26 чэрвеня 2024, Серада, 4:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Politico: Вайна РФ супраць Украіны сфармавала новы палітычны кансэнсус у ЕЗ

Politico: Вайна РФ супраць Украіны сфармавала новы палітычны кансэнсус у ЕЗ

Змяніліся погляды як еўрапейскіх палітыкаў, так і грамадскасці.

Еўрапейская грамадскасць і палітыкі згодныя, што краіны ЕЗ павіныя рабіць больш для пашырэння вытворчасці зброі. Пра гэта сведчаць вынікі апошняга апытання Eurobarometer, а таксама праект стратэгічнага парадку дня Еўразвязу, з якім азнаёмілася выданне Politico.

Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну рэзка змяніла рыторыку вакол абаронных выдаткаў, паставіўшы іх на першае месца на парадку дня ўсяго ЕЗ - часта за кошт іншых сфер палітыкі, такіх як барацьба са змяненнем клімату.

Апытанне Eurobarometer устанавіла, што 77 адсоткаў рэспандэнтаў падтрымліваюць агульную палітыку абароны і бяспекі сярод краін ЕЗ, а 71 адсоткак згодны з тым, што Саюз павінен узмацніць патэнцыял у вытворчасці вайсковай тэхнікі.

Палітыкі таксама агулам згодныя, што гэта трэба зрабіць.

Сярод лідараў ЕЗ існуе "пераважны кансэнсус што да неабходнасці ўзяць на сябе вялікую адказнасць за бяспеку і абарону", згодна з праектам стратэгічнага парадку дня - дакумент, які ўзгадняецца кожныя пяць гадоў і ў якім выкладзены мэты Саюза.

Афіцыйныя асобы краін ЕЗ заканчваюць працу над праектам пад каардынацыяй прэзідэнта Еўрарады Шарля Мішэля. Мэта - падаць дакумент лідарам ЕЗ у наступным месяцы.

Гэтыя намаганні павінны стварыць унутраны рынак абароннай прадукцыі і паслуг, узмацніць вытворчыя магутнасці і садзейнічаць супольным закупкам.

Але нарошчванне вытворчасці ўзбраенняў азначае павелічэнне выдаткаў на абарону. Еўрапейскія краіны падвышаюць абаронныя выдаткі ўжо блізу дзесяці гадоў - з часу незаконнай расейскай анэксіі Крыма ў 2014 годзе, але тэмпы значна паскорыліся на фоне ціску з боку былога прэзідэнта Дональда Трампа, а затым поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

NАТО заяўляе, што сёлета дзве траціны з 32 чальцоў Альянсу выканаюць мэту выдаткоўваць на абарону не меней за 2% ВУП. Цяпер такія краіны як Вялікабрытанія і Польшча заклікаюць да падвышэння гэтага паказчыка.

Стратэгічны парадак дня ЕЗ таксама разглядае пытанне, дзе знайсці дадатковыя сродкі на абарону.

Дакумент, які распрацоўваецца, прадугледжвае стварэнне новага абароннага фонду для еўрапейскіх праектаў шляхам пашырэння мандата Еўрапейскага інвестыцыйнага банка. Над гэтым ужо працуюць міністры фінансаў ЕЗ, змяняючы правілы банка, каб аблегчыць крэдытаванне абаронных праектаў.

У дакуменце таксама ўказваецца магчымасць выпуску абаронных аблігацый ЕЗ. Аднак "эканомныя" краіны на чале з Нямеччынай не імкнуцца пашыраць агульныя запазычанні Саюза.

У прапанове не згадваецца выкарыстанне сродкаў з Еўрапейскага стабілізацыйнага механізма, які дае экстраную фінансавую дапамогу чальцам еўразоны. Гэтая ідэя ўжо абмяркоўвалася ў Брусэлі, але не мела падтрымкі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках