27 лiпеня 2024, Субота, 3:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палёт Васілеўскай як сцёб

20
Палёт Васілеўскай як сцёб

Лукашэнка ўсё менш разумее, што хвалюе сучасных людзей.

Пасля вяртання Марыны Васілеўскай на Зямлю, дзяржаўная прапаганда стала казаць аб палёце ў космас «першай касманаўткі ў гісторыі суверэннай Беларусі». Але сцвярджэнне аб тым, што бортправадніца «Белавія» з'яўляецца касманаўтам, зʼяўляецца моцным перабольшаннем.

У той жа Расеі, каб атрымаць званне «касманаўт-даследчык», трэба адвучыцца некалькі гадоў і здаць дзяржаўны іспыт. Плюс, каб накіравацца ў космас, трэба яшчэ некалькі гадоў рыхтавацца да палёту. Бортправадніцу ж рыхтавалі прыхапкам, з задачай, каб яна на МКС нічога не нарабіла.

Касманаўт Алег Навіцкі, які сачыў за Васілеўскай, казаў пра гэта амаль прамым тэкстам. На сустрэчы з Лукашэнкам ён сказаў: «Можа, яшчэ закінуць пытанне, каб была магчымасць беларусам не як замежнікам, а як братам мець магчымасць удзельнічаць у падрыхтоўцы як прафесіяналам. А не проста як турыстам на кароткі палёт».

А на сустрэчы з удзелам Пуціна ён адзначыў: «(Марына) не была клопатам на станцыі ні ў якім разе, як магло б чакацца ад кароткага палёту».

Аб тым, чым займалася Марына Васілеўская на МКС, няма ніякай канкрэтыкі. Ды і сам яе палёт доўжыўся не паўгода, а 14 дзён.

І, як бы Расея не дапамагала з падрыхтоўкай Васілеўскай, касманаўтам яе там не лічаць. Пасля сустрэчы ў Крамлі прэс-служба Пуціна назвала Навіцкага лётчыкам-касманаўтам, Васілеўскую – бортправадніком-інструктарам авіякампаніі «Белавія».

А ва ўказе кіраўніка РФ аб прысваенні дзяржузнагарод яна названа «беларускай удзельніцай касмічнага палёту».

Дзяржаўная прапаганда практычна ператварыла палёт Васілеўскай у сцёб

Перагнулі палку не толькі ў пафасных паведамленнях у дзяржаўных СМІ. На менскіх вуліцах дадумаліся вывесіць білборды са сцвярджэннем «космас – наш!».

Калі б не веданне, што гэта адбывалася насамрэч, можна было б падумаць, што гаворка пра фотажабы, якія высмейваюць заявы прадстаўнікоў рэжыму.

У Беларусі няма касмічнай інфраструктуры, адзіную яе «касманаўтку» ў суверэннай гісторыі рыхтавалі расейскія спецыялісты – пра якое «заваяванне космасу» можа ісці гаворка?

Для даведкі, Марына Васілеўская стала прадстаўніцай прыкладна 48-й краіны, чые грамадзяне пабывалі ў космасе. Амаль адразу ўслед за прадстаўнікамі такой дзяржавы як Антыгуа і Барбуда (ёсць такая ў Карыбскім моры).

Незразумела, што ад усяго гэтага выйграў Лукашэнка

Палёт беларусаў у космас (Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Валянціна Церашкова, якая вырасла ў беларускай сямʼі) станавіўся падзеяй у мінулым стагоддзі, падчас асваення сусвету СССР.

Палёт Васілеўскай у фармаце касмічнага турызму ў XXI стагоддзі падзеяй не мог стаць і не стаў – нягледзячы на ўсе намаганні прапаганды. Напрыклад, яго не абмяркоўвалі шырока ў сацсетках. А па прыбыцці Васілеўскай у Менск, яе сустрэлі не радасныя натоўпы, а толькі невялікая група чыноўнікаў і прадстаўнікоў БРСМ.

Лукашэнка хацеў выкарыстаць палёт грамадзянкі Беларусі ў прапагандысцкіх мэтах як нейкае дасягненне выбудаванай ім сістэмы, але 69-гадовы палітык усё менш разумее, што хвалюе сучасных людзей.

Больш за тое, спрабуючы паставіць сабе ў заслугу палёт Васілеўскай у космас, ён прынізіў удзел у праекце беларускага боку: «Пуцін малайчына, дапамог. Яны прафінансавалі падрыхтоўку і запуск. Гэта, я вам скажу, нятаннае мерапрыемства. Абыйшлося б у $70 млн, гэты палёт. Яны малайцы, уключылі ў склад сваіх, падрыхтавалі нашых дзяўчынак».

Перакладаючы на простую мову, Васілеўская злятала ў космас «на халяву».

А вось што выйграў ад такога «падарунку» Пуцін, цалкам можна здагадацца. Лукашэнка зноў паказальна прадставіў Беларусь у якасці «малодшага брата», які павінен быць удзячны «старэйшаму» за падтрымку.

І, у выпадку чаго, Пуцін аб аказанай паслузе Лукашэнка абавязкова нагадае.

Марк Дзюба, «Салiдарнасць»

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках