У Гародні пенсіянер згодна з распіскай аддаў буйную суму «Нацбанку»
3- 27.08.2024, 20:51
- 6,042
Ашуканцы падманулі і яго, і 65-гадовую кур'ерку.
Жыхар Гародні паверыў махлярам і пазбавіўся вялікай сумы грошай, паведамілі ва УУС Гарадзенскага аблвыканкама. Тысячы рублёў, еўраў і даляраў мужчына перадаў згодна з распіскай 65-гадовай кур'ерцы, якую таксама падманулі. Але на яе ўсё роўна завялі крымінальную справу.
У сярэдзіне жніўня 81-гадоваму жыхару Гародні патэлефанавалі невядомыя, прадставіліся супрацоўнікамі Нацыянальнага банка. Яны сказалі, што ён павінен аддаць грошы "для далейшага дэкларавання кур'еру".
22 жніўня да мужчыны прыехала 65-гадовая гарадзенка. Яна забрала ў пенсіянера 9 600 еўраў, 3200 даляраў і 11 000 рублёў і нават склала адпаведную распіску на аркушы са сшытка.

«Далей гэтыя грошы жанчына праз інфакіёск адправіла на замежныя рахункі. У грамадзянкі на руках засталося толькі 150 даляраў і 1 000 беларускіх рублёў, бо гэтыя грашовыя сродкі не прыняў апарат», - распавялі ў міліцыі.
На наступны дзень мужчына западозрыў нядобрае і звярнуўся ў міліцыю. Кур'ерку затрымалі - яна расказала, што ёй самой некаторы час таму на мэсанджар патэлефанавалі нібыта супрацоўнікі Нацыянальнага банка і папрасілі дапамагчы ў злове ашуканцаў. Грошы яна забрала, прытрымліваючыся іх указанняў.
Дзеянні жанчыны кваліфікавалі паводле артыкула аб махлярстве, учыненым у асабліва вялікай суме. Ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.