4 траўня 2024, Субота, 21:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Пастаўскім раёне загінуў жаўнер тэрміновай службы

12
У Пастаўскім раёне загінуў жаўнер тэрміновай службы

Сваякам заявілі, што гэта суіцыд.

У Пастаўскім раёне 25 сакавіка наклаў на сябе рукі салдат тэрміновай службы. Пра гэта «Зеркалу» распавялі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы. Маладзёна звалі Мікіта Літвіновіч. Ён служыў у 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, дыслакаванай у вёсцы Заслонаве Віцебскай вобласці. У сярэдзіне сакавіка брыгаду адправілі бліжэй да літоўскай мяжы для праверкі боегатоўнасці.

Мікіта Літвіновіч нарадзіўся ў 2003 годзе ў горадзе Паставах. Улетку 2022-га скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці «тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых прац. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў». Увосень таго ж года хлопца прызвалі на тэрміновую вайсковую службу.

Хлопец патрапіў у 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, служыў памагатым гранатамётчыка.

15 сакавіка 2024 года прэс-служба Міністэрства абароны паведамляла, што ў рамках праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і воінскіх часцей гэтай брыгадзе «трэба выйсці ў прызначаныя раёны і пасля іх заняцця быць у гатоўнасці да правядзення серыі вучэнняў, у тым ліку з баявой стральбой».

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 19-я брыгада павінна была адправіцца ў Ашмянскі раён. Але знаёмыя Мікіты Літвіновіча сцвярджаюць, што маладзён аказаўся пад роднымі Паставамі, каля аграгарадка Камаяў за 10 кіламетраў ад мяжы з Літвой.

25 сакавіка маладзён скончыў жыццё самагубствам.

- Камандзіры не паведамілі бацькам ніякіх падрабязнасцяў, - распавяла крыніца. - Бацьку ўдалося толькі даведацца, што разам са сваімі саслужыўцамі Мікіта «прыехаў на месца», выйшаў папаліць і застрэліўся.

Са слоў нашага суразмоўцы, ніякіх перадумоў да самагубства ў паводзінах хлопца не было:

- Мікіта быў вельмі добрым чалавекам, заўсёды трымаўся на пазітыве. Не магу ўявіць, што яго магло прымусіць да суіцыду.

Мікіту Літвіновіча пахавалі сёння, 27 сакавіка, у яго родных Паставах.

Міністэрства абароны афіцыйна аб гэтым надзвычайным здарэнні ў частцы нічога не паведамляла.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках