18 жнiўня 2024, Нядзеля, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жаўнераў тэрміновай службы з усіх рэгіёнаў Расеі масава адпраўляюць у Курскую вобласць

17
Жаўнераў тэрміновай службы з усіх рэгіёнаў Расеі масава адпраўляюць у Курскую вобласць

Іх прымушаюць падпісваць кантракты, а дакументы падрабляюць.

Спрабуючы стрымаць наступ Украіны ў Курскай вобласці Расея масава адпраўляе туды жаўнераў тэрміновай службы, нягледзячы на неаднаразовыя абяцанні расейскага дыктатара Пуціна, што яны не будуць удзельнічаць у баявых дзеяннях, піша Financial Times.

«Людзі ў жаху. Мы заваленыя просьбамі і ледзь паспяваем. Гэта пачалося ў некаторых рэгіёнах, але цяпер зразумела, што навабранцаў мабілізуюць з усёй Расеі», - сказаў FT Іван Чувілаеў, прадстаўнік расейскай грамадскай арганізацыі «Ідзіце лесам», якая дапамагае расейцам пазбегнуць мабілізацыі і ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

«Першай сілай на Курскім кірунку былі памежныя войскі ФСБ, байцы Ахмата з Чачэніі, мясцовыя наземныя падраздзяленні, выведзеныя з Маскоўскай або Ленінградскай вайсковых акруг. Цяпер яны прыцягнулі дадатковыя сілы, падпарадкаваныя Ленінградскай і Маскоўскай вайсковым акругам - частка з іх - тэрміновай службы», - распавяла выданню Дара Масікот, старэйшая навуковая супрацоўніца Фонду Карнегі за міжнародны мір.

У артыкуле адзначаецца, што, паводле звестак ваенных аналітыкаў і паведамленняў у расейскіх праваенных сацыяльных сетках, Масква, магчыма, перакінула некалькі батальёнаў з Украіны, у тым ліку Харкаўскую, Луганскую і Запарожскую вобласці, у Курскую вобласць. Са слоў міністра абароны Літвы, яна таксама перадыслакавала войскі са сваёй Калінінградскай вобласці. Але Расея ў асноўным пакінула некранутымі свае сілы ў Данецку, дзе яны працягваюць наступаць.

FT адзначае, што тэмпы ўварвання Украіны на мінулым тыдні замарудзіліся, але ўкраінскія вайскоўцы ўсё адно прасоўваюцца на некалькі кіламетраў у дзень углыб тэрыторыі Расеі. Таксама выданне нагадвае, што ўкраінскія войскі разбурылі ключавы мост праз раку Сейм і атакавалі іншыя масты, што можа значна ўскладніць расейскім войскам абарону паласы Курскай вобласці на захад ад асноўнага ўварвання Украіны.

У той жа час, журналісты канстатуюць, што, нягледзячы на пасоўванне ўкраінскіх войскаў расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін не жадае перакідваць значныя рэсурсы з Украіны.

«Пуцін спадзяецца стрымаць прасоўванне Украіны пераважна сіламі тэрміновай службы. Але ці змогуць яны адкінуць украінскія войскі? Сумняваюся», - сказаў расейскі вайсковы аналітык Юры Фёдараў.

Паводле ягоных слоў, розныя кантынгенты, якія Расея сабрала ў Курскай вобласці, не мелі досведу супольнай барацьбы і не мелі часу вучыцца. Таксама, паводле ягоных слоў, нават пасля падмацавання на мінулым тыдні расейскіх сіл у рэгіёне ўсё яшчэ было значна менш, чым украінскіх, хаця Расея мае падтрымку з паветра.

«Расеі, відавочна, няпроста закрыць прабел у Курску. У другой палове 2023 года яны ўжо перадыслакавалі асабовы склад з іншых родаў войскаў [ва Украіну]. Дасылалі людзей з флоту, з касмадрома Плясецк і гэтак далей», - сказаў Павел Лузін, пазаштатны старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра аналізу еўрапейскай палітыкі.

Выданне адзначае, што расейскія жаўнеры тэрміновай службы, колькасць якіх, паводле ацэнак Лузіна, складае 300 тысяч чалавек, з'яўляюцца «ці не адзіным значным рэзервам, даступным Крамлю».

FT нагадвае, што Пуцін неаднаразова заяўляў, што жаўнеры тэрміновай службы не будуць адпраўляць у зону баявых дзеянняў, а паводле расейскага заканадаўства, іх могуць накіраваць туды толькі калі яны праслужылі больш за чатыры месяцы і маюць спецыяльныя навыкі.

«Але закон можна лёгка парушыць», - гаворыцца ў артыкуле.

«Навабранцаў прымушаюць падпісваць кантракты, а дакументы падрабляюць, каб выглядала, быццам яны служаць даўно», - распавёў Чувілаеў «Ідзіце лесам».

Ён дадаў, што, паводле звестак ягонай арганізацыі, з воінскай часці ў Ленінградскай вобласці ў Курскую вобласць перакінулі больш як 250 чалавек.

«Мы атрымалі запыты ад вайсковаабавязаных прынамсі з 10 частак, таму можна сказаць, што перамешчана блізу 1000 чалавек», – сказаў таксама Чувілаеў.

Тое, што ў Курскай вобласці ваююць жаўнеры тэрміновай службы, пацвердзіў і дэпутат Дзярждумы РФ Андрэй Гурулёў.

«Мне шкада хлопцаў - без сумневу. Але мы раней з імі ваявалі. У Афганістане не было кантрактнікаў. Ці былі ў Чырвонай арміі кантрактнікі?» - сказаў ён.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках