7 траўня 2024, aўторак, 8:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея рабуе заходнія кампаніі

8
Расея рабуе заходнія кампаніі

Пуцін перадаў «Газпраму» расейскія заводы канцэрнаў Ariston і BSH Hausgerate.

Даччыная кампанія «Газпрама» атрымала ў распараджэнне расейскія актывы італьянскай кампаніі Ariston (брэнды Ariston, Elco і Chaffoteaux) і нямецкай BSH Hausgerate (брэнды Bosch, Siemens і NEFF). Указ пра перадачу бізнэсу еўрапейскіх вытворцаў побытавай тэхнікі ў часовае кіраванне АТ «Газпрам бытавыя сістэмы» падпісаў Пуцін, піша The Moscow Times.

Згодна з дакументам, структуры дзяржаўнай газавай манаполіі перадаюцца 100% дзеллю ў статутным капітале ТАА «Арыстан Тэрма Русь» і столькі ж – у статутным капітале ТАА «БСМ Бытавыя прыборы». Указ пачынае дзеянне з дня апублікавання.

Завод Ariston знаходзіцца ва Усевалажску Ленінградскай вобласці. Прадпрыемства працуе 19 гадоў і выпускае больш за 600 тыс. прыбораў за год. Летась прыбытак «Арыстан Тэрма Русь» склаў 33 млн рублёў, выручка – 9,4 млрд расейскіх рублёў. Пасля пачатку вайны Расеі з Украінай генеральным дырэктарам ТАА «Арыстан Тэрмо Русь» быў прызначаны Сяргей Кукуць, які змяніў замежнага топ-мэнэджара Эмануэле Джамі.

«БСМ Бытавыя Прыборы» мае два заводы ў Стрэльне пад Санкт-Пецярбургам. Да вайны яны выпускалі больш за 1 млн лядоўняў і пральных машынаў за год. Вытворчасць вядзецца з 2007 года. Генеральным дырэктарам кампаніі пазначаны Ілля Кашын. За 2023 год яе прыбытак склаў 6,09 млрд рублёў, выручка – 2,1 млрд расейскіх рублёў.

Пасля ўварвання ва Украіну Bosch Group, у якую ўваходзіць BSH Hausgerate, спыніла заводы ў Расеі. Усяго ў яе было сем прадпрыемстваў. У мясцовым прадстаўніцтве патлумачылі гэтую пастанову спыненнем паставак матэрыялаў з Еўропы, выкліканым санкцыямі. Аднак у заяве Bosch Group, якую прыводзіў Bloomberg, гаварылася, што кампанія пастанавіла згарнуць дзейнасць у Расеі таму, што яе дэталі маглі быць выкарыстаныя ў нецывільных мэтах.

Пасля Bosch Group пастанавіла прадаць свае заводы ў Расеі. Прадпрыемствамі ў Стрэльне зацікавіліся кітайскія і турэцкія вытворцы побытавай тэхнікі – Hisense і Can Holding. У канцы снежня летась «Коммерсант» пісаў, што Hisense выйшаў з перамоваў, у той час як турэцкая кампанія «прапанавала ўдвая больш», і ўгода знаходзіцца на фінальнай стадыі.

Іншыя заводы Bosch Group былі прададзеныя холдынгу S8 Capital і ФГУП «НАМІ». Размова ідзе пра вытворчасць электраінструментаў, аўтакампанентаў, ацяпляльнага абсталявання і радыятараў у Энгельсе і прадпрыемства, якое выпускае аўтазапчасткі, у Самары.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках