Вальдэмар Скшыпчак: Польшчы спатрэбіцца гадзіны дзве-тры, каб знішчыць металалом Лукашэнкі
11- 3.04.2024, 21:53
- 30,576
Расейцы адабралі ў дыктатара тэхніку.
Не варта баяцца выказванняў Аляксандра Лукашэнкі пра падрыхтоўку да вайны, бо яны абсалютна неапраўданыя, а ўзбраенне беларускага войска ўяўляе з сябе «кучу металалому», не здольную нікому пагражаць. Так экс-намеснік міністра абароны Польшчы і былы камандзір сухапутных войскаў, генерал-лейтэнант у адстаўцы Вальдэмар Скшыпчак пракаментаваў нядаўнія заявы Лукашэнкі, пішуць Wiadomości.
Вальдэмар Скшыпчак мяркуе, што беларуская вайсковая тэхніка знаходзіцца не ў тым стане, каб можна было разважаць пра падрыхтоўку да вайны.
– Найперш трэба ведаць, што частку сваёй вайсковай тэхнікі яму (Аляксандру Лукашэнку. – Заўв. рэд.) давялося аддаць расейскаму войску, – падкрэсліў польскі афіцэр. Паводле ягоных словаў, гэта адбылося летам 2022 года, пасля таго як вялікая колькасць расейскай тэхнікі была знішчаная на фронце ва Украіне.
– Расейцы проста адабралі ў яго тэхніку. Лукашэнку цяпер няма чым пагражаць. У яго засталося крыху папраўленага металалому, які ездзіць каля мяжы і шуміць, як быццам гэта танкавае войска, – мяркуе былы камандзір.
На думку Скшыпчака, асцярогі на гэты момант «абсалютна неапраўданыя», а Польшчы «спатрэбіцца гадзіны дзве-тры, каб знішчыць гэты металалом».
– Гэта проста куча металалому. Акрамя таго, Лукашэнка цяпер не ў стане падрыхтаваць такое вялікае войска, як яму хацелася б. Проста няма на чым, – дадаў ён.
Тэхніка, якую Беларусі прапанавала Расея, паводле словаў афіцэра, патрабуе сур'ёзнага рамонту і таксама непрыдатная для бою.
– Што тычыцца танкаў, то рамонт рухавікоў не займае шмат часу. Таму цяпер яны ездзяць каля мяжы. Але нам дакладна няма чаго баяцца. Гэтая тэхніка дакладна не можа нікому нашкодзіць, – рэзюмаваў Скшыпчак.