Ужо 500 дзён нічога не вядома пра Мікалая Статкевіча
12- 23.06.2024, 20:05
- 14,908

Што адбываецца з лідарам беларускай апазіцыі?
Сёння ўжо роўна 500 дзён няма ніякіх вестак пра лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча.
Пра гэта паведаміла жонка палітыка Марына Адамовіч:
«Сёння роўна 500 дзён поўнай невядомасці. 1484 дні за кратамі. Бездань. Бездань. Колькі чарнаты і зла, колькі нізкіх энэргій у гэта ўкладзена.
Але святло абавязкова разгоніць цемру. Сёння гэта асабліва відавочна.
Са святам Сашэсця Святога Духа! З Тройцай!».
Мікола Статкевіч быў асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт.293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
З пачатку ліпеня 2022 года - з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі - у яго было 23 спагнанні. Як мінімум 9 разоў ён трапляў у ШІЗА - на тэрміны ад 7 да 10 дзён. Новы год палітвязень сустрэў у ШІЗА.
Мікола Статкевіч змяшчаецца ў калоніі ў максімальна жорсткіх умовах: палітыка трымаюць у адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах. Стала вядома, што ў зняволенні Мікола Статкевіч двойчы перахварэў на COVID-19.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў зняпраўдзіць атрыманую ад некалькіх крыніц інфармацыю аб магчымай смерці ў турме Мікалая Статкевіча.
«Пакажыце Мікалая Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку - Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хаця б відэазванок!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», - заявіла Наталля Радзіна.
Падтрымайце палітвязня: ВК №13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.