6 траўня 2024, панядзелак, 13:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцаў пазбавяць замежных тавараў

29
Расейцаў пазбавяць замежных тавараў

Пуцін запатрабаваў скараціць дзель імпарту ў эканоміцы да ўзроўняў Савецкага Саюзу.

Імпартнае багацце, у якім дзесяцігоддзямі жыла Расея, набываючы за мяжой шырспажыў і тэхналогіі, больш не ўпісваецца ў эканамічныя планы Крамля, паведамляе The Moscow Times.

У найбліжэйшыя 6 гадоў дзель імпарту ў расейскай эканоміцы павінна апусціцца да мінімуму за ўсю сучасную гісторыю краіны – 17% ВУП. Такое даручэнне Уладзімір Пуцін даў ураду паводле вынікаў паслання Федэральнаму збору, у якім агучыў пакет абяцанняў грамадзянам на пяты прэзідэнцкі тэрмін.

Паводле матэрыялаў на сайце Крамля, да 2030 года Пуцін патрабуе вывесці Расею на 4 месца ў свеце ў памеры эканомікі (паводле парытэту пакупніцкай здольнасці), на дзве траціны нарасціць продажы за мяжу чагосьці, акрамя найпрасцейшай мінеральнай сыравіны, знізіць узровень беднасці да 7%, навучыцца самастойна вырабляць высокатэхналагічныя тавары і падняць нараджальнасць, каб спыніць натуральнае змяншэнне насельніцтва, у выніку якога краіна з 2000 года страціла 11 мільёнаў чалавек.

Рэзкае зніжэнне імпарту ў ліку эканамічных планаў Пуціна – «амбіцыйная» задача, адзначае дырэктар у інвестыцыях Astra FM Дзмітрый Палявы: за апошнія 14 гадоў гэты паказнік трымаўся стабільна – блізу 20–21% ВУП. І нават пасля ўварвання ва Украіну пасля кароткачасовай прасадкі летась аднавіўся да 19–20%.

Імпарт у аб'ёме 17% ВУП – гэта ўзровень апошніх гадоў Савецкага Саюзу, вынікае з звестак Сусветнага банка. Так, у 1990-м годзе гэты паказнік складаў 17,9%, а ў 1991-м падаў да 13% на фоне валютнага крызісу, які ўразіў лядашчую савецкую эканоміку.

Рэкорднай – 48,2% ВУП – дзель імпарту ў Расеі была ў 1992 годзе, калі ўрад Ягора Гайдара адкрыў межы для гандлю, каб напоўніць паліцы крамаў і ўнікнуць масавага голаду. У другой палове 1990-х аб'ём імпарту ў адносінах да ВУП знізіўся да 24–26%, а ў першай палове 2000-х – да 21–22%, паводле статыстыкі ВБ.

Зніжэнне імпарту да 17% ВУП запатрабуе адмовы ад значнай часткі імпартных тавараў і паслуг, паказвае Палявы: для гэтага давядзецца перафарматаваць вытворчыя ланцужкі і канчатковы выпуск.

Пакуль імпартазамяшчэнне паспяхова ідзе ў сельгаспрадукцыі і харчаванні, але з таварамі з высокім даданым коштам поспехаў значна менш, канстатуе Палявы. Летась, паводле звестак ЦБ РФ, у Расею было завезена тавараў на $303 млрд, што блізка да рэкордных максімумаў да анэксіі Крыма ($318–341 млрд у 2011–2013 гг.). Набыццё за мяжой машынаў і абсталявання вырасла на 24%, а адзення і абутку – на 21%.

Знікненне імпарту яшчэ больш наблізіць расейскую эканоміку да савецкай. Гэты працэс ужо ідзе, мяркуе дэкан London Business School Сяргей Гурыеў. РФ усё больш нагадвае СССР у апошнія гады, гаворыць ён: тады прамысловасць трымалася за кошт уліванняў з бюджэту, а калі тыя спыніліся, упала ў спіраль глыбокай рэцэсіі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках