Дзяржаўны дэпартамент ЗША: Беларускі народ заслугоўвае лепшага
16- 25.02.2024, 21:38
- 9,786
ЗША асудзілі «фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары» ў Беларусі.
ЗША ў нядзелю асудзілі «фіктыўныя парламенцкія і мясцовыя выбары рэжыму Лукашэнкі», якія закончыліся ў Беларусі, перадае «Голас Амэрыкі».
«Выбары прайшлі ў атмасферы страху, у якой ніякія выбарчыя працэсы не могуць быць названыя дэмакратычнымі», — падкрэсліваецца ў заяве афіцыйнага прадстаўніка Дзяржаўнага дэпартамента Мэцью Мілера.
Рэжым Лукашэнкі па-ранейшаму трымае за кратамі больш за 1400 палітычных зняволеных, а ўсе незалежныя палітычныя дзеячы былі альбо затрыманыя, альбо высланыя, канстатаваў прадстаўнік замежнапалітычнага міністэрства ЗША.
«Усім незалежным палітычным партыям было адмоўлена ў рэгістрацыі. Беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, маглі галасаваць толькі ў выпадку вяртання ў Менск, дзе іх, мабыць, чакалі б рэпрэсіі, — адзначаецца ў заяве. – Гэтыя злоўжыванні фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і палітычны дыскурс у Беларусі».
Мілер адзначыў, што рэжым не дазволіў Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе ажыццявіць назіранне за выбарамі, "што яшчэ больш абмежавала празрыстасць, неабходную для правядзення свабодных і справядлівых выбараў".
"Злучаныя Штаты прызнаюць сілу, трываласць і мужнасць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнага руху Беларусі", — падкрэсліваецца ў дакуменце.
ЗША зноў заклікалі рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных вязняў і распачаць дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі.
"Беларускі народ заслугоўвае лепшага", - канстатаваў Мэцью Мілер.