21 траўня 2024, aўторак, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Раптоўнае прасвятленне

3
Раптоўнае прасвятленне

Колькі яшчэ цудоўных адкрыццяў здарыцца з беларускімі ўладамі, пакуль іх не адпусціць.

Як расплюшчыліся ва ўладаў вочы на свой росквіт у мінулы аўторак, так яны з таго часу не заплюшчваюцца, піша Telegram-канал «Лісты да дачкі». Нельга так без звычкі. Галава можа закружыцца. Вось да мінулага аўторка ўсё ж было добра. Працвітанне ўсюды квітнела. А з мінулага аўторка ўсё знікла. Рынкі страчваем, склады запаўняем, канкурэнты канкуруюць і беларуская якасць ужо не такая якасць як раней.

І галоўнае, яны ж не могуць зараз спыніцца. Тыдня не прайшло з моманту раптоўнага прасвятлення, а прэм'ер Галоўчанка паскардзіўся прэм'еру Мішусціну на тое, што расейскія інвестыцыі ў прэм'ера Галоўчанкі не той сістэмы. Хаця менш за месяц таму падначаленыя прэм'ера Галоўчанкі радаваліся як ім у гэтым жыцці і летась пашанцавала з расейскімі інвестыцыямі.

Праўда прэм'ер Мішусцін на гэта сказаў, што перш чым лаяць чужыя інвестыцыі трэба на сябе паглядзець. І калі нехта хоча сабе новых інвестыцый, то спачатку трэба разлічыцца за старыя. Таму што беларускі Мінфін два гады не мог прыдумаць сабе прыдатны механізм, каб заплаціць пазыкі расейскім інвестарам. У беларускага Мінфіна быў разумны сэнс, а грошай і механізмаў, каб заплаціць за свае пазыкі не было.

Вярнуць грошы прэм'ер Галоўчанка не абяцаў, але паскардзіўся на адсутнасць дастатковага разумення з боку расейскіх партнёраў у «энергетычных пытаннях». Гэта значыць, як я разумею, пазыку за атамную станцыю таксама ўжо давядзецца пачаць аддаваць.

А ў кагосьці расплюшчыліся вочы ўвогуле на святое. На ўраджай. І высветлілася, што ўраджай летась быў кепскі. Хоць нам паўгода расказвалі які ён небывалы. І я зараз не разумею, што ў ім было такога небывалага. Бо няўроды ў нас бывалі і раней.

І з боку ўраджаю не вырасці было чорнай няўдзячнасцю, пасля ўсяго, што беларускія ўлады дзеля яго зрабілі. Мінсельгасхарч дзеля ўраджаю нават умяшаўся ў натуральны эвалюцыйны працэс. Запісаў у збожжавыя рапс, які заўсёды лічыў сябе сваяком капусты, бо належаў да сямейства крыжакветных. Але дзеля ўраджаю беларускія ўлады былі гатовы на ўсялякія батанічныя скрыўленні. Нават змяніць рапсу ягоную эвалюцыйную арыентацыю.

Рапсу, праўда, змена арыентацыі не спадабалася. Адказнасць, відаць, занадта вялікая. Таму з гэтага года рапс паставілі назад у яго натуральную эвалюцыйную нішу. Так што давядзецца ўраджаю збожжавых абыходзіцца без рапсу.

І мне, ведама, цікава, колькі яшчэ цудоўных адкрыццяў здарыцца з беларускімі ўладамі, пакуль іх не адпусціць. Хаця, я думаю, што нядоўга ўжо засталося. Што неўзабаве беларускія ўлады, як той рапс, вернуцца ў сваё натуральнае асяроддзе пасялення. У свет сваіх статыстычных ілюзій. Што росквіт ізноў будзе квітнець, а рапс каласіць. (Я думаю, калі табе даверылі высокае званне збожжавых, то ты павінен каласіць насуперак усім эвалюцыйным забабонам).

Усё ж такі ў свеце статыстычных ілюзій для беларускіх уладаў натуральнае асяроддзе пражывання.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках