У ЗША стварылі праграму, якая дазваляе за хвіліну наводзіць дроны на цэль
4- 30.08.2024, 18:44
- 4,050
Shrike выкарыстоўвае тэхналогію штучнага інтэлекту.
Армейская фабрыка ПЗ ЗША распрацавала новае праграмнае забеспячэнне Shrike для беспілотнікаў. Яно скарачае час навядзення на цэль да 1 хвіліны.
Пра гэта паведамляе Interesting Engineering.
Shrike ў сваёй працы выкарыстоўвае тэхналогію штучнага інтэлекту. Менавіта яна дазваляе распазнаваць цэль дзякуючы абмежаванай інфармацыі. Сістэма збірае звесткі і аўтаматычна стварае запыт на адкрыццё агню. А ўжо карыстач можа ўхваліць ці адхіліць.
Калі робат заканчвае місію, можа прасканаваць тэрыторыю, правесці ацэнку пашкоджанняў у баі і згенераваць яшчэ адну агнявую місію.
Упершыню Shrike прадэманстравала 2-я брыгада 101-й паветрана-дэсантнай дывізіі ЗША. Падчас прэзентацыі салдаты кіравалі дронам і прымацаванай да яго прыладай з ПЗ. Яны праляталі над аўтапаркам і сканавалі яго.
Як расказаў камандуючы 101-й паветрана-дэсантнай дывізіяй генерал-маёр Брэт Сільвія, дзякуючы першаму сканаванню падчас паўторнага палёту можна выявіць скрытыя і замаскаваныя транспартныя сродкі і вызначыць іх тып.
Паводле звестак выдання, вайскоўцам ЗША звычайна неабходна ад пяці да васьмі хвілін для ідэнтыфікацыі і навядзення набояў на цэль. Але новае ПЗ паменшыла гэты час да хвіліны.