27 красавiка 2024, Субота, 9:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь увойдзе ў NATO

19
Беларусь увойдзе ў NATO

Нейтралітэт - не для нас.

У варшаўскім «Усходнееўрапейскім доме» (Dom Wschodni) прайшла прэзентацыя кнігі «Беларусь у NATO».

Які адказ на новыя выклікі можа даць наш рэгіён? Якая роля Беларусі ў стварэнні новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе? Менавіта на гэтыя пытанні паспрабавалі адказаць вядучыя спецыялісты ў галіне бяспекі краін NATO, Украіны і Беларусі ў зборніку, выпушчаным Фондам «Еўрапейская Беларусь».

Андрэй Саннікаў

На прэзентацыі кнігі адбылася дыскусія, у якой узялі ўдзел лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, экс-міністр абароны Польшчы, былы віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Януш Анышкевіч і вядомы расейска-амерыканскі гісторык Юрый Фяльшцінскі. Мадэратарам выступіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна. Яна расказала, у чым унікальнасць кнігі:

- Гэта сапраўды унікальная, грунтоўная праца, якая ўпершыню з'явілася ў гісторыі сучаснай Беларусі, распавядае аб тым, што наша краіна павінна стаць сябрам NATO. Вядома ж, размова ідзе аб свабоднай Беларусі. Тое, што Беларусь стане свабоднай, я абсалютна ўпэўненая. І адбудзецца гэта найбліжэйшым часам. Могуць быць розныя шляхі, але Беларусь будзе свабоднай і дэмакратычнай. І ўжо сёння трэба думаць, як мы будзем адбудоўваць нашу краіну, у якой Беларусі мы хочам жыць.

Мы не павінны паўтараць памылкі 1990-х гадоў, калі Беларусь атрымала незалежнасць. Няма ў нашай краіны іншага шляху, як ісці ў ЕЗ і NATO. Менавіта пра гэта гаворыцца ў кнізе. Вялікі дзякуй Андрэю Саннікаву, пад рэдакцыяй якога яна выйшла, і экспертам з іншых краін, якія пагадзіліся напісаць, па-першае, аб сваім шляху ў NATO, па-другое, зрабіць выснову, што Беларусь - неад'емная частка еўрапейскай прасторы.

Гісторык Юрый Фяльшцінскі распавёў, чаму Беларусі так важна ўступіць у NATO:

- Мы разумеем, што ў зоне бяспекі сёння знаходзяцца краіны, якія паспелі ўвайсці ў NATO. Краіны, якія не паспелі ўвайсці ў NATO, зазналі напад. Грузія - у 2008 годзе, Украіна - у 2014 годзе, у Малдове, якая не зазнала нападу, бо яе сабой абараніла Украіна, стаяць расейскія войскі, а малдаўскім грамадзянам раздалі 220 тысяч расейскіх пашпартоў.

Адзінае, што сапраўды ратуе ад агрэсіі, гэта ўваходжанне ў NATO. Цяпер мы знаходзімся ў вялікай вайне, якая можа пашырыцца. Па выніках гэтай вайны ўвесь свет будзе перабудаваны. Не ведаю, якія краіны ўвойдуць у NATO пасля гэтай вайны, але, думаю, Беларусь будзе сярод іх.

Юрый Фяльшцінскі

Юрый Фяльшцінскі выказаў меркаванне, што Беларусь - ключ да развязання праблем у нашым рэгіёне:

- Вызваленне Украіны, як гэта ні дзіўна, павінна пачынацца з вызвалення Беларусі. Страта Беларусі для Расеі будзе азначаць, што спроба захапіць Украіну становіцца бессэнсоўнай. Яна і так, як мы бачым, сталася складанай для РФ, але калі Беларусь не будзе кантралявацца, то ў вайне расейцы саступяць.

Гісторык мяркуе, што войскі NATO павінны дапамагчы вызваліць Беларусь:

- Мы страцілі час. Як толькі стала вядома, што Расея перакідвае ядзерную зброю ў Беларусь, я пачаў пісаць артыкулы, даваць інтэрв'ю аб тым, што NATO неабходна вызваляць беларускую тэрыторыю ў прэвентыўным парадку. Таму што наяўнасць ядзернай зброі ў Беларусі стварае неймаверную рызыку для бяспекі ва Усходняй Еўропе. Я і цяпер, шчыра кажучы, мяркую, што ўваходжанне войск NATO ў Беларусь - пытанне першараднай важнасці. У нейкім сэнсе, гэта больш важна, чым вызваленне Украіны.

