27 чэрвеня 2024, Чацвер, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навуковец-хімік пракаментаваў затрыманне беларускіх школьнікаў

19
Навуковец-хімік пракаментаваў затрыманне беларускіх школьнікаў

«Іх затрымалі за дзіцячыя петарды».

На беларускай дзяржаўнай ТВ днямі паведамілі пра затрыманне некалькіх падлеткаў «за выраб выбухоўкі». Хімік Сяргей Бесараб патлумачыў, ці сапраўды названы склад рэчыва можна разглядаць як выбухоўку, паведамляе «Радыё Свабода».

Бесараб адзначыў: тое, як выбух выглядае на відэа, не характарызуе яго магутнасць і тое, да якіх разбурэнняў ён можа прывесці. Са слоў навукоўца, нават поліэтыленавы пакет з паветрам можа выклікаць выбух, калі наступіць на яго нагой і побач будзе пыл.

«Выбух - гэта хімічны працэс, які адбываецца вельмі хутка і пры якім вылучаецца велізарная колькасць энэргіі і моцна сціснутых газаў. Усялякае рэчыва, якое вылучае пры гарэнні газ, - ужо выбухоўка. Калі рассыпаць у пакоі дробны цукар ці муку, то яны могуць выбухнуць і выбіць вокны», - растлумачыў хімік.

У сюжэце пра затрыманне падлеткаў гаворыцца, што школьнікі напоўнілі бутэлечкі з-пад ёду самаробным порахам. Бесараб адзначыў, што самаробнаму пораху блізу 700 гадоў, гэта даўно вядомае рэчыва.

«Гэта сумесь калійнай салетры (угнаенне, якое прадавалася паўсюль), звычайнага вугалю з вогнішча і садовай серы, якой апрацоўваюць расліны ад шкоднікаў. Гэта элементарныя рэчывы», - дадаў экспэрт.

Паводле ягоных слоў, калі сумесь гэтых рэчываў змясціць у невялікую ёмістасць, яны падчас хімічнай рэакцыі разарвуць яе на часткі з гучным гукам і аскепкамі. Навуковец звярнуў увагу на тое, што петарды прадаюцца ў Беларусі ўжо дзясяткі гадоў. Ён сцвярджае, што ў фільме паказана, як затрыманыя падлеткі выраблялі тыя ж петарды, толькі самі, а не набывалі іх у краме.

«Хлопцаў затрымалі за самаробныя дзіцячыя петарды, а не за выбухоўку», - сказаў ён.

Што да выбуховага рэчыва «Кіса», якое было паказана ў сюжэце, то па-навуковаму яно называецца перакісам ацэтону. Сяргей Бесараб растлумачыў, што гэта рэчыва можа ўтварыцца ў працэсе акіслення ў фарбе, у некаторых касметычных рэчывах і выклікаць выбух. Перакіс ацэтону таксама з'яўляецца дазволеным харчовым дадаткам Е929, які выкарыстоўваюць у хлебе. Яго можна купіць легальна.

На думку хіміка, у такіх абставінах даволі складана ўявіць затрыманых падлеткаў як злачынцаў. Менавіта таму ў фільме паказаны нажы, свастыка і іншыя рэчы, якія павінны стварыць у гледача дрэнны вобраз затрыманых дзяцей.

Бесараб дадаў, што магутнасць выбуху залежыць не ад колькасці выбуховай сумесі, а ад ёмістасці, у якую яна змешчаная. Прычыніць шкоду могуць і петарды (набытыя ў краме ці зробленыя самастойна).

Аднак экспэрт мяркуе, што, калі б падлеткі хацелі прычыніць шкоду іншым людзям, ім было б дастаткова купіць у краме петарду, пакласці яе ў тую ж бутэльку з ёдам і падпаліць. Эфект ад выбуху быў бы такім жа. Аднак Сяргей Бесараб звярнуў увагу на тое, што хлопцаў чамусьці зацікавіла менавіта даследаванне хімічных рэчываў і працэсаў. Паводле ягоных слоў, для многіх хімікаў прафесійны шлях пачынаецца з цікавасці да піратэхнікі.

Ён падзяліўся ўспамінам аб тым, што пасля рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі ў 2000-я гады беларускія школьнікі спаборнічалі, хто будзе мець самы яркі выбух. І гэта адбывалася не ў лабараторных умовах. Так навучэнцы дзяліліся тым, чаму навучыліся за год.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках