9 лiстапада 2024, Субота, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ультыматум

23
Леанід Судаленка: Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ультыматум

Людзей у Беларусі трэба неадкладна ратаваць.

У Брусэлі адбылася сустрэча Дэлегацыі ў сувязях з Беларуссю Еўрапейскага парламента. У якасці прадстаўнікоў з Беларусі на сустрэчы выступілі праваабаронца і былы палітычны вязень Леанід Судаленка, галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», муж палітычнай зняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда.

Праваабаронца, былы палітычны вязень Леанід Судаленка расказаў пра асабовы досвед і катаванні, праз якія давяося прайсці ў зняволенні:

«Я, Леанід Судаленка, беларускі праваабаронца, за мірную дзейнасць у абароне ахвяр рэпрэсій 2020 года кінуты на тры гады ў турму. Вызваліўшыся пасля заканчэння тэрміну, быў вымушаны дзеля працягу рэпрэсій пакінуць Беларусь. Следам рэжым Лукашэнкі выставіў новыя абвінавачанні, пагражаючы завочным судом адправіць у турму ўжо на сем гадоў, абвінаваціўшы ў «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці», а фактычна за тое, што не маўчу, расказваю пра катаванні, пра нечалавечыя варункі, у якіх знаходзяцца тысячы беларускіх палітычных вязняў.

Пасля выхаду з турмы пачуццё роспачы і безнадзейнасці не пакідаюць мяне ні на адзін дзень. Чарговая смерць беларускага палітычнага вязня за турэмнымі кратамі толькі ўзмацняе гэтыя пачуцці, і мяне зноў агортвае беспараднасць. Ізноў усплываюць думкі аб катаваннях, аб нечалавечых варунках, у якіх утрымліваюць палітычных вязняў.

Інтэлектуальна там кожны задумваецца пра сэнс жыцця, пераасэнсоўвае яго і, магчыма, не раз з ім развітваецца. Маральна там удвая цяжэй, бо разуменне прававога бязладдзя не адпускае ні на хвіліну — палітычныя вязні знаходзяцца за кратамі без злачынства, толькі за тое, што нязгодныя, за тое, што патрабуюць перамен!

Стрэс і безупыннае агрэсіўнае асяроддзе павольна адымаюць здароўе. Асабліва ў штрафных ізалятарах, дзе катуюць холадам, дзе адбіраюць споднюю бялізну, не даюць матрацы і пасцельную бялізну, дзе дрэннае харчаванне, нястача вітамінаў і праходак. Дзе палітычных вязняў месяцамі і нават гадамі трымаюць у адзіночных камерах без сувязі з навакольным светам, дзе поўная адсутнасць медыцынскай дыягностыкі здароўя.

А ў перапынках паміж ізалятарамі палітычных вязняў гвалтам адпраўляюць на брудную і шкодную працу ў халодныя прамысловыя цэхі. Улічваючы вялікую працягласць гэтых выпрабаванняў, мала хто выжыве без шкоды для свайго здароўя. І мае думкі сёння пра 60-гадовага беларускага паплечніка ў праваабароне Алеся Бяляцкага, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, кінутага ў турму на 10 гадоў. Яго трымаюць у халоднай адзіночнай камеры, адкуль прыходзяць навіны аб прыкметным пагаршэнні ягонага здароўя. І я не знаходжу адказ на пытанне, што мы будзем рабіць, калі ў адзін з дзён даведаемся, што ягонае здароўе не вытрымала катаванняў…

Мае думкі сёння пра тысячы іншых палітычных вязняў, пра праваабаронцаў, пра журналістаў, лідэраў прафзвязу і палітыкаў, пра проста неабыякавых беларусаў, якія выжываюць у турмах без злачынстваў. Мае пачуцці — пачуцці ацалелага сведкі, гэта тое, што турбуе і не пакідае мяне ў спакоі сёння», — сказаў праваабаронца.

Леанід Судаленка таксама расказаў, што ў віцебскай калоніі № 3, дзе ён адбываў пакаранне, з 1000 зняволеных — 300 былі палітычнымі вязнямі, гэта значыць, практычна траціна. Вязні сумлення вымушаныя хадзіць са спецыяльнымі жоўтымі біркамі, і варункі ўтрымання для палітычных вязняў непараўнальна больш жорсткія, чым астатняга кантынгенту.

Са словах праваабаронцы, неабходна неадкладна ратаваць людзей, бо выжыць у турме сёння вельмі складана.

«Лукашэнку неабходна паставіць жорсткі ультыматум і запатрабаваць вызваліць палітычных вязняў, інакш смерцяў у турмах будзе больш», — упэўнены Судаленка.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках