27 лiпеня 2024, Субота, 3:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ падоўжыў санкцыі супраць Лукашэнкі і яго асяроддзя

15
ЕЗ падоўжыў санкцыі супраць Лукашэнкі і яго асяроддзя

За прадаўжэнне рэпрэсій і падтрымку Расеі ў вайне.

Рада Еўрапейскага Звязу прыняла пастанову прадоўжыць да 28 лютага 2025 года абмежавальныя захады, звязаныя з унутранымі рэпрэсіямі ў Беларусі і падтрымкай рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны.

«Пастанова была прынятая на аснове штогадовага перагляду абмежавальных захадаў з улікам рэпрэсій, якія працягваюцца і значнага пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама ўдзелу краіны ў незаконнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады ЕЗ.

Са жніўня 2020-га года ЕЗ увёў некалькі паслядоўных раундаў індывідуальных і сектаральных санкцый у дачыненні да асоб, адказных за ўнутраныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ў кантэксце ўдзелу краіны ў вайне Расеі супраць Украіны.

Асобныя абмежавальныя захады ЕЗ уключаюць замарожванне актываў і забарону на перадачу сродкаў. На фізічных асоб дадаткова распаўсюджваецца забарона на выезд. На гэты момант у спісе знаходзяцца 233 фізічныя асобы, уключаючы дыктатара Лукашэнку, і 37 юрыдычных асоб.

«Гэтымі захадамі ЕЗ сігналізуе адказным палітычным і эканамічным гульцам, што іх дзеянні і падтрымка рэжыму і Расеі каштуюць дорага», - адзначаецца ў паведамленні.

Беларусь таксама застаецца аб'ектам мэтавых эканамічных санкцый, уключаючы абмежаванні ў фінансавым сектары, гандлі, таварах двайнога прызначэння, тэхналогіях і тэлекамунікацыях, энэргетыцы, транспарце і іншых.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках