У Дамадзедаве вадавоз пашкодзіў самы вялікі пасажырскі самалёт у свеце
31- 27.03.2024, 19:18
- 36,748
Фотафакт.
У маскоўскім аэрапорце Дамадзедава атрымаў пашкоджанні самалёт Airbus A380, праз што рэйс у Дубай давялося затрымаць, паведаміла РБК прэс-служба аэрапорта.
«Пры абслугоўванні рэйса ЕК134 ВС 380-800 адбылося пашкоджанне. Пасажыраў на гэтым паветраным судне не было. На гэты момант яно адхіленае ад палётаў, праводзіцца ацэнка тэхнічнага стану», - гаворыцца ў паведамленні.
У аэрапорце адзначылі, што ўсе пасажыры вылецяць наступным рэйсам з затрымкай, меншай за восем гадзін.
Тэлеграм-каналы «112» і Mash пісалі, што ў самалёт рэзнуўся вадавоз, які працуе на тэрыторыі аэрапорта. Кіроўца спецмашыны спрабаваў прыпаркавацца і пашкодзіў фюзеляж самалёта. «112» паведаміў, што мужчына, які кіраваў вадавозам, не атрымаў траўмаў.
Пазней Mash даведаўся, што 59-гадовага кіроўцу вадавоза паралізавала за стырном падчас працы, папярэдняя прычына - інсульт. Мужчыну шпіталізавалі, лекары ацанілі яго стан як цяжкі.
Airbus A380 называюць самым вялікім у свеце цывільным самалётам, ён можа змяшчаць да 853 чалавек. Максімальная ўзлётная маса - 575 т, размах крылаў - амаль 80 м, максімальная далёкасць палёту - больш за 15 тысяч км. У 2021 годзе авіябудаўнічы канцэрн спыніў выпуск мадэлі А380 праз скарачэнне замовы з боку Emirates - найбуйнейшага карыстальніка А380.