18 жнiўня 2024, Нядзеля, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Беларусь наступае залацісты баравік

6
На Беларусь наступае залацісты баравік

Грыбнікі не перастаюць дзівіцца.

Беларускія грыбнікі працягваюць дзівіцца знаходкам залацістага баравіка. Але больш дасведчаныя іх калегі сцвярджаюць, што гэты грыб у нас расце ўжо даўно. Навукоўцы ж гавораць, што залацісты баравік распаўсюджваецца з хуткасцю 100 км на год, і яго не спыніць. А ці трэба гэта ўвогуле рабіць? Разбіралася выданне «Першы».

Грыбы «не моцна частыя»?

Міхаіл Раманюк паказаў на грыбным форуме, якія прыгожыя залацістыя баравікі знайшоў у Берасцейскім раёне.

«Вось такія залацістыя баравікі. На самай мяжы з Польшчай. Падумаў, можа каму цікава. Грыбы не моцна частыя», - распавёў Міхаіл.

Але адмін групы грыбнікоў Беларусі Алена Шэхава кажа, што такія грыбы ўжо ёсць не толькі на поўдні Беларусі, збіраюць і ў Менскай вобласці. Некаторыя грыбнікі ставяцца да гэтых баравікоў скептычна, гавораць, на смак горшыя, чым традыцыйна беларускія.

Некаторыя медыі працягваюць пісаць, пра гэты грыб, як пра рэдкі. «Пад Гародняй знайшлі…», «У Іванаўскім раёне знойдзены…». Але насамрэч, гэты грыб ужо даўно ў Беларусі не здзіўляе дасведчаных грыбнікоў.

Пётр Лель расказаў, што ў Кобрынскім раёне такія баравікі збірае з 2019 года. Ён згодны, што залацістыя саступаюць па смакавых якасцях нашым белым, але ўсё ж, яны лепшыя за некаторыя іншыя грыбы.

«За гэты час папуляцыя разраслася ў гэтым урочышчы з 10 сотак да 15 га. Знайшоў яшчэ ў трох урочышчах раёна. Смак выдатны ва ўсякай апрацоўцы. Як я пісаў летась, залацісты саступае беламу, але адназначна лепшы за чырвонагаловік і падбярозавік», - кажа Пётр Лель.

«Грыб з разарваным арэолам»

Часцей за ўсё грыб сустракаецца ў Паўночнай Амерыцы. Таму яго і ўважаюць за занесены. Але ў апошні час арэол яго пасялення выглядае значна шырэй, чым меркавалася раней. Даследчык грыбоў Міхаіл Вішнеўскі кажа, што гэты грыб ужо дзясятак гадоў збіраюць у Калінінградскай вобласці. Даўно расце і ў Літве.

«Мы абмеркавалі гэтую знаходку з балгарскім міколагам (балетолагам) Барысам Асёвым. Як і я, ён думае, што залацісты баравік - грыб з разарваным арэолам і, адпаведна, не занесены з Паўночнай Амерыкі, а спрадвечны еўрапейскі від. Між тым літоўскія грыбнікі сцвярджаюць, што грыб з'явіўся на літоўскай частцы Куршскай касы амаль 20 гадоў таму пасля таго, як з Канады прывезлі саджанцы хвоі», - піша Міхаіл Вішнеўскі.

Даследчык кажа, што залацісты баравік нясе ў сабе рысы чырвонагаловіка (скурка, якая выступае за краі капялюшыка) і белага грыба.

«Мы не можам спыніць яго распаўсюджванне»

У 2023 годзе міколаг Тартускага ўніверсітэта з Эстоніі Лехо Тэдэрсоа распавёў, што залацісты баравік распаўсюджваецца ў краіне з хуткасцю да 100 км на год.

«Магчыма, ён быў завезены ў Еўропу з Амерыкі з саджанцамі хвоі, як відаць, Літва, была адным з першых месцаў. У Літве ён распаўсюдзіўся ў месцах вырастання хвоі звычайнай і па хваёвых лясах з пясчанай глебай паспяхова дабраўся і да Эстоніі», - распавёў Тэдэрсоа.

З яго слоў, нічога не застаецца, як прыняць новы від як непазбежнасць:

«Мы не можам спыніць яго распаўсюд. На шчасце, для аматараў грыбоў гэтая непазбежнасць вельмі дадатная. Калі б замест яго распаўсюдзіўся вельмі атрутны баравік, то наступствы былі б вельмі трагічнымі».

Прагнозы спраўджваюцца: грыб прыжываецца

Намеснік дырэктара Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык яшчэ ў 2018 годзе прагназаваў, што гэты грыб прыжывецца ў нашых лясах. З яго слоў, залацісты баравік можна аднесці да першай катэгорыі ядомых грыбоў. Пры гэтым, у адрозненне ад звычайных белых, ён рэдка бывае чарвівым, таму павінен палюбіцца грыбнікам.

«Грыб вельмі эстэтычны, смачны - аматары ціхага палявання могуць смела напаўняць ім свае кошыкі. На месцы, дзе быў знойдзены залацісты баравік, разраслася добрая папуляцыя. Грыб гэты заўважалі і ў верасні, і ў кастрычніку (2018) - ужо як мінімум дзве яго генерацыі прайшлі. Гэта гарантыя таго, што прышэлец прыжывецца ў нашых лясах», - казаў Віктар Дзямянчык.

Можна смажыць і без варэння. Галоўнае, не пераблытаць з іншымі

Падчас варэння залацісты баравік захоўвае свой светла-жоўты колер. У гатовым выглядзе мае злёгку саладкавы смак.

Паводле слоў Віктара Дзямянчыка, залацісты баравік абсалютна бясшкодны для здароўя, калі, вядома, не вырас каля хімічнага прадпрыемства або побач з трупам жывёлы. Але, як і іншыя грыбы, яго трэба падвяргаць тэрмічнай апрацоўцы.

Пры гэтым, міколаг з Латвіі Ініта Даніэле кажа, што, як і баравікі і падбярозавікі, залацістага баравіка можна смажыць без папярэдняга варэння. Дарэчы, у Латвіі гэты баравік называюць яшчэ і канадскім.

Таксама, грыбнікам варта памятаць, што важна не пераблытаць залацісты баравік з падобным вонкава баравіком прыгожым, які неядомы праз горыч. І ёсць падобны атрутны сатанінскі грыб.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках