Беларусы, якія працуюць за мяжой, за год зарабілі амаль мільярд даляраў
11- 14.05.2024, 16:26
- 6,864

На 13,7% больш, чым годам раней.
У 2023 годзе колькасць грамадзян Беларусі, якія часова працавалі за мяжой, павялічылася на 14,9%.
Усяго за межамі краіны працавалі (тэрмін да 1 года) 110,3 тысячы грамадзян Беларусі, што на 14,9% больш у параўнанні з 2022 г. 63% з іх працавалі ў Расеі, піша «Экономическая газета» са спасылкай на Белстат.
Паводле звестак Нацбанку, у 2023 годзе рэзідэнты Беларусі, якія часова працуюць за мяжой, зарабілі 900 млн даляраў - гэта на 13,7% больш, чым годам раней. Сальда даходаў ад замежнай працоўнай дзейнасці часовых работнікаў склалася станоўчым у суме 800 млн даляраў - гэта 1,1% ад ВУП Беларусі.
У той жа час працоўныя даходы мігрантаў-нерэзідэнтаў, якія часова працуюць у Беларусі, Нацбанк ацаніў на 100 млн даляраў, што на 7,2% больш у параўнанні з 2022 г.