28 верасня 2024, Субота, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Паглядзіце, якія чэргі стаяць па апастыль»

21
«Паглядзіце, якія чэргі стаяць па апастыль»

Прадпрымальнік не пакінуў шанцаў для Лукашэнкі.

Ці ўдасца ўладам развязаць праблему дэфіцыту кадраў за кошт стварэння прывабных умоў для працоўных пенсіянераў, і чаму беларусы не працуюць як кітайцы - «Філін» абмеркаваў з прадпрымальнікам Мікалаем Лысянковым.

На сустрэчы з кіраўніком праўладнай ФПБ Юрыем Сянько ў сераду Лукашэнка абмяркоўваў працу пенсіянераў, якія выйшлі на пенсію. Навацыя звязана з індывідуальным каэфіцыентам заработку (ІКЗ), паколькі цяпер для працоўных пенсіянераў звыш ІКЗ 1,3 пенсія не выплачваецца

Мікалай Лысянкоў нагадаў "Філіну", для чаго ўводзіўся гэты каэфіцыент для пенсіянераў.

- Новыя працоўныя месцы ў краіне не ствараліся, моладзі трэба было дзесьці працаваць. Для таго, каб пенсіянераў пасунуць, і моладзь не з'язджала з краіны, дзесяць гадоў таму ўвялі гэтыя каэфіцыенты, каб на пенсіі было нявыгадна працаваць

Цяпер у краіне чацвёрты год ідзе каласальны адток кадраў. Людзі з'язджаюць з розных прычын - палітычных, эканамічных. У краіне няма годнай працы. Людзі едуць у тую ж Польшчу, нават простыя працоўныя, і там заробак і ўзровень жыцця ў разы вышэйшы. Мы бачым ужо не першы год дэфіцыт кадраў - лічбы ўжо шасцізнакавыя.

Цяпер улады адмотваюць назад для таго, каб хоць пенсіянеры выйшлі на працу. Калі іх не прывабіць, эканоміка паляціць уніз, але нават пры гэтай меры яна будзе каціцца.

Чаму людзі з'язджаюць? Бо ўвялі санкцыі ў дачыненні да краіны, а гэта зрабілі з палітычных прычын. Пакуль не будзе палітычных змен, не будзе і эканамічных. Адпаведна, адток кадраў прадоўжыцца.

Нашая моладзь з'язджае за мяжу вучыцца, таму што не бачыць на радзіме перспектыў. Паглядзіце, якія чэргі стаяць па апастыль. А гэта будучыя кадры, якія праз пяць гадоў маглі б уключыцца ў работу і развіваць нашу эканоміку.

Але яны з'язджаюць за мяжу і, хутчэй за ўсё, тамака і застануцца працаваць.

У эканамічным плане Беларусь - самая бедная ў рэгіёне. Усе нашы суседзі лепш за нас выглядаюць. Тая ж Украіна ў стане вайны з Расеяй больш за 10 гадоў, і ў яе эканамічныя паказчыкі не горшыя, чым у нас.

Мікалай Лысянкоў сумняваецца, што шмат пенсіянеры прыйдуць на працу на прамысловыя прадпрыемствы менавіта таму, што ўвялі змены, звязаныя з індывідуальным каэфіцыентам заробку.

- Магчыма, хтосьці не пойдзе на пенсію, а працягне працаваць. Але гэта будуць адзінкі, а не сотні тысяч, якія неабходны. Праблему гэта не развяжа.

- Лукашэнка прывёў у прыклад кітайцаў, заявіўшы, што нашы так не працуюць і, напэўна, не будуць працаваць. З ягоных слоў «калі б мы блізка былі да працы і аб'ёмаў, якія выконваюць кітайскія працоўныя, мы б у некалькі разоў багацейшыя былі». Ці справядліва гэтае сцвярджэнне?

- Думаю, што гэта проста апраўданне сваіх памылак. Загубілі эканоміку і зараз спрабуем нечым апраўдаць. Калі краіна не развіваецца, няма тэхнічнага прагрэсу, тады патрэбны рабы.

Цяпер улады глядзяць у тым жа кірунку, як і Расея, то бок нам тэхналогіі не патрэбныя, давайце няхай людзі ўручную працуюць.

На Захадзе ўжо адыходзяць ад васьмігадзіннага працоўнага дня, імкнуцца рабіць 6-7-гадзінны. А мы — найбяднейшая краіна ў рэгіёне — і таму нам патрэбная ручная праца і пажадана бясплатная.

Патрэбны простыя рабочыя, якія бясплатна будуць працаваць. Ім нельга нікуды выязджаць, толькі будаваць сваю будучыню на месцы ў тых умовах, якія ёсць. Для нашай улады толькі такое выйсце з сітуацыі.

Думаю, што трэба не на кітайцаў раўняцца, а на немцаў, ангельцаў, палякаў. 30 гадоў таму Польшча эканамічна жыла горш за нас. Цяпер у Польшчы дагэтуль у абароце купюры 1994 года. Як былі 100 злотых 30 гадоў таму, так і засталіся.

Польшча нас перагнала, і зараз каб выжыць, беларусы ездзяць на заробкі ў Польшчу – чорнарабочымі, клубніцы збіраць…

Давайце яшчэ на Паўночную Карэю будзем раўняцца і глядзець, як тамака людзі працуюць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках