Кіраўнікі МЗС ФРГ, Францыі і Польшчы выказаліся супраць уступак Пуціну
7- 3.04.2024, 16:23
- 7,136
Кіраўнікі МЗС заявілі аб далейшай падтрымцы Украіны.
Міністры замежных спраў Нямеччыны, Францыі і Польшчы перасцераглі ад «палітыкі саступак» у дачыненні да прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Ваеннае ўварванне РФ ва Украіну давяло, што такая палітыка была «наіўнай», падкрэслілі Аналена Бербок (Annalena Baerbock) і яе калегі Стэфан Сежурне і Радослаў Сікорскі ў гасцявым артыкуле, апублікаваным у сераду, 3 красавіка, у часопісе Politico (пераклад - DW) і прысвечаным 75-годдзю NATO.
«Мы не павінны дапускаць ніякіх «шэрых зон», бо Пуцін разглядае іх як запрашэнне да падрыву тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, да правядзення ўяўных ліній на мапе і, у канчатковым рахунку, да выкарыстання ваеннай сілы», - падкрэслілі кіраўнікі МЗС так званага Веймарскага трыкутніка». Яны папярэдзілі, што Пуцін не задаволіцца Украінай: «Мы не павінны падманваць сябе. Сёння Украіна знаходзіцца пад ударам - заўтра гэта можа быць якая-небудзь іншая частка Еўропы», - адзначаецца ў дакуменце. Расея не адмовіцца ад сваёй «агрэсіўнай і імперыялістычнай палітыкі» ў агляднай будучыні, упэўненыя кіраўнікі дыпламатычных ведамстваў.
Міністры падкрэслілі, што падтрымка Украіны будзе працягнутая «столькі, колькі спатрэбіцца, і так інтэнсіўна, як гэта неабходна». Яны нагадалі, што Еўропа і ЗША падтрымалі самаабарону Украіны, даўшы ёй дапамогу на суму, большую за 200 млрд еўраў, прычым дзве траціны гэтай сумы перадалі Еўразвяз і яго краіны-чальцы.
Прытрымлівацца асноватворнага прынцыпу NATO
З нагоды 75-годдзя NATO тры міністры пацвердзілі асноўны прынцып Паўночнаатлантычнага альянсу. «Напад на аднаго з нас уважаецца нападам на ўсіх. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Разам мы будзем абараняць кожны сантыметр тэрыторыі NATO і адзіным фронтам супрацьстаяць усякай будучай расейскай агрэсіі», - падкрэсліваецца ў артыкуле.
Міністры запэўнілі, што еўрапейскія хаўруснікі павінны «несці сваю справядлівую долю калектыўнага цяжару NATO». Яны павінны «прадэманстраваць гатоўнасць узяць на сябе больш адказнасці за абарону Еўропы». Хаўруснікі павінны будуць выдаткоўваць на абарону не менш як два адсоткі свайго валавога ўнутранага прадукту і, такім чынам, бесперапынна пераўзбройвацца, а нацыянальным абаронным прадпрыемствам спатрэбяцца «абавязковыя доўгатэрміновыя кантракты» і «гарантыі закупаў з боку ўрадаў», - адзначаецца ў артыкуле.