ЕЗ дасць Арменіі вайсковую дапамогу
4- 22.07.2024, 12:34
- 4,744

Упершыню ў гісторыі.
Рада ЕЗ ухваліла дапамогу Узброеным Сілам Арменіі ў рамках Еўрапейскага фонду міру (EPF) на 10 млн еўраў. Гэта першае падобная пастанова Еўразвязу, паведамляе zn.ua са спасылкай на прэс-рэліз Рады.
Адзначаецца, што гэта дапамога павінна ўзмацніць матэрыяльна-тэхнічны патэнцыял армянскага войска і паспрыяць паляпшэнню абароны цывільных асоб у крызісных і надзвычайных сітуацыях. Таксама з дапамогай такой падтрымкі Ерэван зможа зрабіць свае войскі больш сумяшчальнымі з заходнімі, каб далей ён змог удзельнічаць у супольных з ЕЗ аперацыях.
"Мы маем узаемную цікавасць у далейшым пашырэнні нашага дыялогу ў замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі, таксама разглядаем будучы ўдзел Арменіі ў місіях і аперацыях пад кіраўніцтвам ЕЗ", — заявіў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль.
Раней СМІ паведамлялі, што ў ЕЗ прынялі пастанову аб пачатку перамоў аб бязвізе з Арменіяй. Крыніцы паведамілі, што візавы рэжым скасуюць толькі пры поўным выкананні Ерэванам усіх неабходных крытэрыяў Еўразвязу, што зойме некалькі гадоў.