27 жнiўня 2024, aўторак, 22:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паўднёвая Карэя ўслед за Францыяй абвясціла аб прэтэнзіях да Telegram

12
Паўднёвая Карэя ўслед за Францыяй абвясціла аб прэтэнзіях да Telegram

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі выступіў з заявай.

Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Юн Сук Ёль заклікаў да дбайнага расследавання злачынстваў сексуальнага характару ў лічбавым асяроддзі пасля таго, як мясцовыя СМІ паведамілі, што ў чатах Telegram часта сустракаюцца фэйкавыя адкрытыя выявы і відэа з удзелам паўднёвакарэйскіх жанчын, піша Reuters.

Камісія па стандартах сувязі, дзяржаўны рэгулятар СМІ, плануе правесці 28 жніўня пасяджэнне, каб абмеркаваць захады ў барацьбе з такім кантэнтам і яго распаўсюджвальнікамі. «Гэта эксплуатацыя тэхналогій з апорай на абарону ананімнасці. Гэта відавочнае крымінальнае злачынства», - сказаў Юн падчас пасяджэння кабінета міністраў. Пры гэтым ён казаў аб сацыяльных сетках агулам і наўпрост Telegram не згадваў.

За першыя сем месяцаў гэтага года паўднёвакарэйская паліцыя зарэгістравала 297 злачынстваў сексуальнага характару, учыненых з выкарыстаннем дыпфэйкаў. Гэта на 117 больш, чым летась. Большасць абвінавачаных былі падлеткамі і людзьмі ва ўзросце ад 20 гадоў. Адмысловы рэзананс атрымаў аналіз газеты Hankyoreh, якая вывучыла каналы Telegram, дзе распаўсюджваліся фэйкі з удзелам студэнтак універсітэтаў, а таксама вучаніц сярэдніх і старэйшых класаў.

Прафзвяз настаўнікаў і работнікаў адукацыі Карэі заявіў на гэтым тыдні, што яму стала вядома аб некаторых выпадках, калі ахвярамі такіх маніпуляцый станавіліся школьнікі. Ён заклікаў расследаваць гэтае пытанне. У сваю чаргу Цэнтр падтрымкі ахвяр сексуальнага гвалту ў войску паведаміў пра жанчын-вайскоўцаў, якія пацярпелі ад такіх фэйкаў у чатах Telegram.

Рэпутацыя мэсэнджара ў Паўднёвай Карэі была падмочаная пасля таго, як праваахоўнікі раскрылі сетку Nth room, якая шантажавала людзей іх адкрытымі фатаграфіямі ў чатах прыкладання, схіляючы да сексуальнага рабства. У 2020 годзе верхавод групоўкі Чо Джу Бін быў прыгавораны да 40 гадоў турмы. Яго ахвярамі сталі сама меней 74 жанчыны, у тым ліку 16 падлеткаў.

Аб прэтэнзіях Паўднёвай Карэі да Telegram стала вядома на фоне арышту яго распрацоўніка Паўла Дурава ў Францыі. Ураджэнец Расеі быў затрыманы ў рамках расследавання супрацьпраўнага выкарыстання мэсэнджара. У справе 12 эпізодаў, сярод іх - распаўсюджванне дзіцячай парнаграфіі і хакерскіх праграм, наркагандаль, махлярства, адмыванне грошай, адмова ад супрацоўніцтва з уладамі і выкарыстанне крыптавалютных інструментаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках