй дзейнасці, сваёй барацьбы. І гэта можа быць варыянт смерці Лукашэнкі, калі яго прыбірае ўласнае асяроддзе. Бо там таксама ёсць вельмі багатыя людзі, мільярдэры, мультымільянеры, якіх Лукашэнка ніяк не задавальняе, яны не бачаць перспектыў ні для сябе, ні для сваіх сем'яў. Такая ж сітуацыя ў Расеі. Калі, дапусцім, раней у РФ зарабляла вялізныя грошы тысяча сем'яў, а сёння сто зарабляюць на вайне, то астатнія толькі страцілі.

У Беларусі, вядома, маштабы значна меншыя, але ёсць людзі, якім ёсць што страчваць, якія разумеюць, што калі яны не прыбяруць Лукашэнку, то заўтра апынуцца па-за гульнёй наогул. Яны могуць падтрымліваць псеўдаапазіцыянераў, нейкіх людзей завербавалі ў турмах, але калі яны самі не прыбяруць Лукашэнку, іх проста не будзе, ім не будзе чаго выставіць, яны будуць бандай, якая суправаджала фюрара да апошняга дня.

Думаю, што гэтыя бізнэсоўцы, больш прадуманыя, у нейкі момант самі прыбяруць Лукашэнку з сумным для яго фіналам. І гэта крыху іншая сітуацыя. У гэтай сітуацыі беларусы, натуральна, уключацца. Калі гэта натуральная смерць: катаўся на лыжах, упаў - не вельмі веру, што гэта стане такім ключом да развязання сітуацыі ў рэгіёне. Таму што беларуская сітуацыя сёння - гэта частка рэгіянальнай і нават сусветнай праблемы.

- Таксама з вашых слоў, тры такіх элементы, якія могуць хутка скончыць вайну, вы называлі - гэта мужнасць, доблесць, адвага Узброеных сіл Украіны, гэта дапамога ўзбраеннем NATO і санкцыі. Цяпер мы якраз набліжаемся да другой гадавіны поўнамаштабнага ўварвання. Які з гэтых трох элементаў быў слабым звяном, які не выстаяў?

- Пастаўкі зброі. Неверагодны наступ украінцаў у Херсонскай вобласці, вызваленне Херсона з правага боку Дняпра і вызваленне большай часткі, амаль усёй Харкаўскай вобласці, - гэта было выклікана менавіта пастаўкамі HIMARS, якія змаглі ўскладніць лагістыку расейцаў. Відавочна, што трэба было пастаўляць да гэтых сістэм больш дальнабойныя ракеты. Не бачу логікі, чаму Амерыка гэтага не зрабіла. Бо была б іншая дынаміка. Колькі б там не было мінаў, як бы расейцы глыбока не акапаліся, калі ў іх няма чаго есці, калі ў іх няма падвозу набояў, патронаў, жывой сілы – Расея была б зусім у іншай сітуацыі. І тады, каб развіць поспех, патрэбная была як паветра гэтая падтрымка. Аднак час сышоў. І гэта, мусіць, ключавы момант.

Санкцый ад усіх бізнэсоўцаў дабіцца складана, няма нейкай “сусветнай паліцыі”, якая адсочвае ўсе санкцыі. Аднак мы бачым, што даходы ад продажу газу і нафты скараціліся на траціну, экспарт у Еўропу скараціўся ўтрая. А гэта ўсё паволі працуе. Але ёсць магчымасці яшчэ ўзмацніць санкцыі, а таксама неабходна паставіць ракеты далёкага радыусу дзеяння.

- TAURUS, ATACMS і гэтак далей.

- Так. Гэта вызначыць лёс вайны. Ёсць і іншыя, думаю, метады эканамічнага ўздзеяння. Напрыклад - на танкерны флот. Сёння Расеі "дапамаглі" сябры ў мусульманскім свеце. Хусіты лупяць ракетамі па танкерах, якія перавозяць сырую нафту і нафтапрадукты з Расеі для Індыі, і гэта падаўжае шлях.

Уявіце, з Новарасейска яны адразу ішлі ў Міжземнае мора, збочвалі налева, праходзілі праз Суэцкі канал, а там ужо Індыя. А зараз трэба плысці да Гібральтару, вакол Афрыкі. А гэта іншыя кошты, гэта павінны быць іншыя судны, бо не ўсе караблі могуць вытрымаць шторм у Атлантычным акіяне ці на поўдні, паміж Антарктыдай і Афрыкай. Гэтыя дзеянні хусітаў могуць радыкальна змяніць сітуацыю на ўкраінскім фронце, таму што канфлікт глабальны.