Больш за тое, калі планавалася контрнаступленне ўкраінскага войска, я дастаткова далікатна, каб не крыўдзіць Украіну, казаў, што трэба канцэнтравацца не на выцясненні расейскіх войск з акупаваных тэрыторый, а на фармаванні беларускай дывізіі на аснове палка Каліноўскага і ўваходжанні ў Беларусь. Зноў жа, мяркую, што вызваленне Беларусі стратэгічна мяняе становішча на ўкраінскім фронце.

Пагатоў, што ў адрозненне ад Расеі, дзе таксама трэба мяняць рэжым, але гэта дастаткова складана, Беларусь — гэта чыстая дыктатура. Мы гэта ведаем паводле вынікаў выбараў 2020 года, калі на вачах усяго чалавецтва Беларусь пратэставала. Таму змена рэжыму ў Беларусі – гэта дастаткова простая аперацыя для NATO.

Экс-міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч мяркуе, што для Варшавы стратэгічна важна, каб Беларусь уступіла і ў NATO, і ў ЕЗ:

- Па-першае, з пункту гледжання гісторыі. Мы адчуваем вялізную блізкасць з беларусамі. Гэта наш сусед, у нас сотні год агульнай гісторыі. Можна сказаць, што гэта псіхалагічна эмацыйны элемент. Але ёсць і стратэгічны элемент. Беларусь у NATO азначае, што над Украінай перастае навісаць пагроза. Беларусь як сатэліт Расеі «навісае» і над Літвой, спрашчаючы доступ да Калінінградскай вобласці, якая з'яўляецца «зараджаным пісталетам», накіраваным у польскае Траеграддзе — Гданьск, Гдыню і Сопат.

Януш Онышкевич

Улічваючы гэта, можна сказаць, што нам вельмі важна, каб Беларусь уступіла ў NATO. Аднак гэта вельмі цяжка, а сам план уступлення ў Альянс - неймаверна амбіцыйны.

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў распавёў, як Беларусь дапамагла Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне і краінам Балтыі ўступіць у NATO:

- Хацеў бы працытаваць артыкул спадара міністра Януша Анышкевіча ў кнізе «Беларусь у NATO»: «У NATO ўступае не войска, у NATO ўступае дзяржава, грамадзянская супольнасць, эліты і ўвесь народ». Уявім сабе, што няма Лукашэнкі. Што нам рабіць? Адказ відавочны - дэмакратыя павінна быць абароненая і ў вайсковым сэнсе.

Андрэй Саннікаў

Жадаў бы ўспомніць адну гісторыю. У 1995 годзе я палемізаваў з былым дарадцам прэзідэнта ЗША Збігневам Бжэзінскім. Быў такі часопіс «Беларусь у свеце». Мы там выказваліся наконт NATO. Ужо тады было зразумела, што Вышаградская група рухаецца ў NATO, краіны Балтыі таксама пазітыўна выказваліся наконт Альянсу, а ў Беларусі пры ўладзе быў Лукашэнка.

Асноўная думка, якую я выказваў у артыкуле, была ў тым, што, магчыма, не варта адштурхоўваць Беларусь ад гэтага працэсу. Трэба краіну ўцягваць у яго. Было відавочна, куды рухаецца Лукашэнка, а ў рэгіёне будзе менш бяспекі з менавіта такой Беларуссю. Захад мог бы больш зрабіць, каб нашая краіна ўдзельнічала ў гэтых працэсах.

Што атрымалася? Беларусь дапамагла Польшчы, Чэхіі, Славаччыне, Вугоршчыне і краінам Балтыі ўступіць у NATO. Бо гэта быў выдатны фон, каб казаць: «Калі мы не будзем у NATO, будзе тое, што адбываецца ў Беларусі. Мы трапім пад уплыў Расеі».

