5 кастрычнiка 2024, Субота, 10:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы пакет санкцыяў: стала вядома, якія аўто нельга будзе ўвозіць у Беларусь

26
Новы пакет санкцыяў: стала вядома, якія аўто нельга будзе ўвозіць у Беларусь

Не толькі аўто з аб'ёмам рухавіка больш за 1,9 літра.

У апублікаваным днямі рэгламенце Еўразвязу сотні мытных кодаў тавараў, якія нельга пастаўляць у Беларусь. Сярод іх з дзясятак тычыцца транспартных сродкаў. «Наша ніва» паглядзела, якія аўто трапляюць пад забарону на экспарт у Беларусь.

Звяз адзін, а патрабаванні розныя

Прынамсі пакуль у Польшчы, Літвы і Латвіі дзейнічаюць розныя патрабаванні па афармленні экспарту машын і іншых транспартных сродкаў у Беларусь.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Польшча яшчэ з 23 красавіка не выпускае ў Беларусь любыя аўто з аб'ёмам, большым за 1,9 літра, незалежна ад цаны, года выпуску і іншых параметраў.

Літва з 4 чэрвеня спачатку поўнасцю спыніла пропуск аўто ў Беларусь узростам да 5 гадоў. Але ўжо бліжэй да сярэдзіны месяца дала зялёнае святло машынам з абʼёмам да 1,9 літра ва ўзросце да 5 гадоў. Таксама без абмежаванняў ехалі машыны, старэйшыя за 5 гадоў, незалежна ад абʼёму і тыпу рухавіка.

Па Латвіі інфармацыі вобмаль. Адныя сцвярджаюць, што там такія ж патрабаванні, як і ў Літве. Іншыя кажуць, што праз гэтую краіну дагэтуль выязджаюць падсанкцыйныя ў Расіі аўто.

Што дакладна нельга

Выглядае, што новы пакет санкцый і падрабязны рэгламент ЕЗ, прыняты 29 чэрвеня, павінен прынесці яснасць. Але гэта не дакладна.

Адзіны рэгламент Еўразвязу падрабязна апісвае, якія аўтамабілі забароненыя для экспарту ў Беларусь. У ім зʼяўляецца такі новы важны параметр, як вышыня дарожнага прасвету (клірэнс).

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пад забарону трапляюць:

– любыя аўто, даражэйшыя за 50 тысяч еўра;

– аўтамабілі з абʼёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, з клірэнсам, вышэйшым за 165 міліметраў (за выключэннем аўтамабіляў хуткай дапамогі);

– электрамабілі і гібрыды з клірэнсам, вышэйшым за 165 міліметраў.

Якія транспартныя сродкі засталіся «прахаднымі»

Для ўвозу праходзяць па рэгламенце:

– любыя аўтамабілі коштам да 50 тысяч еўра з абʼёмам рухавіка да 1,9 літра незалежна ад году выпуску і вышыні дарожнага прасвету (клірэнсу);

– аўтамабілі з абʼёмам рухавіка ад 1,9 літра і з вышынёй дарожнага прасвету (клірэнсу) да 165 мм;

– матацыклы коштам да 5 тысяч еўра.

Што атрымліваецца ў выніку?

З параметраў рэгламенту вынікае, што ў Беларусь больш немагчыма будзе прыгнаць большасць паркетнікаў, уседарожнікаў і мікрааўтобусаў. Усё праз тое, што ўсе яны маюць больш высокі дарожны прасвет, чым дазваляе рэгламент.

Выключэнне толькі для тых мадыфікацый, дзе ёсць рухавік з абʼёмам да 1,9 літра, а такіх не так ужо і шмат.

Сярод папулярных мадэляў з Еўропы гэта: VW Tiguan, Nissan Qashqai, Renault Kadjar, Audi Q3. Са Штатаў – Ford EDGE, Escape, GMC Terrain, Buick Encore.

Усе іншыя ўседарожнікі – такія, як BMW X3, Х5, Audi Q5, Q7, VW Touareg – прывезці ў Беларусь немагчыма. Прынамсі легальным чынам без схематозаў з дастаўкай праз Турцыю.

Забываемся не толькі на джыпы, але і на мікрааўтобусы

Апроч уседарожнікаў, пад забарону на экспарт трапіў амаль увесь камерцыйны транспарт. Сярод грузавых бусаў, нават пад катэгорыю «В», амаль адсутнічаюць варыянты з абʼёмам матора, меншым за 1,9 літра. Таму праз патрабаванні па клірансе пад санкцыямі апынуліся амаль усе мікрааўтобусы.

З іншага боку, рэгламент дазваляе экспарт у Беларусь легкавікоў з абʼёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, клірэнсам да 16,5 см і коштам да 50 тысяч еўра ў незалежнасці ад года выпуску. Але санкцыі забараняюць пастаўкі такіх аўто ў Расею, таму тут ёсць нюанс.

Уседарожнік BMW і мікрааўтобус VW. Аб прыгоне падобных аўто з Еўропы можна забыцца. Фота: «Наша Ніва»

Хоць з рэгламенту вынікае, што сітуацыя не такая ўжо і дрэнная і нават крыху лепшая за расейскую, на практыцы ніякіх пазітыўных змен у дачыненні да машын з вялікім абʼёмам рухавіка можа не адбыцца.

Фармальна ні Польшча, ні Літва не забаранялі экспарт у Беларусь машын з рухавіком, большым за 1,9 літра. Проста для афармлення такіх машын яны пачалі патрабаваць паказаць даведку ад аўтавытворцы, каб быць упэўненымі, што такое аўто не накіроўваецца ў Расею. Атрымаць такі дакумент фактычна немагчыма.

Таму нельга выключаць, што аўтамабілі з абʼёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, гібрыды і электрамабілі да 5 гадоў так і не будуць выпускаць у Беларусь, паколькі пакупнікі не змогуць паказаць еўрапейскай мытні даведку ад аўтавытворцаў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках