У Нямеччыне згарэў аўтавоз з электрамабілямі, якім кіраваў беларус
15- 2.03.2024, 15:44
- 18,638

Усё пачалося з лопнутай шыны.
У Нямеччыне згарэў аўтавоз з электрамабілямі, якім кіраваў 36-гадовы беларус, паведамляе нямецкая паліцыя. Інцыдэнт адбыўся на дарозе A49 у горадзе Касэль. З-за пажару на некалькі гадзін быў поўнасцю перацяты рух па шашы паміж развязкамі Касэль-Вальдаў і Auestadion.
Пажар узнік на аўтабане а 08:20 раніцы. Кіроўца грузавіка з Беларусі расказаў, што падчас руху заўважыў, што шына на прычэпе лопнула і загарэлася. Тады ён спыніў аўтавоз і паспрабаваў самастойна патушыць шыну вогнетушыцелем. Дзеянні не мелі поспеху: транспарцёр, у якім знаходзілася 6 электрамабіляў, загарэўся. На шчасце, кіроўца не пацярпеў.
Паводле папярэдніх ацэнак, агульная матэрыяльная шкода склала блізу 300 тысяч еўраў. Пасля таго як пажарныя патушылі агонь, аўтамабілі былі разгружаныя і агледжаныя.