Палітык адказаў і прыхільнікам іншых канцэпцый бяспекі нашай краіны:

- Было вельмі шмат дыскусій на тэму таго, як павінна выглядаць архітэктура бяспекі Беларусі. Усе памятаюць Балта-Чарнаморскі саюз. Гэта была нармальная ідэя для 90-х гадоў, можа быць - для пачатку 2000-х. Аднак было відавочна, што гэта не гарантуе нашай бяспекі і развіцця краіны. Казалі пра нейтралітэт. Але людзі проста не разумеюць, што гэта вялізныя грошы. Гэта немагчыма. Нават найбагацейшая Швэцыя літаральна на днях развязала ўсе пытанні па ўступленні ў NATO. Бо гэта быў галоўны прыклад нейтралітэту. Уявіце, усё павінна быць сваё. Сваё войска, свая тэхніка — гэта проста немагчыма для невялікай у вайсковым плане краіны. Нейтралітэт не для нас.

Мяркую, што дата 24 лютага 2022 года канчаткова паставіла кропку ў пытанні, дзе мусіць быць Беларусь. Гэта павінна быць звязанае з перамогай Украіны, бяспекай Украіны і незалежнасцю, свабодай і дэмакратыяй у Беларусі. Таму на вокладцы кнігі — два сцягі. Беларускі і ўкраінскі. Для Еўропы важныя незалежнасць Беларусі і Украіны, Украіна і Беларусь у NATO.

Затым надышоў час пытанняў з залы. Удзельнікаў дыскусіі спыталі, якім будзе адказ NATO на атаку з тэрыторыі Беларусі на Сувальскі калідор. Ці ўвойдуць у такім выпадку войскі Альянсу на тэрыторыю нашай краіны?

Экс-міністр абароны Польшчы Януш Анышкевіч мяркуе, што адказ NATO будзе неадкладным:

- І гэта не азначае, што ўсе ваенныя дзеянні будуць адбывацца ў Сувальскім калідоры. Амерыканцы выдатна памятаюць вайну ва В'етнаме, калі яны пачуваліся «баксёрам са завязанай за спінай рукой». Таму яны пачалі атакаваць цэлі не толькі ў В'етнаме, але і ў Лаосе, і ў Камбоджы. Думаю, што адказ будзе, канешне, не па Маскве, але войскі NATO могуць увайсці на тэрыторыю Беларусі і Расеі.

Юры Фяльшцінскі выказаў меркаванне, што такая атака будзе азначаць, што Расея страціць Калінінград:

- Калі я чую аб пагрозе прабівання Сувальскага калідора, у мяне на твары з'яўляецца ўсмешка, нягледзячы на трагізм сітуацыі. Гітлер, як мы ведаем, патрабаваў ад Польшчы праходу да Данцыга. Але нават Гітлеру не прыходзіла ў галаву дурная ідэя прабіваць калідор да Данцыгу. Бо нічога больш недарэчнага, чым прабіванне калідора ўздоўж мяжы Польшчы і Літвы, прыдумаць нельга. Усякі калідор лёгка пераразаецца, усякая калона, якая прабівае калідор, лёгка знішчаецца. Гэта ідыятычны план і апошняе, чаго я баюся.

У нейкім сэнсе, мне б нават хацелася, каб гэтая спроба была зробленая, бо яна паставіць усё на свае месцы. Напрыклад, Расея страціць Калінінград.

Вынікам гэтай вайны стане тое, што Расея распадзецца. Не належу да тых людзей, якія мяркуюць, што Урал будзе асобна, Варонежская вобласць - асобна, але паводле нацыянальных прыкмет нейкія часткі адпадуць. У першую чаргу - Чачэнія. Мяркую, што вынікам гэтай вайны павінен быць перагляд статуту Калінінграда, Курыльскія выспы павінны адысці Японіі і гэтак далей. Вайна, якую распачаў Пуцін, будзе мець вялікія наступствы для Расеі.

Ці сапраўды NATO сёння з'яўляецца арганізацыяй, здольнай абараняць? Ці прыйдуць ЗША на дапамогу Еўропе, калі агрэсія Расеі пачнецца падчас прэзідэнцтва Дональда Трампа? Януш Анышкевіч бачыць праблемы ў Альянсе, але ўважае яго па-ранейшаму дзейсным:

- Гэта праўда, што краіны NATO ў апошнія 20 гадоў страцілі шмат праз перафарматаванне з войска, якое павінна абараняць тэрыторыю, у войска, якое выконвае ваенныя місіі ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Галоўны прыклад - тры краіны, якія вельмі важныя для NATO. Гэта Францыя, Вялікая Брытанія і Нямеччына. Кожная з гэтых краін перад 1989 годам мела некалькі тысяч танкаў. Цяпер у гэтых краінаў менш танкаў, чым у Польшчы, бо танкі не патрэбныя для вайсковых місій у Афрыцы. Патрэбныя бронетранспарцёры.

