Politico: Расея гатовая пачаць вялікі наступ у жніўні
7- 3.04.2024, 10:39
- 8,042
Крыніцы выдання распавялі аб сітуацыі на фронце.
Расея рыхтуецца да вялікага наступу ў канцы лета. Цяжка спрагназаваць, як будуць развівацца падзеі.
Як піша Politico са спасылкай на высокапастаўленых украінскіх вайскоўцаў, якія служылі пад камандаваннем генерала Валерыя Залужнага, ваенная карціна змрочная.
“У нас не толькі ваенны крызіс - у нас палітычны. Расея зараз збірае рэсурсы і будзе гатовая пачаць вялікі напад прыкладна ў жніўні, а магчыма, і раней. У той час як Украіна ўхіляецца ад вялікага набору”, - сказаў адзін з афіцэраў.
Еўропа спрабуе дапамагчы Украіне кампенсаваць каласальную нястачу артылерыйскіх набояў. Прапанаваная Чэхіяй пакупка артылерыйскіх боепрыпасаў магла б дапамагчы, але гэтага ўсё яшчэ недастаткова.
Афіцэры падкрэслілі, што ім трэба яшчэ шмат людзей. Цяпер у краіне не стае мужчын на перадавой, і гэта пагаршае праблему недастатковай падтрымкі Захаду.
“Не верце ў размовы аб тым, што яны проста кідаюць войскі ў мясасечку на забой. Вядома, яны таксама робяць гэта - яшчэ больш максімізуючы ўплыў сваёй перавагі, - але яны таксама вучацца і ўдасканальваюцца”, - дадаў ён.
Афіцэры сказалі, што існуе вялікая рызыка разбурэння лініі фронту там, дзе расейскія генералы надумаюць засяродзіць свой наступ. Больш за тое, дзякуючы значна большай колькасці і перавазе ў КАБах, якія вось ужо некалькі тыдняў разбураюць украінскія пазіцыі, Расея, магчыма, зможа "пранікнуць на лінію фронту і разбіць яе на некаторых адцінках", заявілі вайскоўцы на ўмовах ананімнасці.
“Цяпер Украіне нічога не можа дапамагчы, бо няма сур'ёзных тэхналогій, здольных кампенсаваць Украіне тую вялікую масу войскаў, якую Расея, магчыма, кіне на нас. У нас няма гэтых тэхналогій, і на Захадзе іх таксама няма ў дастатковай колькасці”, - сказала Politico адна з высокапастаўленых вайсковых крыніц.