- Ці варта чакаць нападу з тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе?

- Не выключаю такую магчымасць. Расейцы правялі такую рэч, як "стоеная мабілізацыя". Спачатку яны казалі, што зменяць ўзрост набору з 18-27 гадоў на 21-30. Але потым сказалі: не, маладыя хлопцы хочуць крыху раней.

- У выніку верхнюю планку паднялі, а ніжнюю так і пакінулі.

- Так. А калі мы ўспамінаем Віктара Суворава і ягоную кнігу “День “М”, гэта азначае, што за шэсць перыядаў, як мінімум па 300 тысяч чалавек Расея атрымала.

- У кожны набор ці ў кожны год?

- У кожны набор. Набор раз на паўгода. Яны 300 тысяч чалавек могуць набраць. І гэта ўжо адбываецца незаўважна. Пра гэта ніхто не кажа, што "мы набіраем добраахвотнікаў", "да двух мільёнаў ёсць рэзерв". Калі людзі прыйшлі ў войска - іх прасцей апрацаваць, каб яны сталі кантрактнікамі, гэта значыць смяротнікамі.

Працягваецца набор зэкаў ужо без усялякага "Вагнера". Я чуў нават такія гісторыі, што проста ў турме адключалі ацяпленне на нейкі час, таму колькасць добраахвотнікаў значна павялічвалася. Чуў ад людзей, якія літаральна гэта перажывалі, але самі не пайшлі. Потым ёсць яшчэ эмігранты з краін Цэнтральнай Азіі, якія атрымалі грамадзянства. Цяпер іх ловяць. Мы чулі, што была аблава на тры тысячы чалавек, якія атрымалі пашпарты. “Пара ў войска”.

- Аддаць доўг.

- А таго ўзросту ці не таго, - гэта ўжо іншая справа. Ёсць яшчэ і іншыя механізмы. Аднак Віктар Сувораў кажа: калі вы перайшлі ў рэжым вайны, значыць ваша цывільная эканоміка абрынецца.

Што тычыцца Кітая (я ўжо неяк гэта вобраз падаваў), гэта тыгр, ён паціху пачынае грызці ступні гэтага расейскага паляўнічага, які надумаў страляць ва Украіну. Той ужо ад болю стукае сваёй стрэльбай, страляе.

Магу сказаць, што Расея ўжо здала ў арэнду вялізныя тэрыторыі для Кітая, гэта значыць адбываецца гэтае “адгрызанне кітайскім тыграм”. Але Расея яшчэ хворая на свавольства. Хворыя свавольствам часта не адчуваюць болі, яны знявечаныя, але могуць не адчуваць болю. Мне падаецца, у Расеі такая сітуацыя. У гэтым плане Пуцін - такі “цудоўны мэнэджар”. Таму што ён на ўсіх кірунках саступіў. Пагроза мусульманскага свету - вельмі дрэнныя стасункі, адкрытая мяжа. Галоўная пагроза - Кітай, які прэтэндуе на тэрыторыі і фактычна праводзіць анэксію. А Пуцін кажа: "Не, ён наш партнёр".

Паўночная Карэя. Калісьці Барыс Нямцоў казаў: "Глядзіце, каб гэтая ракета не ўпала дзе-небудзь у раёне Уладзівастока". "Удалая аперацыя" ў Балтыйскім моры, дзе зноў пагроза навісла над горадам Леніна, горадам Пятра, таму што там NATO можа абстрэльваць звычайнымі артылерыйскімі сістэмамі Санкт-Пецярбург.

Усё гэта сёння, вядома, дасягаецца мужнасцю менавіта ўкраінскага народа, мужнасцю войска, неймавернымі стратамі, але ўкраінцы не збіраюцца здавацца. І нават калі расейцы думаюць, што яны захопяць новыя тэрыторыі, скажу, што Савецкі Саюз у свой час акупаваў Афганістан. Чым усё скончылася? У сучасным свеце ты не можаш утрымліваць землі і народы тых краін, якія не хочуць жыць так, як ты гэта бачыш. І таму Пуцін стратэгічна вырак Расею на паразу.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках