Лукашэнкаўскі МЗС пагражае адказаць Літве за закрыццё памежных пераходаў
17- 22.02.2024, 15:27
- 14,154
Аднак пра меры ў адказ не паведамляе.
Пастанова літоўскіх уладаў аб закрыцці з 1 сакавіка 2024 года яшчэ двух пунктаў пропуску "Катлоўка - Лаварышкі" і "Прывалка - Райгард" і абмежаванні пасажырскага злучэння з'яўляецца выключна палітычна матываваным крокам, у тым ліку ў рамках электаральных кампаній, якія набіраюць абароты.
Пра гэта заявілі ў МЗС Беларусі і прыстрашылі "жорсткай" рэакцыяй.
"Беларусь будзе вымушаная жорстка адрэагаваць на гэтыя вельмі непрыязныя дзеянні Вільні з улікам інтарэсаў сваіх грамадзян і, наколькі гэта магчыма, жыхароў суседніх краін", — заявілі ў ведамстве.
Якія менавіта будуць прыняты меры - не паведамляецца.
Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што Літва з 1 сакавіка 2024 года закрывае яшчэ два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю - КПП "Лаварышкі" (сумежны - "Катлоўка") і "Райгард" ("Прывалка").