18 жнiўня 2024, Нядзеля, 21:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка вымушаны апраўдвацца

5
Лукашэнка вымушаны апраўдвацца

Пра справаздачу перад Крамлём.

Вельмі даўно Лукашэнка не даваў інтэрв'ю замежным СМІ. Мабыць, няма асабліва ахвочых з ім размаўляць. Ён стаў малацікавы: усё, што мог, ужо нагаварыў за 30 гадоў. Цяпер толькі паўтарае сам сябе ў розных варыяцыях. Але зараз - асаблівы выпадак.

Мяркуючы з усіх, тых дзеянняў, якія актыўна дэманстравалі беларускія ўлады 10-12 жніўня, каб паказаць Расеі саюзніцкую вернасць, Маскве падалося недастаткова. Трэба было тэрмінова рабіць нешта яшчэ, бо ў Крамлі засталіся незадаволеныя. Магчыма, расцанілі актыўнасць афіцыйнага Менска як паказную, фармальную, разлічаную на знешні эфект.

І беларускія ўлады прыдумалі. 15 жніўня ў Менск тэрмінова запрасілі вядомага прапагандыста і вядучага грамадска-палітычнага ток-шоу "60 хвілін", дэпутата Дзяржаўнай думы РФ Яўгена Папова, каб узяць інтэрв'ю ў Аляксандра Лукашэнкі для тэлепраграмы “Большие воскресные вести” на тэлеканале "Расія". Інтэрв'ю працягвалася блізу дзвюх гадзін. Толькі ў нядзелю з’явілася яго поўная версія.

Галоўны пасыл, які хацеў данесці беларускі дыктатар да Крамля і расейскай эліты, дзеля чаго, відавочна, і было арганізавана гэтае інтэрв'ю, наступны: “Гэта агульная — Беларусі і Расеі — вайна супраць гэтых звяроў… стаім спінай да спіны… мы не дазволім расейцам у спіну страляць”.

На працягу апошніх тыдняў расейскія блогеры не раз папракалі Лукашэнку: маўляў, адвёў свае войскі ад украінскай мяжы, у выніку чаго камандаванне Украіны, вызваліла вайсковыя падраздзяленні і накіравала ў Курскую вобласць. Лукашэнка запэўнівае, што зараз беларускія войскі выстаўленыя да мяжы (“траціну войска мы ўвялі”), украінцы вымушаныя рэагаваць, такім чынам Беларусь дапамагае расейцам у Курскай вобласці. Ён кажа: “Яны ж (украінцы - заўв.) перакінулі падраздзяленні да нашай мяжы дадаткова, калі ўбачылі, што мы фармуем адпаведныя падраздзяленні на мяжы.

Лукашэнка казаў усё так, каб спадабацца расейскай аўдыторыі: «Імперыю гэтую яшчэ ніхто не перамагаў і не пераможа - Расею».

Зноў вярнулася ваяўнічая рыторыка на адрас Захаду. Заходніх палітыкаў Лукашэнка назваў “звярамі”, “вар'ятамі”, “шаленцамі”, “нацыстамі”. Гучалі традыцыйныя пагрозы, у тым ліку, чарговы раз абяцаў выкарыстаць ядзерную зброю ў нейкай крытычнай сітуацыі.

Лукашэнка ўсяляк падкрэсліваў сваю асаблівую ролю ў расейскай палітыцы. “Мы з прэзідэнтам Пуціным…” – рэфрэнам гучала праз усё інтэрв'ю.

На хаду арганізаванае інтэрвію стала своеасаблівай формай апраўдання і справаздачы перад Крамлём.

Але гэтым справа не абмежавалася. 16 жніўня, праз 10 дзён пасля пачатку ўкраінскімі вайскоўцамі Курскай аперацыі, Лукашэнка нарэшце правёў нараду аб пытаннях вайсковай бяспекі. Падчас якой міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў аб "высокай імавернасці ўзброеных правакацый з боку Украіны". Такая вось запозненая дэманстрацыя салідарнасці з Расеяй.

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках