28 красавiка 2024, Нядзеля, 15:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берліне са стральбой затрымалі тэрарыстаў «Фракцыі Чырвонай арміі»

14
У Берліне са стральбой затрымалі тэрарыстаў «Фракцыі Чырвонай арміі»

Нямецкі спецназ працягвае «зачыстку».

Паліцыя Нямеччыны арыштавала ўдзельнікаў тэрарыстычнай групоўкі «Фракцыя Чырвонай арміі» (RAF). Першай у рукі нямецкіх праваахоўнікаў патрапіла Даніэла Клетэ, якая больш за 30 гадоў хавалася ад правасуддзя.

Яшчэ праз некалькі дзён паліцыя затрымала яе суўдзельнікаў - Эрнста-Фолькера Штаўба і Буркхарда Гарвега. Пра гэта паведамляе Tagesschau.

Групы спецназа працягваюць праводзіць ператрусы ў Берліне. Напрыклад, у раёне Берлін-Фрыдрыхсхайн управа крымінальнай паліцыі Ніжняй Саксоніі праводзіць следчыя дзеянні ў камерцыйным раёне на рагу Маркграфендам і Персіусштрасэ.

Паводле інфармацыі прадстаўніка берлінскай паліцыі, двое мужчын былі арыштаваныя са стральбой. Паводле папярэдніх звестак, зламыснікі адкрылі агонь, калі вартавыя парадку спрабавалі трапіць у іх жыллё.

Варта адзначыць, што цягам амаль 20 гадоў тэрарысты групоўкі «Фракцыя Чырвонай арміі» чынілі злачынствы ў Нямеччыне. На іх рахунку больш за 30 забітых і больш за 200 параненых чалавек.

Паліцыянты кажуць, што затрыманыя тэрарысты належаць да «пенсіянераў RAF». Характэрна, што на іх след паліцыю навяла серыя рабаванняў. Злачынствы былі ўчыненыя імі не ў імя нейкай палітычнай мэты, а дзеля таго, каб фінансаваць сваё падпольнае існаванне.

Як паведамляе Deutsche Welle, тэрарыстычная арганізацыя «Фракцыя Чырвонай арміі» была створаная ў Нямеччыне ў 1968 годзе Андрэасам Баадэрам, Ульрыкай Майнхоф, крыху пазней да іх далучылася Гудрун Энслін. Групоўка ўзнікла на хвалі студэнцкіх пратэстаў. Удзельнікі RAF меркавалі, што вядуць гарадскую партызанскую вайну супраць дзяржаўнага апарату, буржуазіі, мілітарызму і нацысцкага мінулага Нямеччыны.

Ужо ў год узнікнення арганізацыі члены групоўкі падпалілі два буйныя ўнівермагі ў Франкфурце-на Майне. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць дзеянняў амерыканскіх вайскоўцаў у В'етнаме. У пачатку 1970-х групоўкай Баадэр-Майнхоф былі абрабаваныя некалькі банкаў. У 1972 годзе RAF зноў нагадала аб сабе - 11 траўня прагрымелі тры выбухі ў адным са штабоў амерыканскіх вайскоўцаў у Франкфурце-на-Майне.

На наступны дзень бомба спрацавала ў пастарунку горада Аўгсбурга на поўдні Нямеччыны. Яшчэ праз некалькі гадзін на паркоўцы ў Мюнхене ўзарваўся начынены выбухоўкай аўтамабіль. У наступныя дні паліцыя не змагла прадухіліць выбухі ў выдавецтве Axel Springer, у гейдэльбергскай штаб-кватэры войска ЗША, а таксама замах на федэральнага суддзю Вольфганга Будэнберга. У красавіку 1977 года былі забітыя генеральны пракурор Зігфрыд Бубак, яго кіроўца і целаахоўнік.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках