17 чэрвеня 2024, панядзелак, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль адправіў інжынераў, каб дапамагчы КНДР з запускам шпіёнскіх спадарожнікаў

Крэмль адправіў інжынераў, каб дапамагчы КНДР з запускам шпіёнскіх спадарожнікаў

Гэта адбылося пасля сустрэчы Пуціна і Кім Чэн Ына.

Вялікая колькасць расейскіх інжынераў і экспэртаў у касмічнай галіне прыбылі ў Паўночную Карэю, каб дапамагчы Пхеньяну падрыхтаваць запуск уласных выведвальных спадарожнікаў, распавялі паўднёвакарэйскаму агенцтву Yonhap дасведчаныя крыніцы ў вайсковых колах.

З іх слоў, гэта адбылося пасля таго, як Пуцін сустрэўся ў верасні мінулага года з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам на Далёкім Усходзе Расеі. Падчас сустрэчы Пуцін, між іншым, паабяцаў дапамагчы КНДР у касмічнай сферы.

Расейскія адмыслоўцы выявілі праблемы ў ракеце-носьбіце і спадарожніку і на гэты момант спрабуюць выправіць непаладкі, якія ўзнікаюць з другой і трэцяй прыступкамі. З-за гэтага Пхеньян праводзіць больш выпрабаванняў рухавікоў ракеты, чым чакалася раней, адзначаюць крыніцы Yonhap.

У лістападзе 2023 года Паўночная Карэя запусціла свой першы спадарожнік-выведчык «Манрыген-1». Гэта адбылося пасля двух няўдалых спроб у траўні і жніўні. Аднак міністр абароны Паўднёвай Карэі Шын Вон-сік казаў, што спадарожнік, хоць і знаходзіцца на арбіце, відавочна, не працуе адпаведным чынам.

Пры гэтым Пхеньян паабяцаў вывесці на арбіту яшчэ тры спадарожнікі-шпіёны ў 2024 годзе. Адзін з іх КНДР можа запусціць у перыяд з 27 траўня да 4 чэрвеня, паведаміла японскае агенцтва Kyodo. Запуск ракеты-носьбіта са спадарожнікам будзе ажыццёўлены ў кірунку Усходне-Кітайскага мора і філіпінскай паўвыспы Лусон.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках