У акно віцебскай гімназіі заляцела рэдкая для Беларусі лясная птушка
3- 7.08.2024, 21:08
- 12,118
Фотафакт.
У адну з віцебскіх гімназій заляцела самка глушца. Птушка ўдарылася ў шыбу, разбіла яе і паранілася аб аскепкі, піша мясцовае выданне «Віцьбічы».
«Гісторыя з самкай глушца закончылася шчасна. Пра дзіўную госцю педагогі і навучэнцы паведамілі эколагам, і яе даставілі ў заапарк. Яна акрыяла і была перададзеная ў Налібоцкую пушчу. Там размешчаны гадавальнік у аднаўленні папуляцыі глушцоў», – гаворыцца ў паведамленні.
Адкуль у горадзе ўзяўся глушэц, невядома. Адзначаецца, што гэтая птушка ў беларускіх лясах і нават у Белавежскай пушчы сустракаюцца нячаста, яны выбіраюць для гнездавання глухія непраходныя гушчары, лётаюць цяжка і не робяць вялікіх пералётаў, амаль усё жыццё могуць пражыць у адным лесе, дзень праводзяць на зямлі, а ноч – на дрэвах.
Глушэц распаўсюджаны ў Беларусі вельмі нераўнамерна, больш часта сустракаецца ў паўночных раёнах і на ўсходзе. Да 2020 года колькасць асобінаў гэтай птушкі ацэньвалася на 8000–9000. Спецыялісты гавораць, што гэты паўночны від у сувязі са змяненнем клімату паступова ў Беларусі знікае.