У Расеі ўтварылася гіганцкая радыёлакацыйная дзірка
19- 29.05.2024, 7:45
- 35,758
Пасля ўдараў Украіны.
За апошнія пару месяцаў Украіна вывела са строю тры стратэгічныя радыёлакацыйныя сістэмы (РЛС) Расеі.
На днях украінцы пашкодзілі радар «Варонеж-М» УС РФ на адлегласці 1800 км, пабіўшы свой чарговы рэкорд па далёкасці нападу.
З таго, што адбываецца, можна зрабіць тры высновы, мяркуе вайсковы журналіст Сяргей Аўслэндэр.
Па-першае, удар па «Варонежу-М» стаў довадам таго, што Украіна сапраўды здолела павысіць дальнабойнасць сваіх БПЛА да 2 тысяч км. Станцыі, якія былі пашкоджаныя, не маглі зафіксаваць дроны, бо яны прызначаныя для выяўлення цэляў на большай вышыні.
Другая выснова - Украіна «асляпляе» расейскае войска, пазбаўляючы яго магчымасці фіксаваць запускі ракет з важных для яе кірункаў.
«Паўднёвы і паўднёва-ўсходні кірункі цяпер сляпыя. Там здаравенная радыёлакацыйная дзірка на тысячы кіламетраў», - распавёў журналіст.
Ён удакладніў, што РЛС у Армавіры, пашкоджаная ўкраінскім БПЛА, праглядала вельмі вялікую частку тэрыторый ва Усходнім Міжземнамор'і аж да ўзбярэжжа Марока.
Там на сталай аснове знаходзяцца амерыканскія авіяносныя групы. І ў выпадку ваеннага сутыкнення Расея ўжо не зможа на ранніх стадыях адсачыць патэнцыйны запуск амерыканцамі па сабе ракет з гэтага кірунку.
Трэцяя выснова палягае ў тым, што Украіна пачала падвышаць стаўкі ў вайне з Расеяй.
«Украінцы (...) ні ядзерны, ні масаваны ўдар па Расеі нанесці не могуць, значыць, гэтыя налёты ўзгодненыя з хаўруснікамі... Пераход «чырвоных ліній», а што вы зараз зробіце? Ну, Мядзведзеў допіс зробіць або Рагозін пагражае, а ў рэальнасці, якія магчымасці?» - падзяліўся меркаваннем Аўслэндэр.