Цяпер ідзе вялікі працэс перабудовы вайсковых сіл. Гэта вялізная праграма з вытворчасцю боепрыпасаў. Раней здавалася, што ўсе войны, якія былі, займалі кароткі перыяд часу. Ізраільска-арабскія войны былі вельмі кароткімі. Першая - шэсць дзён, другая - два тыдні. Абедзве вайны ў Іраку былі вельмі кароткімі. Актыўная фаза першай вайны - 100 гадзін, другой - два тыдні, але толькі праз пясчаную буру, якая ўскладніла перамяшчэнне войск. І ўсё, канец. У войнах можна было перамагаць не мабілізацыяй вайсковай вытворчасці, а тым, што было на складах.

Цяпер жа немцы будуюць новую фабрыку Rheinmetall, Еўразвяз выдзяляе вялізныя грошы на ўзбраенні. Усё мяняецца. Дэмакратыі рэагуюць дастаткова павольна, у адрозненні ад аўтакратый.

Калі ж казаць пра ЗША, то я нагадаю вам, што мы ўсе баяліся першага прэзідэнцтва Трампа. Ён ужо тады казаў прыкладна тыя ж рэчы, што і зараз. Аднак ягоная палітыка не была такой дрэннай. Хтосьці сказаў пра музыку Вагнера, што яна нашмат лепшая за тое, што нам чуецца. Таму амерыканская палітыка ў часы Трампа была нашмат лепшай за тое, што мы чулі ад яго. Нагадаю, што Трамп даў Украіне «Джавеліны», увёў большую колькасць амерыканскіх войск на тэрыторыю Польшчы. Ці будзе ўсё гэта зноў? Ці асцерагаюся я прэзідэнцтва Трампа? Так, баюся. Аднак адзін экстравагантны прэзідэнт не можа паўплываць на сітуацыю ў ЗША.

Чаму «кабінет» Святланы Ціханоўскай замест таго, каб казаць аб уступленні Беларусі ў NATO, займаецца «распрацоўкай дарожнай карты па ўступленні ў Раду Еўропы»? Такое пытанне задаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка. Экс-намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў распавёў, што ўступленне ў Раду Еўропы не патрабуе «дарожнай карты»:

Зміцер Бандарэнка

- Пасля дэмакратычных пераўтварэнняў можна ўступіць у гэтую арганізацыю цягам некалькіх месяцаў. Чальцамі Рады Еўропы з'яўляюцца Азербайджан, была Расея. Гэта не пытанне. Калі краіна дэмакратычная, у гэтым няма праблем. А адзіная краіна, якая не была прынятая ў Раду Еўропы, гэта Беларусь. Я бачу, што ў «кабінеце» адсутнічаюць кампетэнцыі. Як і гісторыя з «пашпартам новай Беларусі». Хлусня на хлусні.

Пытанне ў іншым. У нашым рэгіёне ўсё можа адбывацца дастаткова хутка. Трэба рыхтавацца да таго, каб прымаць важныя пастановы. Мы, «Еўрапейская Беларусь», увесь час прапануем уступленне Беларусі ў Еўразвяз і NATO.

Ксёндз Вячаслаў Барок задаў філасофскае пытанне - што павінна быць спачатку: Беларусь павінна ўвайсці ў NATO або войскі NATO павінны прыйсці ў Беларусь, каб у Еўропе панаваў мір. Андрэй Саннікаў думае, што сцэнары могуць быць рознымі:

Вячаслаў Барок

- Галоўнае, каб мы былі ў Еўропе, куды нас не пускае Крэмль, выкарыстоўваючы Лукашэнку. Каб наша незалежнасць была забяспечаная. У кнізе некаторыя эксперты выказваюць меркаванне, што без сяброўства Беларусі ў NATO і Еўразвязе не будзе незалежнасці. І Альянс будзе гарантаваць мір. NATO - адзіная вайсковая арганізацыя, якая гарантуе дэмакратыю, развіццё і правы чалавека на тэрыторыі краін-чальцоў. Толькі такая гарантыя міру можа быць і ў Беларусі, і ў Еўропе. А роля Беларусі ў бяспецы рэгіёну - каласальная.

Юрый Фяльшцінскі
Андрэй Саннікаў
Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках